Боязь незнаёмцаў: малыя дзеці і дзеці старэйшага ўзросту

Боязь незнаёмцаў — гэта нармальная з’ява, звязаная з пэўным этапам развіцця дзіцяці. Падобная рэакцыя можа пачаць выяўляцца ва ўзросце прыкладна васьмі месяцаў і звычайна праходзіць прыкладна да двух гадоў. Вы можаце дапамагчы свайму дзіцяці адчуваць сябе камфортна ў прысутнасці незнаёмцаў, калі будзеце праяўляць цярпенне і знаёміць яго з новымі людзьмі паступова. Калі старэйшае дзіця баіцца незнаёмых людзей, будзе карысна папрацаваць над тым, каб яно станавілася больш самастойным і ўпэўненым у сабе.
Body

Боязь незнаёмцаў: што гэта такое

Што да немаўлят і малых дзяцей, то боязь незнаёмцаў з’яўляецца звычайнай з’явай. Гэта нармальны этап развіцця дзіцяці.

Падобная рэакцыя з’яўляецца, калі ў вашага дзіцяці развіваецца ўстойлівая прывязанасць да блізкіх людзей, такіх як вы. Дзеці аддаюць перавагу ўзаемадзеянню са знаёмымі ім дарослымі, і рэакцыі на незнаёмцаў могуць быць разнастайнымі: магчыма, ваша дзіця будзе плакаць, дэманстраваць занепакоенасць ці, наадварот, затоіцца, будзе выглядаць напалоханым або паспрабуе схавацца.

Боязь незнаёмцаў звычайна ўзмацняецца ва ўзросце прыкладна 7–10 месяцаў. Яна можа працягвацца некалькі месяцаў ці значна даўжэй. Звычайна страх перад незнаёмымі людзьмі праходзіць ва ўзросце ад 18 месяцаў да 2 гадоў.

Напрыклад, 10-месячнае дзіця, якое з 6 месяцаў застаецца з няняй, можа засмуціцца, калі прыйдзе новая няня. Магчыма, дзіця будзе плакаць, прыціскацца галавой да шыі маці ці крычаць, калі няня паспрабуе наблізіцца ці ўзяць яго ў мамы ці таты.

Дапамога пры боязі незнаёмцаў: што вы можаце зрабіць

Хоць страх перад незнаёмымі людзьмі з’яўляецца часткай нармальнага развіцця немаўлят і малых дзяцей, вы можаце зрабіць некалькі рэчаў, дзякуючы якім ваша дзіця будзе менш засмучацца.

Каб дапамагчы дзіцяці адчуваць сябе спакойна ў прысутнасці незнаёмцаў, скарыстайцеся наступнымі прыёмамі:

  • Не ігнаруйце боязь незнаёмцаў у вашага дзіцяці і не смейцеся з яго паводзін. Гэта можа толькі ўзмацніць яго трывогу і страх.
  • Трымайце дзіця за руку ці дазваляйце яму садзіцца да вас на калені, калі яно сустракаецца ці знаёміцца ​​з новымі людзьмі.
  • Калі магчыма, знаёмце дзіця з новымі для яго людзьмі спачатку дома. Дом — гэта тое месца, дзе ваша дзіця адчувае сябе найбольш камфортна.
  • Калі дзіця моцна расстроілася з-за новага чалавека, супакойце яго і паспрабуйце іншы падыход, напрыклад, пагуляйце ўсе разам. Вы таксама можаце адвесці дзіця ад новага для яго чалавека, пакуль дзіця не супакоіцца. Паўтарыце спробу яшчэ раз праз некаторы час.
  • Калі вы праводзіце час з новымі для вашага дзіцяці людзьмі, бярыце з сабой тое, што яго супакойвае (цацку ці коўдру).
  • Захоўвайце спакой.

