Астма: лячэнне і суправаджэнне

Асноўныя мэты лячэння і суправаджэння астмы: 1. Эфектыўнае купіраванне вострага прыступу астмы. 2. Прадухіленне ўзнікнення прыступаў астмы для падтрымання прывычнага ладу жыцця дзіцяці. Прафілактычная тэрапія таксама накіравана на мінімізацыю цяжкасці і працягласці прыступаў, якія ўсё ж здараюцца.
Body

Лячэнне астмы: план неадкладных дзеянняў

Пры дыягназе астмы ў дзіцяці важна мець план дзеянняў у экстранных выпадках, незалежна ад таго, наколькі лёгкімі ці сур’ёзнымі звычайна з’яўляюцца сімптомы.

Цяжкі прыступ астмы

Дзеянні пры цяжкім прыступе астмы ў дзіцяці:

1. Захоўвайце спакой і пасадзіце дзіця.

2. Калі дзіцяці 0–5 гадоў, зрабіце 2–6 асобных распыленняў доз з інгалятара праз спейсер. На кожную дозу лекаў дзіця павінна зрабіць чатыры глыбокія ўдыхі, перш чым ажыццявіць наступнае распыленне.

3. Калі дзіцяці 6 гадоў і больш, то яму неабходна зрабіць 4–12 распыленняў з інгалятара. На кожнае распыленне дозы лекаў дзіця павінна зрабіць чатыры глыбокія ўдыхі, перш чым ажыццявіць наступнае распыленне.

4. Пачакайце каля чатырох хвілін. Калі паляпшэнне нязначнае або адсутнічае, паўтарыце крок 2 ці 3, апісаныя вышэй.

5. Калі праз 4 хвіліны паляпшэнні ўсё яшчэ нязначныя або зусім не назіраюцца, выклічце хуткую дапамогу (па тэлефоне 103) і паведаміце, што ў дзіцяці прыступ астмы. У чаканні прыезду хуткай дапамогі дзіцяці неабходна рабіць удыхі з інгалятара праз спейсер, як апісана вышэй. Чакайце чатыры хвіліны і паўтарайце працэдуру — і так да прыезду хуткай дапамогі.

Абвастрэнне астмы

Абвастрэнню астмы папярэднічаюць лёгкія яе праявы, такія як кашаль, хрыпы ці лёгкая адышка. Калі дзіця адчувае гэтыя сімптомы, варта зрабіць наступнае:

1. Захоўвайце спакой і пасадзіце дзіця.

2. Дзіцяці неабходна зрабіць 2–4 асобныя ўдыхі з інгалятара праз спейсер. Пасля кожнага ўдыху лекаў яму трэба рабіць чатыры глыбокія ўдыхі, перш чым зноў удыхнуць лекі.

3. Пачакайце чатыры хвіліны. Калі сімптомы не аслабнуць, паўтарыце крок 2.

4. Калі сімптомы не праходзяць, выклічце хуткую дапамогу (па тэлефоне 103) і паведаміце, што ў дзіцяці прыступ астмы.

5. Калі сімптомы аслабнуць, неабходна сачыць за дзіцем на працягу дня, каб не прапусціць далейшых абвастрэнняў. Калі сімптомы ўзнікнуць зноў, паўтарыце крокі 1–3.

Калі дзіцяці патрабуюцца лекі для палягчэння сімптомаў на працягу дня або часцей, чым праз кожныя 4–6 гадзін, трэба звярнуцца да педыятра.

Клінічныя катэгорыі астмы

Дзяцей з астмай можна падзяліць на тры клінічныя катэгорыі і лячыць у адпаведнасці з імі.

Лёгкая інтэрмітуючая астма

Пры дадзеным відзе астмы сімптомы ўзнікаюць некалькі разоў у год і звычайна яны звязаны з прастудай ці іншай віруснай інфекцыяй. Магчыма, у дзіцяці будуць хрыпы ці кашаль на працягу некалькіх дзён падчас абвастрэння, тым не менш яно будзе хутка рэагаваць на лячэнне. Паміж прыступамі або абвастрэннямі дзіця, хутчэй за ўсё, будзе добра сябе адчуваць і весці нармальны актыўны лад жыцця без сімптомаў.

