Бацькі і час перад экранам: прыклад для дзяцей
Як правільна карыстацца гаджэтамі
Правільнае карыстанне гаджэтамі — гэта збалансаванае і разумнае выкарыстанне тэхналогій.
Гаворка ў дадзеным выпадку пра тое, для чаго вы праводзіце час перад экранам, а таксама пра тое, колькі часу вы аддаяце гэтаму занятку. Таксама важна, каб гаджэты былі ўсяго толькі адным са спосабаў расслабіцца і прыемна правесці час, а не адзінай магчымасцю гэта зрабіць.
Як ваш падыход да карыстання гаджэтамі ўплывае на ваша дзіця
На ваша дзіця моцна ўплывае тое, як вы карыстаецеся гаджэтамі, і па меры сталення яно будзе капіраваць вашы паводзіны.
Калі вам падабаецца на працягу некаторага часу пагартаць сацыяльныя сеткі, а затым адправіцца на прагулку з сям’ёй, гэта дасць вашаму дзіцяці зразумець, што сацыяльныя сеткі — усяго толькі адзін са спосабаў расслабіцца і пераключыцца. Гэта таксама дае вашаму дзіцяці ўяўленне, як можна бавіць час па-іншаму. Для дзяцей дашкольнага ўзросту спецыяльна стварыце асяроддзе з мноствам варыянтаў і матэрыялаў для творчасці і актыўнасці — у артыкулах гэтага дадатку вы знойдзеце шматлікія парады і ідэі.
Але калі вас турбуе тое, што вы не заглядвалі ў сетку на працягу гадзіны, гэта ўжо будзе значыць для дзіцяці зусім іншае. Таксама, калі вы бераце тэлефон у ванную, збіраючыся прыняць душ, гэта можа азначаць, што вам сапраўды цяжка жыць без тэлефона.
Гаджэты могуць перашкаджаць зносінам паміж бацькамі і дзецьмі — напрыклад, калі бацькі перарываюць размову з дзецьмі, каб праверыць тэкставыя паведамленні. Калі гэта будзе адбывацца часта, дзеці адчуюць, што яны для вас не маюць значэння. Гэта таксама можа прывесці да такіх паводзін, як ныццё або істэрыкі, таму што дзеці не могуць прыцягнуць увагу бацькоў з дапамогай добрых паводзін.
Парады, як навучыць дзіця правільнаму выкарыстанню гаджэтаў на асабістым прыкладзе
Вось некалькі ідэй для правільнага выкарыстання гаджэтаў, якія дапамогуць падаць добры прыклад свайму дзіцяці:
- Вазьміце за звычку на час прыбіраць тэлефон, каб пабыць са сваім дзіцем. Вы можаце зрабіць гэта, калі ваша дзіця вяртаецца з дзіцячага сада ці школы, калі вы вяртаецеся з працы або падчас сямейнага прыёму ежы, прагулкі з дзіцем на вуліцы і гэтак далей.
- Калі вы атрымаеце тэкставае паведамленне або якое-небудзь абнаўленне ў сацыяльных сетках падчас гутаркі з кім-небудзь, асабліва з вашым дзіцем, перш чым прагледзець яго, дачакайцеся завяршэння размовы.
- Старайцеся на ноч не браць тэлефон, планшэт ці ноўтбук з сабой у спальню. Пакідайце свае гаджэты на ноч у гасцінай ці іншым пакоі.
- Выключайце тэлевізар падчас сямейнага прыёму ежы ці калі ён працуе ў якасці фону. Замест гэтага паспрабуйце ўключаць музыку.
- Разам з дзецьмі распрацуйце сямейны графік карыстання гаджэтамі. Розныя часткі графіка будуць адносіцца да розных узростаў. У ім павінна быць прадугледжана, каб дзеці ва ўзросце да 2 гадоў не бавілі час каля экранаў зусім, а дзеці дашкольнага ўзросту — абмежавана. Можна ўстанавіць у ім правіла, каб ніхто не карыстаўся мабільнымі тэлефонамі падчас ежы. У першую чаргу самі выконвайце прыведзеныя ў графіку правілы.
- Карыстайцеся гаджэтамі ў станоўчых мэтах — напрыклад, адпраўляйце тэкставыя паведамленні, здзяйсняйце відэазванкі або заходзьце ў сацыяльныя сеткі, каб падтрымліваць сувязь з сям’ёй і сябрамі. Гэта адзіны варыянт баўлення часу перад экранам, які дазваляецца для немаўлят і малых дзяцей.
- Калі карыстаецеся гаджэтамі, рабіце перапынкі і рэгулярна рухайцеся. Клапаціцеся пра сваю паставу — трымайце ўстройства на ўзроўні вачэй.
- Пазбягайце пастаяннага выкарыстання гаджэтаў, каб заняць сваё дзіця ў такіх сітуацыях, як працяглыя паездкі на машыне або па справах. Паспрабуйце мяняць для дзіцяці від дзейнасці, напрыклад, пагуляйце ва ўгадайку, пачытайце або памалюйце з ім.
Паспрабуйце прасачыць, колькі часу вы праводзіце перад экранам на працягу тыдня. Улічвайце ўсе варыянты — тэлевізар, відэагульні, сацыяльныя сеткі, перапіска і гэтак далей. Калі вам падасца, што вы карыстаецеся гаджэтамі часцей, чым хацелася б, паменшыце час іх выкарыстання.
Парады, як на асабістым прыкладзе навучыць дзіця правільна карыстацца сацыяльнымі сеткамі
Правільнае карыстанне сацыяльнымі сеткамі дапаможа вам заставацца на сувязі з сябрамі і задавальняць свае інтарэсы, быць у курсе апошніх навін, поспехаў вашага дзіцяці ў школе, на спартыўных мерапрыемствах і г. д.
Калі вы карыстаецеся сацыяльнымі сеткамі і вам гэта падабаецца, ёсць мноства спосабаў, як стаць прыкладам для пераймання для свайго дзіцяці:
- Рэгулярна правярайце настройкі канфідэнцыяльнасці ў сваіх уліковых запісах у сацыяльных сетках.
- Будзьце ўважлівыя, калі выкладваеце фатаграфіі і пакідаеце каментарыі, а таксама сачыце за фота, на якіх вас адзначаюць, і каментарыямі, у якіх вас узгадваюць. Заўсёды будзьце ветлівыя ў сваіх паведамленнях.
- Абмяркуйце са сваімі старэйшымі дзецьмі, як вы карыстаецеся сацыяльнымі сеткамі. Гэта дапаможа ім быць адкрытымі ў дадзеным пытанні. Калі вы будзеце дзяліцца адзін з адным вясёлым кантэнтам, гэта можа стаць выдатным спосабам пагаварыць пра рэчы, якія падабаюцца вам абаім і якія здаюцца вам важнымі.
- Перш чым выкладаць фатаграфію ці публічна дзяліцца інфармацыяй пра сваё больш старэйшае дзіця, прасіце ў яго на гэта дазвол.
Калі вам здаецца, што вы ўжо не кантралюеце час знаходжання перад экранам, паспрабуйце змяніць свой падыход да выкарыстання гаджэтаў. Калі гэтай звычкі складана пазбавіцца, то можна звярнуцца па дапамогу да сяброў. Калі ваша дзіця будзе бачыць, як вы спрабуеце кіраваць сваім часам, прысвечаным гаджэтам, то гэта падасць яму добры прыклад.