Чытанне дзецям ва ўзросце ад 12 да 18 месяцаў
Чытанне дзецям ва ўзросце ад 12 да 18 месяцаў
<p>Дзякуючы чытанню, размовам і спевам разам з вамі ваша дзіця ва ўзросце 12–18 месяцаў будзе больш даведвацца пра гукі, словы і мову. Штодзённае чытанне разам з маленькім дзіцем вельмі карысна для яго. Дазваляйце яму выбіраць кнігі, чытайце павольна і давайце час разгледзець малюнкі. Дзіцяці падабаюцца кнігі з добрай рыфмай, рытмам і паўторамі. Яму таксама могуць спадабацца кардонныя кніжкі і кнігі з разнастайнымі тэкстурамі. Паглядзіце нашы парады.</p>
Чаму важна чытаць разам з дзіцем ва ўзросце ад 12 да 18 месяцаў
Калі штодня расказваць казкі, размаўляць і спяваць, то гэта значна дапаможа развіццю вашага дзіцяці.
Вы можаце пачаць чытаць свайму дзіцяці так рана, як вам захочацца, — чым раней, тым лепш. У нашых артыкулах пра чытанне з дзецьмі рознага ўзросту і пра развіццё ўменняў чытаць і пісаць падрабязна расказана, з чаго пачынаць.
Чытайце кнігі разам з дзіцем
Ва ўзросце 12–18 месяцаў у жыцці вашага дзіцяці надыходзіць важны перыяд для развіцця маўлення. Здольнасць размаўляць і разумець словы развіваецца вельмі хутка. Ніжэй прадстаўлены ідэі, як весела бавіць час з кнігамі, прыдумваць казкі, размаўляць і спяваць, — гэта значыць, праводзіць асаблівы час разам з дзіцем.
Вось некаторыя парады, якія дапамогуць вам і вашаму дзіцяці атрымаць максімальную карысць ад чытання:
- Кожны вечар чытайце кніжку перад сном ці расказвайце сямейную гісторыю пасля вячэры ці перад тым, як легчы спаць.
- Няхай дзіця выбера кнігу і трымае яе, а вы дапамагайце яму гартаць старонкі.
- Падладжваючыся пад рытм слоў з кнігі, гушкайце сваё дзіця на каленях, або пяшчотна пастуквайце далонню яго па спінцы ў такт рытму.
- Няхай сімпатыя вашага дзіцяці да яго любімай кнігі толькі мацнее. Для гэтага чытайце яе рэгулярна, але прапаноўвайце новыя ці іншыя кнігі.
Вось некалькі агульных парад адносна чытання, якія падыдуць для большасці маленькіх дзяцей незалежна ад іх узросту:
- Зрабіце чытанне паўсядзённым заняткам, старайцеся чытаць хаця б адну кнігу кожны дзень. Можна стварыць асаблівае месца для чытання — напрыклад, ім можа стаць вялікае зручнае крэсла, у якім вам з дзіцем будзе камфортна разам і якое будзе стаяць побач са стосам кніг ці кніжнай паліцай.
- Выключыце ўсе гаджэты і знайдзіце ціхае месца для чытання, каб ваша дзіця магло чуць ваш голас і засяродзіцца на кнізе.
- Падчас чытання трымайце дзіця блізка да сябе або пасадзіце яго сабе на калені так, каб яно магло бачыць ваш твар і кнігу.
- Не спяшайцеся, дайце дзіцяці час разгледзець малюнкі.
- Утварайце смешныя гукі і выкарыстоўвайце розныя галасы для розных персанажаў — гуляйце і весяліцеся.
Што чытаць свайму дзіцяці ва ўзросце 12–18 месяцаў
Маленькім дзецям падабаюцца кнігі, у якіх ёсць добрая рыфма, рытм і паўторы, — гэтыя элементы дапамагаюць дзецям вучыцца. Пры выбары новых кніг кіруйцеся інтарэсамі вашага дзіцяці. Лепш за ўсё яно вучыцца нечаму новаму, калі яму цікава тое, што вы чытаеце разам.
Калі вашаму дзіцяці будзе каля 12 месяцаў, прапануйце яму, абавязкова ўлічваючы інтарэсы дзіцяці, наступныя віды кніг:
- кнігі пра ежу, транспарт, жывёл, пра іншых дзяцей;
- трывалыя кардонныя кнігі, якія лёгка трымаць;
- кнігі з малюнкамі або ілюстрацыямі простых прадметаў;
- кнігі з калажамі ці тэкстурамі розных матэрыялаў і тканін.
Калі магчыма ва ўмовах абмежаванняў, звязаных з каранавірусам, наведайце мясцовую бібліятэку. Там вы зможаце бясплатна ўзяць кнігі, якія ідэальна падыдуць для вашага дзіцяці.