Дзіцяці з астмай, якая абвастраецца нячаста (інтэрмітуючая астма), звычайна неабходна лячэнне толькі пры вострым прыступе. Часцей за ўсё прымаць якія-небудзь лекі ад астмы ў перыяд паміж прыступамі не трэба.

Такі варыянт працякання астмы найбольш распаўсюджаны.

Цяжкая інтэрмітуючая астма

У дзіцяці з цяжкай інтэрмітуючай астмай бывае некалькі вострых прыступаў штогод — не радзей, чым кожныя шэсць тыдняў.

Калі ў дзіцяці цяжкая інтэрмітуючая астма, у яго могуць перыядычна ўзнікаць кашаль ці хрыпы, выкліканыя фізічнай актыўнасцю.

У некаторых выпадках цяжкай інтэрмітуючай астмы можа спатрэбіцца штодзённы прыём прафілактычных лекаў для прадухілення вострых прыступаў.

Персістыруючая астма

Такая астма назіраецца ў рэдкіх выпадках. Калі ў дзіцяці персістыруючая астма, то сімптомы ў яго праяўляюцца не радзей, чым адзін раз на тыдзень. Яны могуць узнікаць як днём, так і ноччу.

Дзіцяці з персістыруючай астмай можа спатрэбіцца штодзённы прыём некалькіх тыпаў прафілактычных лекаў.

Сродкі для палягчэння, прафілактыкі і кантролю астмы

Неабходныя пры астме лекавыя прэпараты можна падзяліць на:

  • сродкі для лячэння і палягчэння сімптомаў астмы;
  • сродкі для прафілактыкі, якія прадухіляюць вострыя прыступы;
  • сродкі для кантролю, што прымяняюцца пры астме, якую не ўдаецца рэгуляваць, нягледзячы на ​​выкарыстанне прэпаратаў для палягчэння сімптомаў і прафілактыкі прыступаў.

У некаторых выпадках патрабуецца прыём лекаў аднаго, двух ці нават усіх трох названых тыпаў. Педыятр дасць рэкамендацыі наконт найбольш прыдатных для дзіцяці прэпаратаў.

У залежнасці ад патрэб дзіцяці і ступені цяжкасці астмы яму могуць быць рэкамендаваны розныя спосабы прыёму лекаў: іх можна ўдыхаць, атрымліваць у выглядзе вадкасці, таблетак, парашку ці ін’екцый.

Сродкі для палягчэння

Бэта-2-аганісты, такія як сальбутамол і тэрбуталін, — прэпараты, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца для лячэння вострых сімптомаў астмы. Яны дапамагаюць расслабіць звужаныя дыхальныя шляхі і аблегчыць праходжанне паветра ў лёгкія.

Каб звесці да мінімуму сур’ёзнасць запалення, пры вострым прыступе часта адразу прызначаюць стэроіды (прэднізалон). Яны памяншаюць ацёк слізістай абалонкі дыхальных шляхоў.

Сродкі для прафілактыкі

Важнае значэнне маюць прэпараты для прафілактыкі астмы. Яны або памяншаюць наступствы запалення ў дыхальных шляхах (якое з’яўляецца асноўнай прычынай астмы), або зводзяць да мінімуму фактары, што выклікаюць запаленне.

Да сродкаў прафілактыкі астмы адносяцца:

  • інгаляцыйныя стэроіды, такія як бекламетазон, будэсанід, флутыказон і цыклесанід;
  • стэроіды ў таблетках ці мікстурах (прэднізалон), якія дзеці прымаюць унутр;
  • мантэлукаст (таблеткі), які ўяўляе сабой яшчэ адну альтэрнатыву кортыкастэроідам.

Прафілактычныя прэпараты неабходна прымаць кожны дзень. Дзіцяці таксама варта паласкаць рот пасля выкарыстання інгалятара са стэроідамі, каб пазбегнуць кандыдозу слізістай абалонкі рота (малочніцы).

У інгаляцыйных стэроідаў у звычайных дозах вельмі мала пабочных эфектаў. Важна, што адсутнічаюць пабочныя эфекты, звязаныя з працяглым прыёмам стэроідаў унутр.

