Час перад экранам і ваша сям’я: разумны падыход
Гаджэты ў вашай сям’і: карысць ці шкода?
Разумны падыход да карыстання тэлефонам/планшэтам/камп’ютарам/тэлевізарам у вашай сям’і — гэта:
- старацца карыстацца лічбавымі ўстройствамі так, каб гэта не шкодзіла вашым адносінам унутры сям’і;
- не дазваляць самым маленькім членам сям’і карыстацца лічбавымі ўстройствамі;
- карыстацца гаджэтамі ў адпаведнасці з вашымі індывідуальнымі патрэбамі і інтарэсамі.
Вы можаце дабіцца таго, што выкарыстанне тэлефона/планшэта/камп’ютара/тэлевізара не будзе шкодзіць здароўю членаў сям’і і адносінам паміж імі, калі разам вызначыце час, які можна праводзіць перад экранам, і дамовіцеся пра асноўныя правілы і прынцыпы карыстання гаджэтамі ў сябе дома.
Прыведзеная далей інструкцыя з пяці крокаў можа стаць добрым пачаткам для вашай сям’і.
Крок 1: будзьце прыкладам разумнага выкарыстання гаджэтаў
Тое, як вы карыстаецеся гаджэтамі і як гаворыце пра гэта, фарміруе ў вашага дзіцяці выразнае ўяўленне пра тое, якое месца такія ўстройствы павінны займаць у жыцці сям’і. Напрыклад, калі дома ў вас заўсёды з сабой тэлефон, то ваша дзіця запомніць, што тэлефоны вельмі важныя.
Калі вы будзеце адсочваць час, які праводзіцца перад экранам, то гэта дапаможа вам зразумець, якое ўяўленне пра гаджэты вы фарміруеце ў дзяцей. Калі ў вашым тэлефоне ёсць функцыя адсочвання, вы можаце прымяняць яе для кантролю часу выкарыстання. Што тычыцца старэйшых дзяцей, вы таксама можаце папрасіць іх звярнуць увагу, як доўга яны карыстаюцца тэлефонам на працягу дня. Вы і ваша дзіця маглі б затым прааналізаваць вынікі і абмеркаваць, ці не хацелася б вам што-небудзь змяніць.
Таксама карысна размаўляць са сваім дзіцем старэйшага ўзросту пра дадаткі, якія вы выкарыстоўваеце, пра людзей ці групы, на якія вы падпісаны, або пра цікавыя рэчы, якія вы прачыталі. Гэта дапамагае стварыць дома бяспечную і даверлівую атмасферу, у якой можна адкрыта гаварыць пра выкарыстанне гаджэтаў.
Крок 2: даведвайцеся аб прагрэсе вашага дзіцяці і яго патэнцыяле ў якасці карыстальніка тэхналогій
Памятайце, што дзеці ва ўзросце да 2 гадоў не павінны карыстацца гаджэтамі ні для якіх мэт, акрамя відэазванкоў, якія дапамагаюць заставацца на сувязі з блізкімі. Што да дзяцей дашкольнага ўзросту, таксама трэба абмяжоўваць выкарыстанне гаджэтаў і замяняць яго фізічнай актыўнасцю і гульнямі, якія дапамогуць сацыялізацыі. Цікаўцеся тым, як ваша дзіця выкарыстоўвае гаджэты зараз і, магчыма, будзе выкарыстоўваць іх у будучыні, гэта дапаможа вам зразумець, якія ў яго інтарэсы, патрэбы і цяжкасці ў гэтай галіне. Вы можаце зрабіць гэта, калі папросіце сваё дзіця расказаць, як і для чаго яно карыстаецца гаджэтамі.
Магчыма, вы проста не ўмееце карыстацца гэтымі ўстройствамі так, як гэта робіць ваша дзіця. Можна папрасіць дзіця навучыць вас гуляць у гульню, каб вы зразумелі, чаму яна так яму падабаецца.
Крок 3: выкарыстоўвайце якасны кантэнт
Для вашага дзіцяці, якое расце, вельмі важны якасны кантэнт. Кантэнт будзе асабліва каштоўным, калі ён будзе адпавядаць інтарэсам дзіцяці, абуджаць у ім уяўленне або ўмацоўваць веды пра нешта, што яно вывучае ў школе.
