Чытанне з дзецьмі ва ўзросце ад 2 да 4 гадоў
Чытанне і расказванне казак дапамагаюць агульнаму развіццю вашага дзіцяці. Пачынайце з кніжак з малюнкамі, у якіх ёсць рыфма і рытм і якія будуць цікавы вашаму дзіцяці. Старайцеся кожны дзень чытаць разам хаця б адну кніжку.
Body
Карысць ад чытання для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 4 гадоў
Чытанне і расказванне казак дапамагаюць агульнаму развіццю вашага дзіцяці, спрыяюць развіццю мозгу і ўяўлення, вучаць мове і эмоцыям, а таксама закладваюць аснову для ўмення чытаць і пісаць. Чытанне — гэта таксама выдатны спосаб праводзіць час разам.
Што трэба для чытання разам з дзіцем
Чытанне — гэта магчымасць весела і цікава бавіць час за кнігамі разам. Усё, што вам трэба, — гэта кніжка з малюнкамі, якая падабаецца вам і вашаму дзіцяці. Не трэба купляць многа кніг. Калі мясцовая бібліятэка працуе, вы можаце браць кнігі там. Таксама можна абменьвацца кнігамі з сябрамі і сваякамі.
Вашаму дзіцяці спадабаюцца:
- кнігі з добрай рыфмай, рытмам і паўторамі;
- кнігі на любімую тэму, напрыклад пра машыны, фей, насякомых ці дыназаўраў (у дзіцяці могуць быць і іншыя інтарэсы);
- кніжкі-цацкі, кнігі з алфавітам, геаметрычнымі фігурамі і лічбамі;
- гумарыстычныя і вясёлыя кнігі.
Як атрымліваць задавальненне ад чытання і сумеснага баўлення часу з вашым дзіцем
Парады, як з найбольшай карысцю разам правесці час за кнігай:
- Дапамажыце дзіцяці выбраць кнігу. Нічога, калі яно будзе выбіраць адну і тую ж зноў і зноў. Калі вы яшчэ не чыталі разам нейкую кніжку, прапануйце паглядзець на яе вокладку і спытайце дзіця, пра што, на яго думку, можа быць гэтая кніга.
- Прасіце дзіця трымаць кнігу і перагортваць старонкі.
- Чытайце апавяданні разам.
- Змяняйце тэмп і гучнасць чытання. Калі мяняць голас і інтанацыю для розных персанажаў, то гэта можа быць весела.
- Прагаворвайце нараспеў ці спявайце фразы і словы, якія паўтараюцца, разам з дзіцем.
- Паказвайце на прадметы на малюнках і называйце іх ці прасіце дзіця называць іх: «О, што гэта за звер? У бабулі ёсць такі!». Абмяркоўвайце малюнкі і задавайце дзіцяці пытанні, напрыклад: «Як думаеш, што будзе далей?» або «Чаму дзіця радуецца?». Важна, каб гэта было весела і не выглядала як праверка ведаў!
Некалькі агульных парад па чытанні разам з дзіцем
- Зрабіце чытанне паўсядзённым заняткам і старайцеся чытаць хаця б адну кнігу кожны дзень.
- Кіруйцеся інтарэсамі свайго дзіцяці. Калі яно захоча, каб вы працягвалі чытаць, гэта цудоўна. Калі ж час ад часу дзіця хоча абмежавацца чытаннем усяго адной кнігі або апавядання, гэта таксама нармальна.
- Выключайце тэлевізар ці радыё, каб ваша дзіця не пераключала ўвагу.
- Падчас чытання знаходзьцеся побач з дзіцем або садзіце яго сабе на калені, каб яно магло бачыць ваш твар і кнігу.
- Імправізуйце, калі ў вас не будзе магчымасці дабрацца да бібліятэкі ці купіць новыя кнігі. Вы можаце, напрыклад, зрабіць кніжку з малюнкамі: выражце іх з часопіса або намалюйце самастойна, дадайце некалькі сказаў — так вы прыдумаеце апавяданне. Або прапануйце свайму дзіцяці расказаць вам казку і запішыце яе. Вы можаце пачаць гісторыю, прыдумаўшы першы сказ: «Аднойчы [нехта] пайшоў гуляць з мамай. Спачатку ён убачыў...» (а дзіця працягне).