Адаптацыя да дзіцячага сада: парады для першых тыдняў
Першыя некалькі тыдняў у дзіцячым садзе
Дзіцячы сад — зусім новае асяроддзе для дзіцяці з новымі людзьмі і новым распарадкам дня. Па магчымасці лепш пачынаць прывыкаць да яго паступова. Удакладніце, ці можна спачатку прыводзіць дзіця не на поўны дзень.
Важна ведаць падрабязнасці пра тое, як дзіця прыстасоўваецца да змен, пачаўшы хадзіць у садок. Адаптацыя праходзіць паспяхова, калі яно:
- звычайна з радасцю ідзе ў дзіцячы сад;
- паказвае вам свае вырабы і дзеліцца дасягненнямі ў дзіцячым садзе;
- ахвотна расказвае, як прайшоў дзень.
Калі вы турбуецеся наконт адаптацыі да дзіцячага сада, перш за ўсё варта пагаварыць пра гэтым з выхавацелямі дзіцяці.
Прывыканне да дзіцячай дашкольнай установы ў бытавым і эмацыянальным плане пройдзе для вас і дзіцяці лягчэй, калі вы пачняце падрыхтоўку да наведвання загадзя.
Адаптацыя да дзіцячага сада: парады
1. Збірайцеся загадзя
Паклапаціцеся пра такія практычныя рэчы, як выбар зручнага для дзіцяці адзення, якое адпавядае надвор’ю, падрыхтоўка зменнага адзення і абутку напярэдадні вечарам (ці раней). Дзякуючы гэтаму вы пазбегнеце ранішняй мітусні перад выхадам з дому і зможаце прысвяціць усю ўвагу дзіцяці і яго пачуццям/перажыванням перад паходам у дзіцячы сад.
2. Няхай дома будзе многа вольнага часу
У дзіцячым садзе дзеці бавяць час актыўна. Пасля дня, праведзенага там, дзіця, верагодна, будзе стомленым і дома яму спатрэбіцца аднавіць сілы. Яно можа раней легчы спаць ці паспаць даўжэй або проста заняцца спакойнымі гульнямі ў знаёмай абстаноўцы.
3. Праводзьце час з дзіцем
Цяпер, калі вы менш бываеце з дзіцем, трэба максімальна выкарыстоўваць той час, які вы праводзіце разам.
Калі вы ўсё яшчэ корміце дзіця грудзьмі, кармленне да і пасля дзіцячага сада можа стаць добрай магчымасцю пабыць разам. Таксама ўвечары можна выдзеліць час на купанне з песенькамі і гульнямі, абдымкі і чытанне перад сном. Заплануйце сямейны адпачынак па выхадных, напрыклад, рэгулярныя прагулкі ў парку.
4. У першыя некалькі дзён заставайцеся на нейкі час з дзіцем у садку, перш чым сысці
У першыя некалькі дзён затрымайцеся ў дзіцячым садзе хаця б на пяць хвілін. Вы можаце пачытаць кнігу разам з дзіцем ці паглядзець, як яно нечым займаецца. Калі яно прывыкне да дзіцячага сада, вы зможаце сыходзіць адразу пасля таго, як прывялі туды дзіця.
5. Развітвайцеся
Калі вам час ісці, скажыце дзіцяці, што вы сыходзіце, і паведаміце, калі вернецеся. Абдыміце і пацалуйце яго, развітайцеся з выхавацелем і сыходзьце.
6. Наладзьце адносіны з выхавацелямі дзіцяці
Дзіцяці будзе камфортней у новай абстаноўцы, калі яно ўбачыць, што ў вас добрыя адносіны з выхавацелямі. Бачачы, што вы давяраеце выхавацелю, дзіця і само з большай верагоднасцю будзе яму давяраць.
7. План кармлення грудзьмі
Калі вы ўсё яшчэ корміце дзіця грудзьмі і калі ў вас ёсць такая магчымасць, вы можаце прыходзіць у сад на працягу дня, каб пакарміць дзіця.
Некаторыя дзеці не хочуць сыходзіць з сада. Гэта цалкам нармальна і не азначае, што выхавацелі падабаюцца ім больш, чым сям’я. Такія паводзіны сведчаць толькі пра тое, што ў садзе дзецям камфортна.
Адаптацыя дзіцяці з асаблівасцямі развіцця ў дзіцячым садзе: парады
Усё больш дзіцячых садоў пачынаюць прымаць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Пры адаптацыі такіх дзяцей могуць узнікнуць некаторыя дадатковыя бытавыя і эмацыянальныя складанасці.
Калі ў вас дзіця з асаблівасцямі развіцця, могуць быць карыснымі наступныя парады:
- Пры выбары дзіцячай дашкольнай установы і пры пастаноўцы на чаргу ў дзіцячы сад паведамляйце пра асаблівасці дзіцяці і яго дадатковыя патрэбы. Калі дзіцяці пастаўлены дыягназ пасля таго, як вы аформілі дакументы, паведаміце пра гэта, каб дзіцяці прапанавалі ўстанову з улікам яго патрэб.
- Пагаварыце з супрацоўнікамі дзіцячага сада, выхавацелямі, каб яны маглі падрыхтавацца да прыёму вашага дзіцяці. Магчыма, спатрэбіцца набыць адмысловае абсталяванне або навучыць персанал прыёмам спецыяльнага догляду дзіцяці.
- Раскажыце і пакажыце выхавацелям, які асаблівы догляд неабходны вашаму дзіцяці. Магчыма, вам давядзецца аказаць дапамогу педагогам у засваенні імі новых навыкаў.
- Раскажыце выхавацелям пра асаблівасці камунікацыі вашага дзіцяці. Калі яно выкарыстоўвае дадатковыя або альтэрнатыўныя спосабы камунікацыі, абмяркуйце гэта з педагогамі.
- Пагаварыце з выхавацелямі дзіцяці пра тое, якіх паводзін вы ад яго чакаеце.