Астма: прычыны

Астма характарызуецца перыядычнымі прыступамі цяжкасці пры дыханні. Гэта звязана з ацёкам дыхальных шляхоў, што ўзнікае пры кантакце з пэўнымі рэчывамі або ў пэўных сітуацыях, якія правакуюць гэтую рэакцыю. Напрыклад, прычынамі прыступаў астмы могуць быць уздзеянне алергенаў, вірусныя інфекцыі, дым, фізічныя практыкаванні і змены надвор’я. Развіццё астмы магчыма ў выніку генетычнай схільнасці і ўздзеяння знешніх фактараў навакольнага асяроддзя дзіцяці.
Body

Што такое астма

Пры астме адбываецца запаленне дробных дыхальных шляхоў (бронхаў) лёгкіх, пры гэтым дыхальныя шляхі становяцца адчувальнымі да трыгераў. Трыгеры — гэта тое, што выклікае прыступы астмы. Пад іх уздзеяннем адбываецца скарачэнне мышачных валокнаў сценак дыхальных шляхоў. Пры гэтым узнікаюць праблемы з трапляннем паветра ў лёгкія і выхадам з іх, што выклікае хрыпы, кашаль, сцісканне ў грудзях і дыскамфорт пры дыханні.

Прычыны астмы

Развіццё астмы магчыма ў выніку перадачы дзіцяці ад бацькоў генаў, якія павялічваюць верагоднасць узнікнення захворвання. Гэта называецца генетычнай схільнасцю.

Верагоднасць развіцця астмы ў дзіцяці ўзрастае, калі адзін з бацькоў або член сям’і пакутуе ад астмы, экзэмы, сянной ліхаманкі або алергіі.

Трыгеры астмы

Найбольш частым трыгерам з’яўляецца вірусная інфекцыя, звычайна прастуда. Да трыгераў таксама адносяць пылок, фізічныя практыкаванні, змену надвор’я, халоднае паветра, цыгарэтны дым, забруджванне навакольнага асяроддзя, кляшчоў хатняга пылу і хатніх жывёл.

Пры астме рэагаванне на трыгеры выяўляецца хрыпам, кашлем і адышкай.

Уздзеянне тытунёвага дыму падчас развіцця ва ўлонні маці або падвержанасць пасіўнаму курэнню ў дзяцінстве могуць прывесці да развіцця астмы ў дзяцей з генетычнай схільнасцю да яе.

Дыягностыка астмы

У большасці выпадкаў спецыяльных тэстаў на астму не патрабуецца. Часцей за ўсё ўрач дыягнастуе яе на падставе гісторыі хваробы і агляду дзіцяці.

У выпадках больш цяжкай формы астмы або частых яе прыступаў могуць спатрэбіцца спецыяльныя тэсты на дыханне ці (у вельмі рэдкіх выпадках) рэнтгеналагічнае даследаванне.

Дзіцяці старэйшага ўзросту з астматычнымі прыступамі, якія носяць характар рэцэдыву, можа спатрэбіцца спіраметрыя — вымярэнне паказчыкаў патоку паветра, які ўваходзіць у лёгкія і выходзіць з іх. Таксама трэба правесці тэсты на наяўнасць алергіі, з гэтай мэтай дзіця накіруюць да алерголага.