Апендыцыт
Што такое апендыцыт
Апендыцыт — гэта запаленне апендыкса, пры якім развіваецца мясцовая запаленчая рэакцыя ў выглядзе пачырванення, ацёку, павелічэння ў памеры апендыкса і парушэння яго функцыі. Апендыкс — гэта частка тоўстай кішкі, якая ўяўляе сабой невялікі адростак памерам з палец.
Сімптомы апендыцыту
Асноўным сімптомам апендыцыту з’яўляецца востры боль у жываце. Магчыма павышэнне тэмпературы цела.
Пры апендыцыце боль часцей пачынаецца ў сярэдняй частцы жывата дзіцяці каля пупка. Можа здацца, што гэта нязначны спазм. На працягу наступных некалькіх гадзін боль узмацняецца. У многіх выпадках ён канцэнтруецца ў ніжняй правай частцы жывата над апендыксам.
Дзіцяці можа быць балюча сядзець роўна ці хадзіць па прамой. Боль узмацняецца, калі дзіця актыўна рухаецца.
У яго таксама можа падняцца тэмпература, з’явіцца рвота, панос ці запор і знікнуць апетыт.
Апендыцыт сустракаецца сярод дзяцей школьнага ўзросту і падлеткаў часцей, чым у малых дзяцей і дашкольнікаў. Сімптомы апендыцыту ў малых дзяцей не такія выразныя, як у падлеткаў ці дарослых. Падазрэння на тое, што ў дзіцяці баліць жывот, можа нават не ўзнікнуць.
Ці трэба звярнуцца да педыятра пры падазрэнні на апендыцыт?
Абавязкова. Калі болі ў жываце ўзмацняюцца, трэба паказаць дзіця педыятру або выклікаць хуткую дапамогу (па тэлефоне 103).
Калі дзіця адчувае сябе вельмі дрэнна і нават нязначныя рухі прычыняюць яму боль, хуткую дапамогу трэба выклікаць неадкладна (па тэлефоне 103).
Пры значным запаленні заўсёды існуе рызыка разрыву апендыкса з выдзяленнем гнойнага змесціва ў брушную поласць. Гэта не вельмі частая з’ява, але без своечасовага адэкватнага лячэння яна можа ўяўляць небяспеку для жыцця дзіцяці.
Дыягнастычныя даследаванні пры апендыцыце
Дыягнаставаць апендыцыт можа быць няпроста.
Педыятр або ўрач у аддзяленні хуткай дапамогі можа назначыць аналіз мачы, каб выключыць інфекцыю мочавыводзячых шляхоў, а таксама аналіз крыві, каб выявіць прыкметы інфекцыі або запалення іншых органаў і сістэм.
Урач можа таксама прызначыць ультрагукавое даследаванне органаў брушной поласці.
Лячэнне апендыцыту
Пажаданым метадам лячэння апендыцыту ў дзяцей з’яўляецца аперацыя па выдаленні запалёнага апендыкса. Нягледзячы на тое, што пры лёгкіх выпадках апендыцыту ў дарослых можна абысціся толькі антыбіётыкамі, аперацыя па-ранейшаму з’яўляецца пажаданым метадам лячэння ў дзяцей.
Ёсць два віды аперацый па выдаленні апендыкса:
- Хірургічная аперацыя мінімальнага доступу (лапараскапія), пры якой камера і спецыяльныя інструменты ўводзяцца праз тры невялікія праколы ў розных частках жывата дзіцяці.
- Адкрытая хірургічная аперацыя, калі робіцца адзін большы надрэз.
Якіх-небудзь значных парушэнняў з боку стрававання пасля выдалення апендыкса ў дзіцяці часцей не ўзнікае.
Прычыны апендыцыту
Прычыны апендыцыту малавядомыя. Адна з тэорый тлумачыць іх так: узнікненне застойнага назапашвання ежы ці калу ў прасвеце апендыкса, што ў далейшым правакуе інфіцыраванне.