Стымулюйце сваё дзіця больш старэйшага ўзросту выкарыстоўваць якасныя дадаткі, гульні, глядзець якасныя праграмы па тэлевізары, фільмы і відэаролікі на YouTube. Для гэтага расказвайце яму пра інфармацыю, якая ў выбраных рэсурсах можа быць для яго карыснай. Вы таксама можаце дапамагчы свайму дзіцяці рабіць свядомы выбар, калі пакажаце яму, як знаходзіць надзейныя агляды лічбавых рэсурсаў і кантэнту.
Дазвольце дзіцяці паназіраць за тым, як вы выбіраеце для сябе якасны кантэнт. Таксама важна абмяркоўваць з дзіцем свой выбар.
У многіх сем’яў дома ёсць розныя ўстройствы — тэлефоны, камп’ютары і г. д. Сачыце за тым, што могуць убачыць нават самыя малыя дзецi. Напрыклад, некаторыя сюжэты ў навінах ці ў відэагульнях могуць быць даволі жорсткімі і страшнымі для малых дзяцей, хаця яны пакуль не разумеюць, што яны бачаць.
Крок 4: выпрацуйце правілы карыстання гаджэтамі ў сям’і
Правілы — гэта спосаб кіравання часам, які члены сям’і праводзяць перад экранам. Такія правілы дапамогуць кожнаму члену сям’і зразумець, колькі часу ён можа праводзіць перад экранам. Вось некалькі пытанняў, якія дазволяць вам выпрацаваць правілы карыстання гаджэтамі ў сям’і:
- Каму дазваляецца карыстацца гаджэтамі, улічваючы ўзрост і ўзровень развіцця?
- Калі і дзе можна карыстацца гаджэтамі ў вас дома? Напрыклад, у гасцінай, але не ў спальні.
- Ці забаронены нейкія канкрэтныя вэб-сайты, гульні або дадаткі? Якія і чаму?
- Якой інфармацыяй можна дзяліцца ў інтэрнэце?
- У якія гульні не трэба гуляць і якія фільмы не варта глядзець, пакуль малыя дзеці не лягуць спаць?
- Што будзе, калі нехта парушыць правілы?
Вашы правілы, якія датычацца карыстання гаджэтамі, павінны быць дастаткова ўніверсальнымі, каб распаўсюджвацца на навучальныя, выхадныя і святочныя дні. У правілах таксама павінны ўлічвацца зменлівыя запатрабаванні і інтарэсы вашага дзіцяці па меры яго сталення.
Рэкамендуецца пераглядаць правілы праз кожныя некалькі месяцаў і кожны раз, калі ў вас дома з’яўляецца новы гаджэт. Гэта дапаможа вам пераканацца ў тым, што правілы па-ранейшаму задавальняюць запатрабаванні ўсіх членаў сям’і.
Крок 5: карыстайцеся гаджэтамі разам
Старайцеся, каб дзеці малодшага ўзросту не праводзілі свой час перад экранам. А са старэйшымі дзецьмі можа быць весела разам бавіць час за гаджэтамі пры ўмове, што вы будзеце сумесна займацца і чым-небудзь іншым.
Вось некалькі ідэй, як можна праводзіць час перад экранам разам:
- Пашукайце ў інтэрнэце з дзіцем тое, што вас абаіх цікавіць, напрыклад, куды схадзіць у выхадны дзень або рэцэпт новай стравы на вячэру.
- Гуляйце з дзіцем старэйшага ўзросту ў гульню, у якую яно цяпер гуляе, напрыклад, у анлайн-версію гульні «Эрудыт». Гэта весела і можа быць асаблівым заняткам толькі для вас дваіх.
- Загрузіце музычны дадатак, а затым дзяліцеся музыкай, якую вы слухаеце, і абмяркоўвайце яе.
- Папрасіце дзіця навучыць вас гуляць у анлайн-гульню, якая яму падабаецца, або расказаць вам пра дадаткі, якімі яно карыстаецца, і любімыя вэб-сайты.
- Выяўляйце актыўнасць падчас сумеснага карыстання тэхналогіямі — напрыклад, адпраўцеся ў паход з выкарыстаннем дадатку з картамі.
Любы час, які вы праводзіце са сваім дзіцем, падзяляючы пры гэтым яго інтарэсы, — гэта добрая магчымасць умацаваць давер, сувязь паміж вамі і наладзіць зносіны. Такі падыход будзе слушным не толькі ў дачыненні да інтэрнэту, але і ў рэальнасці — шукайце магчымасці атрымаць задавальненне ад энтузіязму вашага дзіцяці, які можа распаўсюджвацца на любыя сферы жыцця.