Ці можаце вы сапсаваць дзіця

Вы не можаце сапсаваць маленькае дзіця. Калі ваша немаўля плача — гэта таму, што яму патрэбна ваша дапамога. Калі вы будзеце спакойна і паслядоўна яму адказваць, гэта дапаможа дзіцяці зразумець, што свет — бяспечнае і прадказальнае месца.
Body

Ці можаце вы сапсаваць дзіця?

Адказ на гэтае пытанне — не, не можаце.

Калі вы хвалюецеся, што занадта шмат увагі надаеце свайму дзіцяці, ці вашы родныя папярэджваюць вас пра тое, што вы можаце распесціць або сапсаваць дзіця, то ўспомніце, што немаўля цалкам залежыць ад дарослага і мае патрэбу ў клопаце і ўвазе.

Вы не сфарміруеце шкодных звычак у дзіцяці, калі будзеце адказваць на яго запатрабаванні. Немаўляты не плануюць загадзя: «Я буду плакаць, пакуль не атрымаю тое, што хачу!».

Калі ваша дзіця непакоіцца і плача, на гэта ёсць важкая прычына. Напрыклад, яно змерзла або галоднае, у яго брудны падгузнік або яму балюча. А можа, дзіця проста хоча, каб вы былі побач.

Чаму важна адказваць дзіцяці

Як правіла, блізкі дарослы здольны задаволіць усе патрэбы маленькага дзіцяці.

Калі з немаўлятамі ў раннім узросце наладжваюць і падтрымліваюць блізкія, клапатлівыя адносіны, то ў іх хутка развіваецца надзейная прыхільнасць да бацькоў. Дзеці, у якіх у першыя гады жыцця сфарміравана надзейная сувязь з дарослым, больш паспяхова спраўляюцца са стрэсам у дашкольным узросце. У такіх дзяцей лепш развіта здольнасць да наладжвання і падтрымання міжасобасных адносін з іншымі людзьмі. З большай верагоднасцю яны будуць фізічна і эмацыянальна больш здаровымі, калі стануць дарослымі.

Уменне будаваць і падтрымліваць адносіны са сваім дзіцем дапаможа вам развіваць эмацыянальную спагадлівасць і бацькоўскую кампетэнтнасць.

Баланс паміж рэжымам і гібкасцю

У першыя месяцы жыцця важна, каб дзіця адчувала сябе ў бяспецы. Гэтага можна дасягнуць, калі паслядоўна і спакойна адказваць на яго патрэбы. У большасці нованароджаных яшчэ няма вызначанага рэжыму дзённага і начнога сну. Як правіла, такі распарадак наладжваецца крыху пазней.

У кожнай сям’і ёсць свае традыцыі і ўстаноўкі. Некаторыя бацькі трымаюцца думкі, што натуральны рэжым кармлення, сну і гульняў дзіцяці садзейнічае хуткаму яго развіццю. Іншыя лічаць, што выкананне строгага рэжыму дня дапамагае бацькам кантраляваць змены ў развіцці дзіцяці.

У перыяд ад 6 да 12 месяцаў ваша дзіця пачынае кантраляваць свае паводзіны. Гэта добры час, каб пачаць уводзіць першыя правілы і абмежаванні, якія стануць асновай для навучання вашага дзіцяці сацыяльным паводзінам у будучыні.

Дзіцячы сон: чаго чакаць

Калі вы хвалюецеся пра тое, што можаце сапсаваць сваё дзіця тым, што надаеце яму замнога ўвагі (асабліва калі яго складана супакоіць), то вам карысна ведаць пра асаблівасці сну нованароджанага.

Хоць нованароджаныя спяць у сярэднім 16 гадзін у суткі, ваша дзіця можа засынаць на кароткі час, а затым зноў прачынацца.

На працягу першых некалькіх тыдняў жыцця дзіцяці, пакуль вы знаёміцеся адзін з адным, вы можаце вывучыць і падабраць спосабы заспакаення, якія паступова дапамогуць вашаму немаўляці спаць больш працяглы час. Напрыклад, вы можаце спавіваць дзіця перад тым, як пакласці яго ў ложачак, уключаць ціхую музыку або спяваць яму калыханку перад сном. Паступова вы будзеце ведаць сваё дзіця лепш за ўсіх.

Кармленне: чаго чакаць

Калі вы адчуваеце, што ваша немаўля ўвесь час плача таму, што яно галоднае, вы, верагодна, маеце рацыю!

У першыя дні і тыдні жыцця немаўлят звычайна трэба карміць кожныя 2–4 гадзіны. Разуменне яго сігналаў і задавальненне яго патрэб з’яўляюцца ключавымі момантамі пры пабудове ўзаемаадносін.

Памятайце, у большасці нованароджаных выпрацоўваецца пэўны рэжым кармлення па патрабаванні на працягу першых некалькіх тыдняў жыцця. Паступова дзеці пераходзяць на рэжым, калі большую частку сутачнага рацыёну атрымліваюць днём, а меншую — ноччу.

Спакойны і шчаслівы час кармлення — выдатная магчымасць для вас зблізіцца з дзіцем і пабудаваць цёплыя, заснаваныя на даверы адносіны, якія маюць такое вялікае значэнне для развіцця вашага дзіцяці.

Таму калі сябры ці сваякі кажуць вам не песціць гэтага маленькага чалавека, будзьце ўпэўнены ў сваёй бацькоўскай кампетэнцыі. Вы можаце ім адказаць: «Я даю свайму нованароджанаму дзіцяці тое, што яму неабходна, каб яно было ў бяспецы, шчаслівае і добра развівалася».