Аптымальнае харчаванне на працягу першых 6 месяцаў

Ваша малако — адзіная ежа і пітво, якія неабходны вашаму немаўляці ў першыя шэсць месяцаў яго жыцця. Сусветная арганізацыя аховы здароўя і ЮНІСЕФ рэкамендуюць выключна грудное выкормліванне да 6 месяцаў і працяг груднога выкормлівання да 2 гадоў з увядзеннем адпаведнага і бяспечнага прыкорму з 6-га месяца.
Body

 

Грудное малако — гэта шматкампанентная пажыўная вадкасць, якая ўтрымлівае тлушчы, бялкі, цукры, вітаміны, мінералы, антыцелы, гармоны, ферменты, ваду і многія іншыя інгрэдыенты ў дакладных суадносінах і колькасці, неабходных, каб забеспечыць аптымальны рост і развіццё дзіцяці. Грудное малако ўтрымлівае антыцелы, якія забяспечваюць немаўлятам абарону ад многіх інфекцый. Перавагі груднога выкормлівання праяўляюцца ў самым раннім узросце і захоўваюцца на працягу ўсяго жыцця.

Ваша малако заўсёды даступна, бяспечна, неабходнай тэмпературы і не патрабуе матэрыяльных затрат. Яно ідэальна адаптавана да патрэб вашага дзіцяці. Склад малака змяняецца ў залежнасці ад часу сутак, працягласці і перыяду кармлення, задавальняючы ўсе патрэбы дзіцяці ў харчаванні.

Кармленне грудзьмі спрыяе псіхаматорнаму развіццю вашага дзіцяці. Практыкуючы грудное выкормліванне, вы скарачаеце перыяд свайго пасляродавага аднаўлення і зніжаеце рызыку ўзнікнення некаторых захворванняў у далейшым. Грудное выкормліванне — гэта значна больш, чым проста ежа. Падчас кармлення грудзьмі паміж маці і дзіцем наладжваецца трывалая псіхаэмацыянальная сувязь і ўнікальным чынам задавальняецца патрэба дзіцяці ў любові, цеплыні і бяспецы.

Рызыка непатрэбнага дакормлівання

У самым пачатку немаўлятам патрабуецца нязначная колькасць малака. Па меры росту дзіцяці патрэба ў малаку павялічваецца. Частае прыкладанне немаўляці да грудзей стымулюе выпрацоўку малака, забяспечваючы тым самым яго неабходную колькасць. Вынікам непатрэбнага дакормлівання можа стаць тое, што дзіця больш не захоча смактаць з-за адчування перанасычэння. Гэта прывядзе да памяншэння колькасці малака або зацвярдзення і балючасці малочнай залозы. Калі выкарыстоўваць дакорм з мэтай заспакаення немаўляці, гэта можа падарваць вашу ўпэўненасць у здольнасці паспяхова карміць грудзьмі сваё дзіця.

Як даведацца, ці дастаткова ў вас малака для вашага дзіцяці?

Дзіця дакладна атрымлівае дастаткова малака, калі:

– смокча грудзі не менш за 8–12 разоў у суткі;

– смокча рытмічна з кароткімі паўзамі, заўважны рух падбародка, чуваць глытанне;

– мочыцца 6 разоў у суткі і больш, мача светлая;

– стул звычайна 3–6 разоў у суткі;

– на працягу першых 4-х месяцаў дзіця прыбаўляе ў вазе ў сярэднім па 150–250 г у тыдзень;

– у перапынках паміж кармленнямі грудзьмі дзіця актыўнае, рухомае.

Прыбаўка масы цела

У першыя некалькі дзён пасля нараджэння дзіця можа страціць у сярэднім 7–10 % масы цела — гэта нармальна. Пасля наладжвання лактацыі і пры належным грудным выкормліванні дзіця пачынае набіраць вагу ў сярэднім па 25–30 г у дзень. Немаўляты звычайна вяртаюцца да сваёй вагі пры нараджэнні на 10–15-ы дзень жыцця. Пры добрым развіцці дзеці звычайна набіраюць мінімум 600 г у месяц. Вядома, некаторыя дзеці могуць прыбаўляць намнога больш, аднак не варта турбавацца пра імклівы наборы вагі дзіцем, калі яно харчуецца толькі грудным малаком.

Натуральнае харчаванне хворага дзіцяці

Усіх нованароджаных можна карміць грудным малаком. Выключэнне складаюць вельмі рэдкія выпадкі прыроджаных парушэнняў абмену рэчываў. Некаторыя дзеці, напрыклад неданошаныя або дзеці, якія знаходзяцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх, не могуць смактаць грудзі. Дзеці з расколінай паднябення, прыроджанымі парокамі сэрца, неўралагічнымі або генетычнымі захворваннямі могуць адчуваць цяжкасці пры смактанні. У такіх сітуацыях дзіця можна карміць грудным малаком найбольш зручным спосабам у адпаведнасці з яго станам, пакуль яно не зможа самастойна смактаць грудзі.

Цесны кантакт і ранняе выключна грудное выкормліванне на працягу першых 6 месяцаў забяспечваюць дзіцяці нармальны рост і развіццё. Грудное малако — лепшая першая здаровая ежа для вашага дзіцяці, якой дастаткова для падтрымання яго здароўя, росту і развіцця.