Не спяшайцеся

  • Набярыцеся цярпення, не падштурхоўвайце дзіця да новых для яго людзей, пакуль яно не будзе гатова: «Відаць, ты хочаш пабыць са мной яшчэ крыху. Давай спачатку паглядзім разам вось гэтую кніжку».
  • Калі вы знаёміце сваё дзіця з кімсьці новым для яго, заставайцеся побач.
  • Папрасіце незнаёмых вашаму дзіцяці дарослых крыху пачакаць, перш чым яны наблізяцца або возьмуць дзіця на рукі.
  • Больш старэйшаму дзіцяці можна растлумачыць, хто гэты новы для яго чалавек і што адбываецца. Напрыклад, скажыце: «Гэта мая сяброўка Аня. Яна таксама любіць гуляць з машынкамі! Аня пабудзе з табой, пакуль мы сходзім у госці да нашых сяброў. Мы вернемся адразу пасля таго, як ты памыешся ў ванначцы».

Знаёмства з новымі людзьмі

  • Працягвайце знаёміць сваё дзіця з новымі людзьмі. Чым больш у дзіцяці будзе магчымасцей знаёміцца ​​і даведвацца, што незнаёмыя людзі не ўяўляюць пагрозы для яго, тым большая верагоднасць, што яго страх пройдзе.
  • Дэманструйце дзіцяці свае ўпэўненыя паводзіны: усмешка, расслабленая поза, зрокавы кантакт і вясёлы голас пакажуць яму, што вы цёпла ставіцеся да новых для яго людзей і настроены станоўча. Дэманструйце дзіцяці, што вы не баіцеся новых людзей.
  • Старэйшаму дзіцяці дапамажыце асвоіць некаторыя прыёмы, дзякуючы якім яно зможа спраўляцца з сітуацыяй, калі будзе знаёміцца ​​з новымі людзьмі, напрыклад: «Давай разам зробім некалькі спакойных удыхаў і выдыхаў» або «Вось табе мой пацалунак, які будзе аберагаць цябе і дзейнічаць увесь дзень. Пацалуеш мяне гэтак жа?» Гэтыя простыя прыёмы дапамогуць вашаму дзіцяці адчуваць сябе больш упэўнена ў прысутнасці незнаёмых людзей.
  • Не турбуйцеся пра пачуцці дарослых. Проста папярэдзьце іх, што ваша дзіця пакуль вучыцца знаходзіцца ў прысутнасці незнаёмых для яго людзей.

Боязь незнаёмцаў у дзяцей, старэйшых за два гады

Боязь незнаёмцаў у большасці малых дзяцей пачынае праходзіць прыкладна да двух гадоў, але і ў больш старэйшых дзяцей гэта не такая і рэдкая з’ява.

Адзін са спосабаў дапамагчы справіцца з хваляваннем з нагоды незнаёмых людзей — гэта заахвочваць у вашага дзіцяці самастойнасць і ўпэўненасць ва ўласных сілах. Калі дзіця будзе адчуваць сябе больш самастойным, то, хутчэй за ўсё, яно будзе больш упэўненым у прысутнасці незнаёмых людзей.

Вось некалькі парад, якія дапамогуць зрабіць ваша дзіця больш самастойным:

  • Дазваляйце дзіцяці рабіць нешта самому, напрыклад есці, распранацца ці апранацца, вывучаць новае гульнявое асяроддзе ці прыдумваць новыя гульні.
  • Забяспечвайце яму шмат новых пазітыўных уражанняў і знаёмце з новымі людзьмі. З часам яно зразумее, што нічога дрэннага не адбываецца.
  • Пастарайцеся не спяшацца з рашэннем праблем, давайце свайму дзіцяці магчымасць спраўляцца з імі самастойна.
  • Даверце дзіцяці адказваць за выкананне некаторых простых абавязкаў, напрыклад, даручыце яму складаць пакупкі ў каляску ў супермаркеце, правяраць паштовую скрыню або збіраць на стол.
  • Прывучайце дзіця ўкладвацца спаць не дома. Гэта дапаможа дзіцяці хутчэй адаптавацца да рэжымных момантаў дзіцячай дашкольнай установы або аблегчыць задачу, калі будзе неабходна пераначаваць у сваякоў.

Атрыманне дапамогі

Большасць дзяцей ва ўзросце, малодшым за два гады, трывожацца, калі іх пакідаюць з новымі для іх людзьмі. Калі страх незнаёмых людзей у вашага дзіцяці працягваецца ў наступныя гады жыцця, узмацняецца або набывае надакучлівую форму, якая перашкаджае развівацца, вы можаце пракансультавацца з педыятрам, неўролагам, псіхолагам наконт вашых асцярог і атрымання магчымай дапамогі.