Асаблівасці сексуальных паводзін дзяцей ранняга ўзросту
Сексуальныя паводзіны малых дзяцей: што тыпова
Сексуальныя паводзіны вашага дзіцяці могуць выглядаць неадназначна, асабліва калі вы ўпершыню заўважыце іх праявы. Вам будзе карысна ведаць, што дакрананні дзіцяці да ўласнага цела, разглядванне і размовы аб яго будове — нармальны этап развіцця вашага дзіцяці ў раннім узросце.
Адкрытая і сумленная размова пра будову цела, секс і адносіны дапаможа вам накіроўваць і арыентаваць паводзіны вашага дзіцяці. Яна таксама закладвае аснову для будучых размоў пра сексуальнае развіццё, пра паважлівыя адносіны і сексуальнасць. Размаўляць пра гэта ніколі не рана.
Тыповыя сексуальныя паводзіны малога дзіцяці
Ваша дзіця можа:
- кранаць або церці свае геніталіі;
- паказваць свае геніталіі камусьці іншаму;
- глядзець на геніталіі знаёмых дзяцей ці дарослых, дакранацца да іх падчас гульні, купання ці ў прыбіральні;
- атрымліваць асалоду ад уласнага голага выгляду;
- праяўляць цікавасць да частак цела і да таго, як яны працуюць.
Што азначаюць сексуальныя паводзіны малога дзіцяці
Апісаныя вышэй паводзіны тыповыя для малых дзяцей. Ваша дзіця можа паводзіць сябе падобным чынам па наступных прычынах:
- яно атрымлівае задавальненне ад пэўных дзеянняў (напрыклад, калі кранае ўласныя геніталіі);
- яно засвойвае сацыяльныя правілы праз дакрананні;
- яму цікава даведацца пра адрозненні паміж целамі хлопчыкаў і дзяўчынак;
- яно вывучае тое, як працуюць целы дзяўчынак і хлопчыкаў;
- яно развівае свой слоўнікавы запас і разуменне мовы;
- яно спрабуе зразумець, як пабудавана сям’я і адносіны ў ёй.
Некаторыя праявы сексуальных паводзін ці гульні не з’яўляюцца тыповымі для дзяцей ранняга ўзросту і нават могуць быць прыкметай чагосьці больш сур’ёзнага. Больш аб праблемных сексуальных паводзінах вы можаце даведацца ў спецыялістаў.
Як рэагаваць на тыповыя сексуальныя паводзіны малых дзяцей
Тое, як вы рэагуеце, важна, і ваш водгук на сексуальныя паводзіны дзіцяці залежыць ад вашых каштоўнасцей і перакананняў. Некаторых бацькоў задавальняюць такія паводзіны, а іншых — не.
Галоўнае — захоўваць спакой, якая б ні была ваша рэакцыя.
Вы можаце расцэньваць сексуальныя паводзіны як магчымасць дапамагчы дзіцяці пазнаць нешта новае. Пагаварыце са сваім дзіцем і адкажыце на яго пытанні адкрыта і сумленна, выкарыстоўваючы зразумелыя яму словы. Напрыклад, вы можаце пагаварыць пра інтымныя часткі цела, пра тое, чым адрозніваюцца дзяўчынкі і хлопчыкі ці як функцыянуе цела.
Пры размове з дзіцем рэкамендуецца выкарыстоўваць правільныя словы для абазначэння частак цела — похвы, вульвы, грудзей, палавога члена, яечкаў і г. д. Гэта дапаможа вашаму дзіцяці больш даведацца пра сваё цела і выразна фармуляваць пытанні ці абазначаць праблемы, якія ў яго ёсць.
Калі ваша дзіця дэманструе сексуальныя паводзіны ў абстаноўцы, якая гэтага не прадугледжвае, і вы хочаце, каб яно спынілася, — напрыклад, калі яно гучна задае інтымнае пытанне ў грамадскім месцы, — паспрабуйце спакойна адцягнуць увагу дзіцяці, ненадоўга знайсці іншы занятак, каб яго ўвага пераключылася на нешта іншае. Прапануйце дзіцяці пагаварыць пра хвалюючыя яго пытанні пазней, калі ў вас будзе час і магчымасць.
Важна, каб ваша дзіця ведала, што цікаўнасць — гэта нармальна і што трэба абмяркоўваць гэтыя тэмы разам.