Бранхіяліт

Бранхіяліт — гэта распаўсюджаная інфекцыя, якая выклікаецца вірусам. Ён пашкоджвае дробныя дыхальныя шляхі ў лёгкіх немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту, выклікаючы іх звужэнне ў выніку запалення і павышанай прадукцыі слізі. Пры першым падазрэнні на гэтае захворванне неабходна звярнуцца да ўрача.
Body

Прычыны бранхіяліту

Бранхіяліт можа быць выкліканы мноствам розных вірусаў, але часцей за ўсё яго прычынай з’яўляецца рэспіраторна-сінцытыяльны вірус (РСВ), які распаўсюджваецца пры чханні, кашлі і блізкім кантакце.

Сімптомы бранхіяліту

Першыя сімптомы бранхіяліту падобныя на прастуду: насмарк і чханне, лёгкі кашаль і павышэнне тэмпературы цела.

Па меры развіцця бранхіяліту дыханне дзіцяці можа стаць пачашчаным і ўскладненым, а кашаль узмацніцца.

Звяртайце ўвагу на цяжкасці з дыханнем: яно можа стаць пачашчаным, пры дыханні могуць быць задзейнічаны дапаможныя мышцы або адзначаецца раздзіманне крылаў носа. Пры спробе дзіцяці зрабіць выдых могуць быць чутныя спецыфічныя гукі — хрып. У цяжкіх выпадках у дзіцяці могуць пасінець губы.

Хворы можа адмаўляцца ад ежы і быць вельмі неспакойным.

Пік інтэнсіўнасці сімптомаў бранхіяліту прыпадае на другі ці трэці дзень захворвання, затым стан паступова паляпшаецца. Хвароба можа працягвацца да 10 дзён. Па меры таго як стан дзіцяці паляпшаецца, хрыпы і пачашчанае дыханне памяншаюцца. Аднак кашаль можа захоўвацца даўжэй.

Бранхіяліт часцей за ўсё сустракаецца ў немаўлят і ў дзяцей ранняга ўзросту.

Сімптомы бранхіяліту падобныя да сімптомаў астмы, але гэта захворванне іншага роду і патрабуе іншага лячэння.

Калі варта звярнуцца да педыятра пры сімптомах бранхіяліту

Агляд педыятра неабходны, калі ў дзіцяці адзначаецца адна або некалькі з наступных праяў:

  • ускладненае дыханне або яго пачашчэнне;
  • часты кашаль з ускладненнем адкашлівання;
  • праблемы пры прыёме ежы ці піцці або зніжэнне частаты і аб’ёму мочаспусканняў;
  • змена колеру твару падчас кашлю;
  • пагаршэнне агульнага стану, дзіця стомленае або соннае.

Неадкладна выклічце хуткую медыцынскую дапамогу (па тэлефоне 103), калі ў дзіцяці з’явілася задышка, узніклі цяжкасці з дыханнем або пасінела вобласць вакол вуснаў.

Лячэнне бранхіяліту

Пры бранхіяліце лёгкай ступені дзіця дапушчальна лячыць у хатніх умовах:

  • Калі дзіця на грудным выкормліванні і яму менш за шэсць месяцаў, карміце яго часцей, але меншымі порцыямі.
  • Калі дзіця на штучным выкормліванні і яму менш за шэсць месяцаў, звычайную колькасць сумесі мяняць не варта. Магчыма, спатрэбіцца карміць яго часцей, але паменшыць аб’ём порцый.
  • Калі дзіця старэйшае за шэсць месяцаў, працягвайце прывычнае харчаванне. Дазваляецца дадаткова даваць дзіцяці ваду.
  • Пры высокай гарачцы дапускаецца прыём жарапаніжальных прэпаратаў (напрыклад, парацэтамолу) у адпаведнасці з інфармацыяй у інструкцыі.
  • Дзіцяці неабходна як мага больш адпачываць.

Курыць у прысутнасці хворага дзіцяці недапушчальна. Таксама варта засцерагчы яго ад кантакту з іншымі дзецьмі ў першыя некалькі дзён, паколькі бранхіяліт з’яўляецца інфекцыйным захворваннем.

Дзіцяці не паказаны антыбіётыкі, паколькі прычынай бранхіяліту з’яўляецца вірусная інфекцыя, а не бактэрыяльная.

Пры бранхіяліце ў больш цяжкай форме дзіцяці, магчыма, спатрэбіцца шпіталізацыя. Гэта неабходна для забеспячэння інфузійнай тэрапіі ў выпадку адмовы ад ежы і пітва або дадатковай падачы ўвільготненага кіслароду ў выпадку наяўнасці кіслародазалежнасці. Рашэнне пра неабходнасць шпіталізацыі дзіцяці ў стацыянар прымае педыятр пасля агляду.

Пры цяжкай форме бранхіяліту дзіцяці можа спатрэбіцца ўстаноўка зонда для энтэральнага харчавання праз нос або ўнутрывеннае ўвядзенне вадкасці з дапамогай кропельніцы.

У некаторых выпадках патрабуецца назначэнне проціастматычных лекавых прэпаратаў, напрыклад сальбутамолу. Дзякуючы гэтаму пашыраюцца дыхальныя шляхі і палягчаецца дыханне, але, як правіла, такое лячэнне не эфектыўнае пры бранхіяліце.