Адбіткі лісця

Што спатрэбіцца: лісце, фарбы, пэндзаль/губка, латок, газета, вада (каб мыць пэндзлі), звычайная ці каляровая папера.

У чым заключаецца гульня. Падчас прагулкі па садзе ці парку збярыце лісце розных памераў і формаў.

Дома падрыхтуйце месца для творчасці, можна заслаць яго старой газетай. Размяркуйце слой фарбы па латку (у якасці альтэрнатывы вы можаце выкарыстоўваць талеркі ці іншыя прыдатныя ёмістасці). Затым абмакніце ліст у фарбе, для больш раўнамернага размеркавання можна выкарыстаць пэндзаль ці губку.

Шчыльна прыкладзіце ліст ад расліны да ліста паперы фарбай уніз і націсніце. Акуратна зніміце ліст, на паперы застанецца яго адбітак. Стварайце розныя ўзоры, наносячы адбіткі побач ці адзін на адзін. Вы можаце рабіць як аднакаляровыя лісцікі, так і рознакаляровыя, змешваючы колеры на іх.

Перамясціце лісты паперы з вільготнымі адбіткамі на асобны стол, каб яны прасохлі, або замацуйце іх прышчэпкамі на вяроўцы.

Лепш выкарыстоўваць не вельмі сухое лісце (ідэальна збіраць яго ранняй восенню), бо яно далікатнае і яго складана размалёўваць і прыціскаць да паперы так, каб яно не крышылася. Лісце незвычайнай формы або з выразнымі лініямі прожылкаў пакідае самыя цікавыя адбіткі.

Чым карысная гульня. Гэты занятак падыходзіць для дзяцей розных узростаў, дапамагае развіваць зрокава-маторную каардынацыю і творчае мысленне. Дзецям падабаецца знаходзіць лісце розных формаў і памераў і прыдумваць, якія малюнкі з яго дапамогай можна зрабіць.