Сродкі для кантролю

Калі астму ў дзіцяці не атрымліваецца рэгуляваць сродкамі для прафілактыкі і яму больш за пяць гадоў, урач можа прызначыць прэпараты для кантролю сімптомаў.

Такія сродкі з’яўляюцца версіяй бэта-2-аганістаў працяглага дзеяння. Гэта значыць, што яны дапамагаюць расслабляць звужаныя дыхальныя шляхі і палягчаць праходжанне паветра ў лёгкія і з іх.

У якасці прыкладаў можна назваць сальметэрол і фарматэрол. Такія прэпараты неабходна прымяняць толькі ў спалучэнні са сродкам для прафілактыкі. Камбінаваныя інгалятары, у якіх сумешчаны некалькі прэпаратаў, напрыклад сальметэрол з флутыказонам, будэсанід з фарматэролам або флутыказон з вілантэролам, палягчаюць гэтую задачу.

Прафілактыка астмы: як пазбегнуць правакавання прыступаў астмы

Дзіцяці варта пазбягаць цыгарэтнага дыму і знаходжання побач з жывёламі, на якіх у яго алергія. Калі ў дзіцяці алергія на пух або пяро, лепш выкарыстоўваць гіпаалергенныя пасцельныя рэчы. У выпадках, калі ў дзіцяці алергія на пылавых кляшчоў, трэба прыбраць дываны і іншыя паверхні, на якіх можа назапашвацца пыл, каб звесці да мінімуму яго ўтрыманне ў памяшканні.

Гэта нармальна, калі дзеля камфорту і здароўя дзіцяці неабходна знайсці баланс паміж прафілактычнымі мерамі і ладам жыцця сям’і. Не варта перажываць: вялікія змены не спатрэбяцца, калі ў дзіцяці толькі нязначныя сімптомы.

Як кантраляваць астму

Меры кантролю астмы ўключаюць:

  • веданне таго, што правакуе сімптомы астмы ў дзіцяці;
  • разуменне таго, як прымаць лекі пры астме (доза, частата), уменне правільна карыстацца інгалятарам;
  • веданне, што рабіць, калі сімптомы ў дзіцяці ўзмацняюцца, і як дзейнічаць у экстранных выпадках, калі дзіця не рэагуе на лекі, якія яно звычайна прымае;
  • дзіцяці і тым, хто, хутчэй за ўсё, можа апынуцца побач з ім у момант прыступу, вельмі важна навучыцца карыстацца інгалятарам (бацькі, блізкія, а таксама няня, выхавацель або школьны настаўнік).

Лекавыя прэпараты

Лекі, якія прымяняюцца пры астме, як правіла, бяспечныя, асабліва тыя, якія неабходна ўдыхаць. У дзіцяці хутчэй узнікаюць непрыемнасці з-за недастатковага прыёму лекаў пры астме, а не таму, што яно прымае іх занадта многа.

У выпадку ўзнікнення якіх-небудзь пабочных эфектаў ад лекаў трэба абмеркаваць гэта з педыятрам.

Жыццё з астмай

Большасць дзяцей, якія пакутуюць ад астмы, працягваюць весці звычайны лад жыцця.

Дзіця без праблем можа займацца спортам і фізічнай актыўнасцю. Магчыма, яму будзе неабходна прымаць лекі для палягчэння сімптомаў непасрэдна перад фізічнай актыўнасцю, каб прадухіліць з’яўленне хрыпаў ці кашлю.

Калі ў дзіцяці частыя прыступы або калі сімптомы перашкаджаюць яму займацца спортам, спаць па начах ці адчуваць сябе здаровым, верагодна, лячэнне недастатковае ці дзіця ігнаруе прыём лекаў. Пра гэта трэба пагаварыць з педыятрам, каб пры неабходнасці можна было змяніць падыход у лячэнні.

Дзіця, якое пакутуе ад астмы, не заўсёды добра ўмее ацэньваць ступень цяжкасці сваіх сімптомаў: яно часцей адзначае, што адчувае сябе добра, нават калі гэта не так. Неабходна сачыць за праявамі сімптомаў астмы ў дзіцяці і навучыць яго не ігнараваць іх. Абавязкова звярніцеся да педыятра пры ўзнікненні якіх-небудзь асцярог.