Бяспечна даследуем прадметы

Што спатрэбіцца: прадметы, з якімі любіць гуляць ваша дзіця, і дзве каробкі.

У чым заключаецца гульня. Зараз вельмі захапляльны перыяд у жыцці вашага дзіцяці. Яно з энтузіязмам і ўсё больш умела даследуе рукамі разнастайныя прадметы. І пры гэтым працягвае цягнуць іх у рот. Гэта выклікае прыемныя адчуванні і з'яўляецца яшчэ адным спосабам вывучэння навакольнага свету. Галоўнае, сачыце, каб вакол дзіцяці не было дробных прадметаў — у гэтым узросце асабліва высокая рызыка падавіцца або праглынуць іх.

Вы можаце засцерагчы ваша дзіця. Напрыклад, можна сабраць усе рэчы, якія яно любіць даследаваць — цацкі і іншыя бытавыя прадметы — і паглядзець, якія з іх занадта дробныя і могуць быць небяспечнымі, калі дзіця гуляе з імі само, без вашага нагляду. Такія рэчы можна скласці ў асобную каробку, паставіць туды, куды дзіця не дабярэцца само, і прыносіць іх толькі тады, калі вы гуляеце разам з дзіцем. Бяспечныя прадметы можна скласці ў іншую каробку, з якой ваша дзіця можа само іх даставаць, высыпаць, даследаваць і цягнуць у рот колькі душы заўгодна. Абавязкова размаўляйце з дзіцем, калі назіраеце за тым, як яно гуляе і вывучае розныя прадметы: «Ого, што ты знайшоў/знайшла! Гэта лыжка. Як ты ёй стукаеш!».

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. У гэтым узросце для вашага дзіцяці найбольш важным спосабам пазнання свету з'яўляецца вывучэнне прадметаў. Яно засвойвае, на што яны падобныя, якія яны навобмацак, на смак. Нешта цвёрдае? Мяккае? Пластычнае? Як гэта можна выкарыстоўваць? Біць? Трэсці? Робячы так, каб дзіця магло бяспечна даследаваць розныя прадметы, вы стымулюеце развіццё яго пачуццяў (зроку, дотыку, слыху) і разумовых здольнасцей. Асабліва важнымі з'яўляюцца вашы размовы з дзіцем, бо вы расказваеце яму, што яно робіць.