Абыгрываць развітанне

Што спатрэбіцца: гісторыя, якую вы будзеце расказваць, — з кніжкі ці прыдуманая вамі; лялькі, мяккія цацкі ці іншыя прадметы, каб разыграць гісторыю.

У чым заключаецца гульня. У гэтым узросце ваша дзіця можа не так ярка, як раней, праяўляць сваю незадаволенасць, калі вы сыходзіце і пакідаеце яго на некаторы час (напрыклад, з бабуляй, дзядулем, няняй або ў садку). Ёсць некалькі спосабаў зрабіць так, каб дзіця адчувала сябе больш спакойна. Адзін з іх — расказаць гісторыю ці разыграць сцэнку. Напрыклад, вы можаце прачытаць або прыдумаць аповед пра маленькую дзяўчынку ці хлопчыка, чыя мама сыходзіць у магазін. Прыглядаць за дзіцем застаецца суседка. У вашай гісторыі вы можаце згадаць, што дзіця засмучана, але пры гэтым яно махае маме рукой на развітанне, седзячы на каленях суседкі, потым гуляе ў нешта і з радасцю сустракае маму, калі яна вяртаецца.

Нешта падобнае можна таксама разыграць з лялькамі або іншымі цацкамі. Папрасіце дзіця паразважаць: «Як можна зрабіць так, каб маленькай дзяўчынцы /маленькаму хлопчыку стала весялей? Хто-небудзь можа ёй/яму дапамагчы?».

Вядома, вы можаце дапамагчы свайму дзіцяці больш спакойна ставіцца да часовай разлукi, калі вам трэба адлучыцца па справах. Калі вы сыходзіце на час, абавязкова паведаміце дзіцяці, калі вернецеся, раскажыце яму, хто і як будзе яго даглядаць у вашу адсутнасць, і прапануйце некалькі варыянтаў таго, чым можна заняць сябе, пакуль вас не будзе.

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Усе гэтыя практыкаванні дапамогуць вашаму дзіцяці адчуваць сябе больш спакойна, навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі і спраўляцца з трывожнымі сітуацыямі. Таксама пры гэтым развіваецца здольнасць думаць пра будучыню і планаваць.