49–60 месяцаў — радасць зносін
Развіццё дзіцяці ў перыяд з 49-га па 60-ы месяц
Зносіны
Што новага?
Гэта вельмі хвалюючы перыяд як для вас, так і для вашай дзяўчынкі, паколькі ў яе інтэнсіўна развіваецца маўленне. У гэтым узросце ёй, верагодна, падабаецца расказваць гісторыі, яна атрымлівае задавальненне ад размоў. Ваша дзяўчынка можа часта гаварыць пра тое, што адчувае, дзяліцца сваімі ідэямі і задаваць пытанні.
Да пачатку пятага года яна можа ведаць некалькі сотняў слоў і выкарыстоўваць сказы, якія складаюцца як мінімум з пяці-шасці слоў. Звычайна ваша дзяўчынка гаворыць выразна і вы разумееце, што яна кажа. Бліжэй да пяці гадоў сказы ў яе маўленні стануць больш доўгімі і складанымі, яна будзе ведаць значна больш слоў.
Што вы можаце зрабіць?
Кожнае дзіця індывідуальна — ваша дзяўчынка можа быць як гаваркой, так і маўклівай. Якім бы ні быў яе настрой, заўсёды заахвочвайце яе словамі. Чым больш вы з ёй размаўляеце, тым больш яна хоча з вамі мець зносіны. Калі дзіця бачыць, што дарослым з ім падабаецца размаўляць, то яму таксама гэта пачынае падабаецца. Ваша дзяўчынка не ўсе свае думкі можа выказаць словамі, набярыцеся цярпення, часам вам трэба будзе крыху дапамагчы: «О, гэта тое, у што ты гуляла са сваім сябрам? Што яшчэ ты зрабіла? Ты кінула мяч?». Пагаварыце пра звычайныя рэчы, якія адбываюцца кожны дзень: што вы робіце, дзе былі, што плануеце, што вам падабаецца, а што не. Калі чытаеце кнігі ці расказваеце гісторыі, вы можаце задаваць пытанні пра тое, што адбываецца. Маляванне і гульня — гэта таксама спосабы зносін, якія могуць дапамагчы дзецям, што часам не хочуць размаўляць.
Пачуцці
Што новага?
У гэты перыяд дзіця пачынае вучыцца выказваць розныя пачуцці ў пэўных сітуацыях. Ваша дзяўчынка можа знаходзіць усё больш і больш спосабаў выражэння эмоцый — праз маўленне, тлумачэнні, жэсты або гульню. Яна ўжо можа расказаць пра тое, што яе турбуе, замест таго каб крычаць ці біць.
У гэтым узросце дзецям звычайна падабаецца, калі іх акружаюць і іншыя людзі. Вы можаце назіраць, як ваша дзяўчынка хоча зрабіць прыемнае сваім сябрам і быць такой жа, як яны. Уяўныя таварышы могуць па-ранейшаму быць важнай часткай яе развіцця, хоць сапраўдныя сябры для яе важней за ўсё. Ваша дзяўчынка ўсё лепш і лепш ладзіць з іншымі дзецьмі. Хутчэй за ўсё, вы ўбачыце, як яна просіць прабачэння, прымае агульныя правілы, чакае сваёй чаргі і радуецца, калі ў іншых здараюцца прыемныя падзеі. Нягледзячы на тое, што ваша дзяўчынка ўсё яшчэ можа быць даволі патрабавальнай або нецярплівай, яна часцей супрацоўнічае і хоча дапамагчы іншым дзецям. У той жа час яе могуць турбаваць новыя ўражанні, напрыклад, пры паступленні ў дашкольную ўстанову або ў гульнях з новымі дзецьмі.
Што вы можаце зрабіць?
Падахвочвайце прымаць удзел у розных паўсядзённых занятках, такіх як сямейныя справы, гульні і зносіны з іншымі дзецьмі. Дзяліцеся сваімі радасцямі. Стварайце магчымасці для таго, каб ваша дзяўчынка адчувала сябе карыснай і важнай — невялікая дапамога з яе боку пры выкананні хатняй працы, якая суправаджаецца пахвалой, павысіць яе ўпэўненасць у сабе. Пазбягайце крытыкі і хваліце намаганні. Калі ёй спатрэбіцца дапамога, дайце дакладныя інструкцыі і тлумачэнні.
Калі ваша дзяўчынка пазбягае чагосьці новага або баіцца хадзіць у дзіцячы сад, дайце ёй час прывыкнуць да новай сітуацыі і магчымасць паспрабаваць гэта пазней, калі яна будзе гатова.
Мысленне
Што новага?
Гульня па-ранейшаму застаецца для дзіцяці спосабам даведацца больш пра сябе і пра навакольны свет. У гэтым узросце ваша дзяўчынка будзе актыўна выкарыстоўваць сваё ўяўленне. Верагодна, ёй будзе падабацца спяваць, танцаваць і прыкідвацца. Яна лепш разумее розніцу паміж уяўным і рэальным. Аднак у той жа час можа ўтаіць праўду ад вас, калі зрабіла нешта, што вам не спадабаецца. У сваёй гульні ваша дзяўчынка можа спрабаваць розныя ролі і мадэлі паводзін, напрыклад урача або настаўніка. У гэты перыяд дзіця пачынае лепш усведамляць свой пол і гендэрныя ролі.
У гэтым узросце дзецям цікава вывучаць як сваё, так і чужое цела. У іх з'яўляецца цікаўнасць да целавых асаблівасцей хлопчыкаў і дзяўчынак. Вы можаце стаць сведкам таго, як ваша дзяўчынка з цікавасцю разглядае свае палавыя органы, а таксама палавыя органы іншых дзяцей.
