Абарона дзіцяці ад сонца

У першыя некалькі гадоў жыцця ў цёплую пару года дзецям пажадана знаходзіцца на сонцы толькі ў рэкамендаваны час (раніцай да 11:00 і ўвечары пасля 17:00) пры ўмове захавання мер засцярогі.
Body

Паколькі дзіцячая скура танчэйшая, а яе ахоўны механізм слабейшы, чым у дарослых, рызыка атрымаць сонечны апёк у дзяцей нашмат больш высокая. У залежнасці ад узросту дзіцяці ўздзеянне прамых сонечных прамянёў на яго неабароненую скуру на працягу 7–15 хвілін можа выклікаць сонечны апёк. Старайцеся не дапускаць знаходжання дзіцяці на сонцы ў паўдзённы перыяд. Прыняцце сонечных ваннаў дапушчальна толькі пад рассеянымі прамянямі сонца.

Сачыце за інфармацыяй пра УФ-індэкс (у СМІ, дадатках або ў інтэрнэце) і выконвайце прыведзеныя ніжэй рэкамендацыі.

Дзеці ва ўзросце да 12 месяцаў

  • Не выкарыстоўвайце сонцаахоўны крэм для дзяцей груднога ўзросту (бо хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у яго склад, могуць выклікаць алергічныя рэакцыі).
  • Апранайце дзіця ў свабоднае адзенне з натуральных тканін светлых колераў, стараючыся максімальна закрыць паверхню скуры; на галаву дзіцяці трэба надзяваць галаўны ўбор (з палямі шырынёй не менш за 3 см), каб абараніць твар, вушы і шыю.
  • Па магчымасці ўсталёўвайце сонцаахоўны тэнт, парасон над дзіцем ці на калясцы.

Дзеці, старэйшыя за 12 месяцаў

  • Наносьце на скуру дзіцяці сонцаахоўны крэм з максімальным сонцаахоўным фактарам за 20 хвілін да выхаду на вуліцу, а затым паўторна праз кожныя дзве гадзіны. Не забывайце мазаць таксама вусны, вушы і патыліцу дзіцяці.
  • Выбірайце сродак абароны, які адпавядае ўзросту дзіцяці.
  • Сонцаахоўны крэм нельга выкарыстоўваць, калі з моманту яго распакоўвання прайшло больш за адзін год.
  • Выбіраючы сонцаахоўны сродак, звяртайце ўвагу на тое, каб у яго складзе не было параамінабензойнай кіслаты (ПАБК), бо часта ў дзяцей узнікае скурная рэакцыя на гэты кампанент.
  • Перад пачаткам выкарыстання новага сонцаахоўнага крэму абавязкова спачатку праверце яго: нанясіце сродак на невялікі ўчастак скуры дзіцяці ў вобласці перадплечча і паназірайце, ці не з’явяцца ў бліжэйшыя 24 гадзіны сып, пачырваненне або сверб. Калі на скуры няма ніякіх змен, гэты сонцаахоўны крэм можна выкарыстоўваць для вашага дзіцяці.

Калі дзіця прымае лекі, уважліва прачытайце інструкцыю па іх ужыванні ці спытайце ў педыятра, ці можна выходзіць на вуліцу, бо некаторыя лекавыя прэпараты могуць выклікаць скурныя рэакцыі, напрыклад сып.

Выкананне мер засцярогі неабходна, нават калі дзіця знаходзіцца ў машыне, бо УФ-прамяні праходзяць скрозь аўтамабільнае шкло. Усталюйце сонцаахоўныя шторкі на вокны аўтамабіля.

Каб пазбегнуць абязводжвання, у гарачыя дні часцей карміце дзіця грудзьмі ці, калі яно не знаходзіцца на грудным выкормліванні, давайце яму больш вады.