Чорнае і белае (для немаўлят)
Што спатрэбіцца: карткі з чорнымі і белымі фігурамі; карткі чорнага, белага і чырвонага колеру.
У чым заключаецца гульня. Гэта просты занятак з некалькіх дзеянняў:
- Пакажыце картку дзіцяці. Патрымайце яе нерухома 10 секунд, каб у немаўляці было дастаткова часу звярнуць на яе ўвагу і прыгледзецца.
- Кожны раз, паказваючы картку, пяшчотна размаўляйце з дзіцем. Выкарыстоўвайце простыя фразы: «ого», «глядзі» і іншыя. Называйце колер і фігуру. Няхай немаўля цягнецца да картак, дакранаецца да іх, бярэ ў рукі, калі ўжо ўмее.
- Раскладзіце ўсе карткі на падлозе ці на стале. Няхай дзіця паглядзіць на ўсе колеры і фігуры адначасова. Можа быць, нейкія з іх прыцягваюць яго ўвагу больш, чым іншыя?
Чым карысная гульня. Гэты занятак дапаможа немаўляці развіць зрок і канцэнтрацыю.
Кантрасныя фігуры і колеры — гэта тое, што дзіця сапраўды можа адрозніваць у раннім дзяцінстве. Элементы сятчаткі чалавечага вока (іх называюць палачкі і колбачкі) адказваюць за магчымасць успрымаць колер. У дзяцей да шасці–дзевяці месяцаў яны недастаткова развітыя, каб адрозніваць сіні, ружовы, жоўты, фіялетавы і зялёны колеры. У гэтым узросце немаўляці лягчэй адрозніваць кантрасныя фігуры чорнага і белага колеру.