У гэты перыяд паняцці дзіцяці хутка развіваюцца і з'яўляюцца асновай для далейшага пазнання. Ваша дзяўчынка лепш разумее супрацьлегласці, напрыклад нізкі/высокі, можа назваць многа літар і лічбаў і напісаць некаторыя з іх. Яна можа правільна палічыць да 10 прадметаў. Яе памяць паляпшаецца. Верагодна, ваша дзяўчынка можа запомніць свой адрас і нумар тэлефона. Магчыма, ведае, дзе правы бок, а дзе левы.
Што вы можаце зрабіць?
У паўсядзённым жыцці гаварыце пра час сутак (раніца, вечар, дзень, ноч), паслядоўнасць дзён (учора, сёння, заўтра), дні тыдня, а таксама пра іншыя цікавыя паняцці. Выкарыстоўвайце апавяданні і дзіцячыя кнігі, каб вывучаць новыя паняцці. Чытаючы ці расказваючы гісторыі, імправізуйце — спытайце сваю дзяўчынку, што, на яе думку, можа адбыцца далей. Прагуляйцеся па парку, акрузе, горадзе, каб вывучыць славутасці і розныя гукі — усё гэта, у сваю чаргу, будзе стымуляваць мысленне вашага дзіцяці. Заўсёды пры магчымасці ў паўсядзённай дзейнасці выкарыстоўвайце літары і лічбы, напрыклад, для напісання нататак, якія дапамогуць вам успомніць прадукты, што трэба купіць на рынку.
Рух
Што новага?
Ваша дзяўчынка становіцца ўсё больш фізічна падрыхтаванай — цяпер яна больш упэўнена можа кідаць і лавіць мяч, разгойдвацца на арэлях, лазіць, можа будаваць вежу з некалькіх невялікіх прадметаў. Верагодна, яна можа падскокваць і нават скакаць. Ёй лягчэй даецца адзяванне. Яна таксама можа сама сябе абслужыць, напрыклад самастойна есці лыжкай або іншым прыборам, карыстацца прыбіральняй, чысціць зубы і мыцца практычна без старонняй дапамогі.
Што вы можаце зрабіць?
Нагадвайце вашай дзяўчынцы аб правілах бяспекі і абавязкова сачыце за фізічнай актыўнасцю па меры неабходнасці. Часцей бывайце з ёй на свежым паветры, дазваляйце быць актыўнай, дапамагайце засвойваць новыя навыкі, калі ў яе будзе імкненне імі авалодаць. Спрыяйце развіццю дробнай моторыкі, даючы простыя матэрыялы, якія можна сабраць ці намаляваць.
Каб даведацца пра многія іншыя спосабы падтрымкі развіцця дзіцяці праз гульню, перайдзіце ў раздзел «Гуляем разам».
Асцярогі бацькоў з нагоды развіцця ў перыяд з 49-га па 60-ы месяц
Паколькі кожнае дзіця развіваецца па-свойму, немагчыма дакладна прадказаць, калі і як ваша дзяўчынка засвоіць пэўныя навыкі. Чаканыя і прапісаныя на гэты перыяд здольнасці (этапы развіцця) даюць толькі агульнае ўяўленне пра змены, якія вы можаце чакаць па меры сталення вашага дзіцяці. Калі ласка, не хвалюйцеся, калі развіццё будзе адбывацца некалькі інакш.
Аднак абавязкова пагаварыце са сваім педыятрам (ці іншым медыцынскім спецыялістам), калі лічыце, што ў вашай дзяўчынкі ёсць якія-небудзь прыкметы затрымкі ў развіцці, калі яна страціла некаторыя навыкі, якімі валодала ў больш раннім узросце, або калі ў яе выяўляюцца сімптомы з пералічаных ніжэй:
- не можа ўпэўнена хадзіць, бегаць, скакаць або перамяшчацца па лесвіцы;
- не адказвае на простыя пытанні (як цябе завуць? хто твае бацькі? якая твая любімая казка?);
- не выконвае двайныя ўказанні («пастаў кубак на стол» ці «пакладзі мяч пад ложак»);
- не спраўляецца самастойна з паўсядзённымі справамі, напрыклад не можа самастойна паесці або адзецца;
- цяжка ўтрымлівае аловак;
- дэманструе «крайнасці» ў паводзінах (напрыклад, вельмі пужлівая, агрэсіўная або сумная);
- не гаворыць аб паўсядзённых справах;
- не выяўляе цікавасці да зносін ні з дарослымі, ні з дзецьмі.
Калі вы думаеце, што вышэйпералічаныя сімптомы могуць быць следствам таго, што ваша дзяўчынка многа часу праводзіць перад экранам, абавязкова скараціце гэты час максімум да адной гадзіны ў дзень. Старайцеся ў гэты перыяд надаваць ёй больш увагі, каб дапамагчы правільна выбраць від дзейнасці.
- https://raisingchildren.net.au/preschoolers/development/development-tracker/4-5-years
- Učenje i odrastanje: 37 do 60 mjeseci – Rast I razvoj djeteta iz mjeseca u mjesec, CEDEN – Centar porodičnih resursa za razvoj, obrazovanje I ishranu
- Dr sci Nirvana Pištoljević (2016), Rani razvoj deteta: šta treba znati, Udruženje pedijatara Srbije, Beograd.
- https://www.cdc.gov/ncbddd/actearly/pdf/checklists/Checklists-with-Tips_Reader_508.pdf