Агульныя рэкамендацыі пры лішку масы цела і атлусценні ў дзяцей другога года жыцця
Лішняя маса цела часцей за ўсё ўзнікае ў выніку празмернага спажывання ежы, у тым ліку нездаровай, і/або недастатковай фізічнай актыўнасці, радзей — з-за генетычных парушэнняў. Змяненне ўмоў жыцця дзіцяці і догляду за ім таксама можа паўплываць на масу цела, таму на гэта таксама неабходна звяртаць увагу. Лішняя вага прыводзіць да шматлікіх праблем не толькі са здароўем, але і ў іншых сферах: дэфармацыя касцей і суставаў, захворванні сэрца і сасудаў, эндакрынныя хваробы, дэпрэсіі, зніжэнне самаацэнкі і слабая паспяховасць у далейшым. Важна своечасова выявіць перавышэнне нармальных паказчыкаў масы цела і прыняць меры.
Калі вы бачыце, што ваша дзіця пачало набіраць лішнюю вагу, звярніцеся да педыятра па кансультацыю і прызначэнне абследавання пры неабходнасці.
Рэкамендацыі:
• Сачыце, каб у рэжыме вашага дзіцяці было дастаткова прыёмаў ежы, а яго рацыён па аб'ёме і змесце адпавядаў рэкамендацыям па аптымальным харчаванні згодна з узростам.
• Прапаноўвайце дзіцяці больш яркай гародніны (асабліва цёмна-зялёнай, чырвонай і аранжавай) і разнастайнай свежай садавіны.
• Натуральны сок з садавіны можна даваць толькі падчас ежы і ў аб'ёме, якi не перавышае 120–180 мл.
• Калі дзіця хоча піць, прапаноўвайце яму ваду замест напіткаў з даданнем цукру (салодкі чай, газіраваныя напіткі, сок).
• Выбірайце хлеб, макаронныя вырабы і шматкі з цэльнага зерня.
• Прапаноўвайце здаровыя бялковыя прадукты: курыцу, бабовыя, нятлустыя сыры і г. д.
• Можна даваць пастэрызаванае малако з павышаным узроўнем тлустасці дзецям ва ўзросце 1–2 гадоў і малако паніжанай тлустасці дзецям, старэйшым за 2 гады.
• Рацыён дзіцяці павінен быць разнастайным і збалансаваным, з мінімальнай колькасцю паўфабрыкатаў, прадуктаў хуткага прыгатавання.
• Не давайце дзіцяці высокакаларыйную і салёную ежу (тлустую выпечку, закускі, чыпсы) — яна стварае адчуванне сытасці і зніжае апетыт да больш пажыўнай ежы.
• Не прапануйце дзіцяці салодкае: кандытарскія вырабы, выпечку, шакалад, шакаладнае масла/пасту, какаву.
• Размаўляйце са сваім дзіцем, падбадзёрвайце, каб яно разумела, што вы яго падтрымліваеце.
• Засяродзьцеся на паступовым змяненні ўзроўню фізічнай актыўнасці і фарміраванні карысных харчовых звычак ва ўсіх членаў сям'і, каб дзіця не адчувала сябе адзінокім.
• Будзьце станоўчым прыкладам для свайго дзіцяці.
• Устанавіце распарадак дня, вызначыўшы перыяды для прыёму ежы, актыўнасці і адпачынку, забяспечце дзіцяці дастатковы сон.
• Час, які праводзіцца перад экранам (планшэт, тэлевізар, тэлефон), абмяжуйце адной гадзінай у дзень.
• Працягласць умеранай і інтэнсіўнай фізічнай актыўнасці для дзіцяці, старэйшага за 2 гады, павінна складаць ад 60 да 90 хвілін у дзень. Падзяліце гэты час на некалькі перыядаў — старайцеся далучаць дзіця да прыемных, не надта складаных для яго і ўсёй сям'і заняткаў (хуткая хадзьба, плаванне, скачкі, гульні з мячом, язда на ровары).
Падтрымлівайце змены і новыя звычкі, якія зробяць усю сям'ю актыўнай і здаровай!