Аптымальнае харчаванне дзяцей ва ўзросце ад 6 месяцаў
Пачынаючы з 6-га месяца жыцця ваша дзіця акрамя груднога малака (або яго замяняльнікаў) мае патрэбу ў дадатковых прадуктах харчавання (прыкорм), якія забяспечваюць яго здаровы рост і развіццё. Пры адсутнасці іншых рэкамендацый вашага педыятра арыенціровачным тэрмінам увядзення прыкорму з'яўляюцца 20–26-ы тыдні жыцця (аптымальна 24-ы). Старанна вывучыце характарыстыкі прадуктаў, перш чым уводзіць іх у рацыён харчавання вашага дзіцяці. Важна, каб яно з самага пачатку прывыкала да натуральнай ежы. Ежа прамысловай вытворчасці можа мець у складзе інгрэдыенты, якія не рэкамендуюцца для дзіцячага харчавання, у тым ліку лішнія тлушчы, соль, цукар і кансерванты; акрамя таго, яе кансістэнцыя адрозніваецца ад кансістэнцыі натуральных, мясцовых прадуктаў.
Вызначыцца з выбарам прадукту для ўвядзення першага прыкорму вам дапаможа ўрач-педыятр, зыходзячы з нутрытыўнага статусу вашага дзіцяці і стану яго здароўя.
Па-ранейшаму неабходна працягваць натуральнае выкормліванне па патрабаванні як днём, так і ноччу.
Грудное малако ўсё яшчэ з'яўляецца найбольш важнай часткай рацыёну вашага дзіцяці. У дадатковым дакормліванні немаўляці замяняльнікамі груднога малака і ў далейшым дзіцячымі сумесямі (адаптаванымі малочнымі сумесямі для дзяцей, старэйшых за 6 месяцаў) неабходнасці няма: грудное малако забяспечвае ўсімі неабходнымі пажыўнымі рэчывамі.
Не забывайце прыкладаць дзіця да грудзей пасля кожнага кармлення прадуктамі прыкорму.
Пры ўвядзенні прыкорму важна ўлічваць некалькі важных момантаў:
1. Частата: прапаноўвайце дзіцяці новыя прадукты (прыкорм) 2 разы на дзень.
2. Аб'ём: увядзенне новых прадуктаў у рацыён харчавання дзіцяці павінна быць паступовым. Прапаноўвайце прыкорм на спробу, павялічваючы яго аб'ём на 2–3 сталовыя лыжкі пры кожным кармленні.
3. Кансістэнцыя: ежа павінна быць досыць густой, гэта палегчыць кармленне з лыжачкі і будзе спрыяць прывыканню дзіцяці да ежы, якая адрозніваецца па кансістэнцыі ад груднога малака.
4. Разнастайнасць:
- Пачніце з аднаго новага прадукту. Давайце яго на працягу трох дзён, пры гэтым звяртайце ўвагу на рэакцыю дзіцяці. Не рэкамендуецца адначасова ўводзіць некалькі прадуктаў — гэта можа выклікаць алергічную рэакцыю і ўскладніць вызначэнне прадукту, які трэба выключыць з рацыёну.
- Разглядайце ў якасці першага прыкорму злакавыя, напрыклад густую кашу (рысавую, грачаную або аўсяную) без дадавання малака.
- Пюрэ з гародніны — гарбуза, морквы, бульбы, кабачка, капусты, шпінату — рэкамендуецца ўводзіць раней, чым садавіну. Лепш даваць дзіцяці мясцовую сезонную гародніну і садавіну.
- Пасля поўнага ўвядзення ў рацыён кашы ў яе можна паступова пачынаць дадаваць яйка, садавіну, ліставую зеляніну, мяса ці малочныя прадукты.
