Анемія

Часцей за ўсё прычынай анеміі з’яўляецца дэфіцыт жалеза. Анемія дастаткова распаўсюджана сярод дзяцей ранняга ўзросту. Трэба звярнуцца да ўрача, калі дзіця выглядае бледным, раздражнёным і вельмі стомленым. Лячэнне жалезадэфіцытнай анеміі ўключае дадаванне прадуктаў, багатых жалезам, у рацыён харчавання дзіцяці, а таксама прыём жалезазмяшчальных дабавак з мэтай аднаўлення ўзроўню жалеза да нармальных значэнняў.
Body

Што такое анемія

Анемія — гэта стан, пры якім у клетках крыві зніжаны ўзровень эрытрацытаў або гемаглабіну.

Прычыны развіцця анеміі розныя.

Жалезадэфіцытная анемія

Анемія часцей развіваецца па прычыне недахопу жалеза, якое неабходна арганізму для выпрацоўкі гемаглабіну. Гэты тып анеміі вядомы як жалезадэфіцытная анемія.

Недахоп жалеза ў рацыёне дзіцяці

Часцей за ўсё недахоп жалеза ўзнікае з-за яго недастатковасці ў рацыёне.

У немаўлят гэта можа адбыцца, калі ў рацыёне харчавання пасля шасці месяцаў, асабліва пры выключна грудным выкормліванні, адсутнічаюць прадукты прыкорму. Прыкладна да гэтага ўзросту расходуецца ўсё жалеза, назапашанае ў перыяд знаходжання плода ва ўлонні маці. Дзіця пасля шасці месяцаў не можа атрымаць неабходную яму колькасць жалеза толькі з груднога малака.

Развіццё жалезадэфіцытнай анеміі ў старэйшым узросце магчыма пры такіх умовах:

  • залішняе ўжыванне каровінага малака або частае піццё чаю — гэтыя напіткі зніжаюць абсорбцыю жалеза з ежы;
  • недастатковая колькасць у рацыёне прадуктаў з высокім утрыманнем жалеза;
  • наяўнасць такога захворвання, як цэліякія: пры ім зніжаецца засваенне жалеза з ежы.

Іншыя прычыны жалезадэфіцытнай анеміі

Жалезадэфіцытная анемія можа быць асабліва сур’ёзнай праблемай для наступных катэгорый немаўлят:

  • якія нарадзіліся заўчасна;
  • якія перанеслі сур’ёзнае захворванне ў маленстве;
  • чые маці пакутавалі ад дэфіцыту жалеза на позніх тэрмінах цяжарнасці.

Дэфіцыт жалеза таксама можа быць выкліканы стратай крыві. Дзеці могуць губляць кроў са стулам з-за захворванняў кішэчніка.

Іншыя прычыны развіцця анеміі

Калі дзіця не атрымлівае дастатковай колькасці вітаміну B12 або фоліевай кіслаты з прадуктаў, яно таксама можа захварэць на анемію.

Яшчэ адна прычына анеміі — гемоліз. Пры ім у арганізме адбываецца разбурэнне чырвоных крывяных цельцаў. Гэта сітуацыя можа быць звязана з генетычнымі захворваннямі, такімі як серпападобнаклетачная анемія ці таласемія, або з інфекцыяй.

Сімптомы анеміі

Пры анеміі дзіця можа выглядаць вельмі бледным.

У яго назіраецца павышаная стамляльнасць, млявасць.

Дзіця можа быць капрызным, і ім складана кіраваць. Старэйшыя дзеці могуць быць вельмі стомленымі, у іх, як правіла, дрэнны апетыт і ім цяжка засяродзіцца ў школе.

Калі звяртацца да ўрача наконт сімптомаў анеміі

Трэба звярнуцца да ўрача, калі дзіця:

  • выглядае занадта бледным;
  • раздражняльнае;
  • мае мала энергіі;
  • скардзіцца на частыя галаўныя болі;
  • не набірае дастаткова вагі або пераборлівае ў ежы.

Дыягностыка анеміі

Пры наяўнасці падазрэнняў на анемію ў дзіцяці ўрач прызначыць аналізы крыві, каб вызначыць узровень гемаглабіну ў ёй.

Існуюць даведачныя табліцы з нармальным узроўнем гемаглабіну для кожнага ўзросту.

У выпадку неабходнасці могуць быць прызначаны іншыя тэсты для вызначэння прычыны анеміі.

Лячэнне анеміі

Лячэнне анеміі залежыць ад прычыны яе ўзнікнення.

Калі анемія выклікана недахопам жалеза, даданне ў рацыён дзіцяці прадуктаў, багатых жалезам, хутчэй за ўсё, дапаможа павысіць яго ўзровень. Да такіх прадуктаў адносяцца:

  • цэльназерневыя і ўзбагачаныя жалезам злакі;
  • бабовыя, напрыклад сачавіца і фасоля;
  • мяса, напрыклад чырвонае мяса, курыца і рыба;
  • яечны жаўток;
  • цёмна-зялёная ліставая гародніна, напрыклад шпінат;
  • здробненае насенне кунжуту, напрыклад тахіні ці халва.

Адной змены дыеты дзіцяці можа быць недастаткова. Магчыма, таксама спатрэбіцца прымаць дабаўкі жалеза (таблеткі ці сіроп), каб нармалізаваць яго ўзровень. Яны могуць зрабіць стул дзіцяці чорным ці шэрым, а таксама выклікаць запор або расстройства кішэчніка. Пра гэтыя і іншыя пабочныя эфекты рэкамендуецца пагаварыць з урачом.

У рэдкіх выпадках дзіцяці можа спатрэбіцца ін’екцыйнае ўвядзенне прэпаратаў жалеза.

Калі анемія выклікана нечым іншым, акрамя дэфіцыту жалеза, дзіцяці могуць спатрэбіцца дадатковыя аналізы і лячэнне.

Прафілактыка анеміі

Немаўляты

Пры ўвядзенні цвёрдай ежы ў рацыён дзіцяці прыкладна ва ўзросце шасці месяцаў лепш за ўсё ўключаць прадукты, багатыя жалезам.

У некаторых выпадках урач можа рэкамендаваць штодня даваць дзіцяці ва ўзросце ад 4 да 18 месяцаў раствор жалеза для прадухілення яго дэфіцыту.

Каровіна малако ў рацыён дзіцяці варта ўводзіць пасля 12 месяцаў, яго спажыванне трэба абмежаваць — аб’ём не павінен перавышаць 500 мл у дзень.

Дзеці і падлеткі

Па меры росту і развіцця дзіцяці трэба прапаноўваць яму многа здаровай і пажыўнай ежы з пяці харчовых груп. Збалансаваная дыета можа дапамагчы прадухіліць анемію, выкліканую недахопам жалеза, фоліевай кіслаты ці вітаміну B12. Варта абмежаваць спажыванне каровінага малака — дапушчальна не больш за 500 мл у дзень.