Анафілаксія
Аб анафілаксіі
Анафілаксія — гэта вострая алергічная рэакцыя, якая пагражае жыццю.
Яна ўзнікае, калі імунная сістэма дзіцяці рэагуе на нешта ў навакольным асяроддзі, што называецца алергенам. Гэта можа быць усё што заўгодна, напрыклад ежа, укусы насякомых ці лекавыя сродкі.
Анафілаксія патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі. Калі ў дзіцяці анафілактычная рэакцыя, спачатку пакладзіце яго на роўную паверхню з прыпаднятым узгалоўем або пакіньце сядзець. Не дазваляйце яму стаяць ці хадзіць. Пры магчымасці выкарыстоўвайце шпрыц-цюбік (аўтаінжэктар) з адрэналінам. Затым выклічце хуткую медыцынскую дапамогу (па тэлефоне 103).
Сімптомы анафілаксіі
Пры цяжкай алергічнай рэакцыі ў дзіцяці могуць назірацца наступныя сімптомы:
- ускладненае або шумнае дыханне, свісцячае дыханне;
- ацёк языка;
- пачуццё сціснутасці ў горле;
- цяжкасці з маўленнем і/або хрыплы голас, плач;
- хрып або пастаянны кашаль;
- устойлівае галавакружэнне або страта прытомнасці;
- бледнасць і млявасць (у дзяцей ранняга ўзросту).
Памятайце, што пачатак развіцця анафілактычнай рэакцыі можа здацца неістотнай і ледзь прыкметнай зменай у стане, але пры гэтым самаадчуванне здольна дастаткова хутка пагоршыцца. Таму, калі ў дзіцяці ёсць алергія на нешта, важна ўважліва сачыць за ім, калі ўзнікае алергічная рэакцыя.
Анафілаксія звычайна адбываецца на працягу некалькіх хвілін пасля кантакту дзіцяці з алергенам. Але часам гэта можа адбыцца праз 1–2 гадзіны.
Дыягностыка алергіі
Важна вызначыць, што выклікае ў дзіцяці алергічную рэакцыю. Звычайна для гэтага праводзяць тэст на алергію.
Большасць дзяцей з алергіяй на яйкі, каровіна малако, пшаніцу або соевыя бабы «перарастаюць» яе да 5–10 гадоў.
Алергія на некаторыя прадукты, напрыклад на арэхі і рыбу, можа захоўвацца на працягу ўсяго жыцця.
Лячэнне анафілаксіі
У выпадку развіцця анафілаксіі трэба выкарыстоўваць адрэналін. Ён досыць хутка ліквідуе яе сімптомы.
Пры вострых прыступах алергіі, якія здараліся раней, і, адпаведна, павышанай рызыцы анафілаксіі дзіцяці будзе рэкамендавана прымяняць шпрыц-цюбік з адрэналінам.
Неабходна, каб у дзіцяці ён увесь час быў з сабой. Важна, каб і дзіця, і людзі з яго асяроддзя ведалі, як і калі выкарыстоўваць шпрыц-цюбік з адрэналінам. Навучыце іншых людзей (членаў сям’і, сяброў, выхавацеляў, настаўнікаў і асоб, якія клапоцяцца пра дзіця) карыстацца ім.
Калі ёсць рызыка развіцця ў дзіцяці сур’ёзнай алергічнай рэакцыі, бяспечней за ўсё скарыстацца шпрыцам-цюбікам з адрэналінам і не чакаць!
Адмовіўшыся ад уколу адрэналіну, можна нанесці больш шкоды, чым у выпадку яго ўвядзення, калі гэта не патрабавалася.
Кантроль анафілаксіі
Пазбягайце алергена
Пры наяўнасці алергіі дзіцяці вельмі важна пазбягаць алергена, які выклікае анафілаксію. Часам выконваць гэтае правіла досыць праблематычна, але варта прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы дзіцяці.
Што можна зрабіць, калі ў дзіцяці харчовая алергія:
- Уважліва чытайце інфармацыю на этыкетках усіх прадуктаў.
- Будзьце асцярожныя, калі ясце па-за домам.
- Пазбягайце любых прадуктаў ці сталовых прыбораў, якія маглі кантактаваць з алергенам.
- Вучыце дзіця не дзяліцца ежай.
Што рабіць пры алергіі на ўкусы насякомых:
- Не дазваляйце дзіцяці хадзіць басанож па траве.
- Старайцеся не апранаць дзіця ў адзенне яркіх колераў.
- Па магчымасці надзявайце дзіцяці кашулі з доўгімі рукавамі і штаны.
- Вучыце дзіця не піць з адкрытых слоікаў з прахаладжальнымі напіткамі на адкрытым паветры.
Калі ў дзіцяці алергія на лекавыя сродкі, паведаміце пра гэта ўрачу, фармацэўту ці стаматолагу, перш чым дзіцяці прызначаць лячэнне або прыём якіх-небудзь лекаў.
Паведаміце пра алергію!
Важна, каб акружэнне дзіцяці — сям’я, апекуны, няні, супрацоўнікі дашкольнай установы або школы — ведалі пра наяўнасць у яго цяжкай алергіі.
Абавязкова абмяркуйце магчымасць правядзення алерген-спецыфічнай імунатэрапіі ў дзіцяці (таксама яна называецца дэсенсібілізацыяй) са спецыялістам-алерголагам.