5. Арыентацыя на дзіця: дзіцяці можа спатрэбіцца некаторы час, каб прывыкнуць да ежы, якая адрозніваецца ад груднога малака. Набярыцеся цярпення і актыўна заахвочвайце дзіця, не прымушайце яго есці, калі яно гэтага не хоча. Назірайце за сваім дзіцем і рэагуйце на яго сігналы. Карміце павольна і цярпліва, у яго тэмпе. Пачакайце, пакуль яно пражуе і праглыне порцыю, перш чым прапаноўваць наступную. Спыніце кармленне, калі дзіця адмаўляецца ад новай для яго ежы, пастарайцеся прапанаваць яе ў іншы раз. Выкарыстоўвайце асобную талерку, каб было бачна, ці ўсё дзіця з’ела з таго, што яму прапанавалі.
6. Гігіена: выкананне мер гігіены (падтрыманне чысціні) неабходна для папярэджання ўзнікнення ў дзіцяці дыярэі і іншых захворванняў. Пры гатаванні ежы і кармленні выкарыстоўвайце чысты посуд і прыборы. Захоўвайце прадукты ў бяспечным і чыстым месцы ў адпаведнасці з пазначанымі на іх тэрмінамі і правіламі. Памятайце пра выкананне базавых правіл асабістай гігіены — мыйце рукі вадой з мылам перад гатаваннем ежы і кармленнем дзіцяці, пасля наведвання прыбіральні, пасля правядзення гігіенічных працэдур і падмывання дзіцяці. Мыйце рукі дзіцяці перад ежай.
Прадукты, якія не рэкамендуюцца ў гэтым узросце:
• Мёд.
• Каровіна (а таксама казінае) малако. Яго не рэкамендуецца даваць дзецям на першым годзе жыцця, паколькі яго склад не адпавядае патрэбам грудных дзяцей і яно можа спрыяць развіццю анеміі і алергіі. Для прыгатавання каш можна выкарыстоўваць невялікую колькасць (разведзенага 1:1 з кіпячонай вадой) каровінага малака.
• Цытрусавыя (лімон, апельсін, мандарын).
• Трапічная садавіна і гародніна.
• Салодкія прысмакі, выпечка, кандытарскія вырабы.
• Смажаныя лёгкія закускі (чыпсы, сухарыкі, снэкі), прадукты хуткага прыгатавання (фастфуд).
• Чай (чорны, зялёны, травяны), напіткі газіраваныя і/або з вялікім утрыманнем цукру, фарбавальнікаў.
• Прамыслова перапрацаваныя мясныя прадукты (сасіскі, каўбасы).
• Соль, спецыі, харчовыя дабаўкі.
• Любыя віды арэхаў і семя.
Заўсёды думайце пра бяспеку: не давайце дзіцяці арэхі, папкорн, дробную садавіну ці вінаград, кавалачкі цвёрдай ежы, якімі яно можа падавіцца.
Кармленне ў адпаведнасці з патрэбамі дзіцяці
Калі вы пачынаеце ўводзіць прыкорм, лепш за ўсё выбраць для гэтага такі час на працягу дня, калі і вы, і ваша дзіця ў добрым настроі і расслабленыя. Дзіцяці можа спатрэбіцца працяглы час, каб прывыкнуць да новай ежы (прыкорму). Будзьце цярплівыя і актыўна заахвочвайце яго есці, але не прымушайце. Гэта новыя для дзіцяці навыкі, і для іх асваення патрабуецца час і цярпенне.
Назірайце за дзіцем і рэагуйце на яго сігналы. Карміце яго павольна і цярпліва, у яго тэмпе. Спрабуйце розныя камбінацыі прадуктаў, смакаў і тэкстур, каб ваша дзіця прывыкала да разнастайнага харчавання. Пачакайце, пакуль яно з'есць тое, што вы яму далі, перш чым прапаноўваць наступную лыжку. Спыняйце кармленне, калі дзіця паказвае, што наелася.
Дзіця дэманструе, што галоднае, наступным чынам: пачынае хвалявацца, калі бачыць гатовую ежу, падаецца наперад у дзіцячым крэсле для кармлення, адкрывае рот.
Дзіця паказвае, што наелася, так: есць павольней, адштурхоўвае ежу ад сябе, не хоча адкрываць рот, адварочваецца.