Будуем картачны домік

Што спатрэбіцца: калода карт.

У чым заключаецца гульня.

1. Бяром дзве карты з калоды, па адной у кожную руку, і прыхіляем іх верхнія краі адзін да аднаго, каб атрымалася літара Л або трохвугольнік, ніжняй стараной якога з’яўляецца нейкая паверхня (падлога ці стол). Лепш папрактыкавацца ў гэтым нейкі час, таму што дадзены элемент трэба будзе паўтараць шмат разоў.

2. Калі базавы трохвугольны элемент будзе засвоены, час зрабіць аснову вашай канструкцыі. Яна будзе складацца з 2, 3 ці больш трохвугольнікаў, размешчаных у адзін рад. Каб сачыць за тым, што ўсё размешчана роўна, можна выкарыстоўваць некалькі запасных карт, паставіўшы іх перад пабудовай.

3. Калі аснова з трохвугольнікаў будзе гатова, неабходна пакласці карту гарызантальна па-над вяршынямі двух трохвугольнікаў. Такім чынам мы злучаем іх і ствараем ніжнюю старану для трохвугольніка наступнага ўзроўню. Аналагічным чынам неабходна злучыць усе трохвугольнікі першага ўзроўню.

4. Акуратна будуем трохвугольнікі па-над картамі, якія былі пакладзены паміж вяршынямі трохвугольнікаў ніжняга рада. Гэтыя трохвугольнікі будуць знаходзіцца вышэй і паміж двума ніжнімі трохвугольнікамі.

5. Паўтараем дзеянні 3 і 4, пакуль домік не будзе дабудаваны.

Каб канструкцыя была больш устойлівай, лепш выкарыстоўваць старую ці не самую новую калоду — у такіх карт менш слізкая паверхня, чым у новых.

Будаваць картачны домік можна аднаму або арганізаваць спаборніцтва па пабудове картачных домікаў — хто хутчэй/вышэй/больш. А што ў гэтай гульні дзецям падабаецца найбольш? Вядома, разбураць усё гэта!

Чым карысная гульня. Найперш дзіця вучыцца будаваць. Акрамя таго, пры пабудове класічнага картачнага доміка ў выглядзе піраміды яно вучыцца праяўляць цярпенне і самавалоданне.