Цукровы дыябет II тыпу

Да сімптомаў цукровага дыябету II&nbspтыпу адносяцца стамляльнасць, неспатольная смага і&nbspчастае мочаспусканне. Калі гэтыя сімптомы адзначаюцца ў дзіцяці, яго неабходна паказаць педыятру. Да&nbspфактараў рызыкі, якія ўплываюць на ўзнікненне цукровага дыябету II&nbspтыпу, адносяцца: генетычная схільнасць да цукровага дыябету, залішняя вага, недастатковая фізічная актыўнасць і няправільнае харчаванне. Кантраляваць цукровы дыябет II&nbspтыпу дапамагаюць лекавыя прэпараты, здаровае харчаванне, зніжэнне вагі (калі яна залішняя) і фізічная актыўнасць.
Body

Цукровы дыябет II тыпу

Цукровы дыябет II тыпу ўзнікае, калі:

  • падстраўнікавая залоза не выпрацоўвае ў дастатковай колькасці інсулін;
  • інсулін, які выпрацоўвае падстраўнікавая залоза, не працуе належным чынам;
  • арганізм становіцца неўспрымальным да інсуліну (гэта называецца інсулінарэзістэнтнасць).

Інсулін — гэта гармон, які забяспечвае пераўтварэнне глюкозы ў энергію для арганізма. Глюкоза — гэта найпрасцейшая форма цукру і асноўная крыніца энергіі для арганізма. Інсулін таксама запавольвае расшчапленне тлушчу.

Калі арганізм не здольны ператвараць глюкозу ў энергію, першая назапашваецца ў крыві. Высокі ўзровень цукру ў крыві стварае мноства праблем са здароўем, калі нічога з гэтым не рабіць. У сваю чаргу нізкі ўзровень інсуліну спрыяе назапашванню тлустых кіслот у крыві.

Развіццю цукровага дыябету II тыпу спрыяюць як генетычныя, так і звязаныя з ладам жыцця фактары:

  • вага, вышэйшая за норму, наяўнасць тлушчавых адкладанняў (асабліва ў вобласці жывата);
  • недастатковая фізічная актыўнасць;
  • нездаровае харчаванне, празмернае ўжыванне цукру і тлустай ежы.

Да фактараў, якія павышаюць рызыку развіцця цукровага дыябету II тыпу, адносяцца: наяўнасць гэтага захворвання ў іншых членаў сям’і, этнічная прыналежнасць да групы павышанай рызыкі.

Як адрозніць цукровы дыябет II тыпу

Да прыкмет і сімптомаў цукровага дыябету II тыпу адносяцца:

  • пачашчанае мочаспусканне на працягу некалькіх тыдняў;
  • неспатольная смага і жаданне піць больш, чым звычайна;
  • павелічэнне вагі;
  • павышаная стамляльнасць;
  • рэзкія перапады настрою;
  • абязводжванне.

Лішак цукру ныркі выводзяць разам з мачой. Па гэтай прычыне ў дзіцяці адзначаецца частае мочаспусканне. Выпрацоўваючы многа мачы, каб пазбавіцца ад залішняга цукру ў крыві, арганізм губляе вадкасць. Менавіта таму важна не прапусціць сімптомы абязводжвання ў дзіцяці.

Ці трэба звяртацца да педыятра пры з’яўленні ў дзіцяці сімптомаў цукровага дыябету II тыпу

Так. Калі ў вашага дзіцяці ёсць прыкметы цукровага дыябету II тыпу, варта звярнуцца да педыятра.

Дыягностыка цукровага дыябету II тыпу

Калі ў мачы дзіцяці прысутнічае глюкоза і/або ў яго высокі ўзровень глюкозы ў крыві, педыятр вызначыць далейшыя мерапрыемствы па дыягностыцы (пры неабходнасці дзіцяці будуць назначаны дадатковыя аналізы) і лячэнні.

Лячэнне цукровага дыябету II тыпу

Лекаў ад цукровага дыябету II тыпу не існуе, але дзіця можа навучыцца жыць паўнацэнным жыццём і паспяхова спраўляцца з гэтым захворваннем.

Мэтай лячэння цукровага дыябету II тыпу з’яўляецца падтрыманне ўзроўню цукру ў крыві ў неабходным дыяпазоне значэнняў.

Групай спецыялістаў для дзіцяці будзе распрацаваны індывідуальны план лячэння, які ўключае прыдатныя метады і стратэгіі:

  • прыём лекавых прэпаратаў;
  • змены ў харчаванні;
  • выкананне фізічных практыкаванняў;
  • меры па зніжэнні вагі;
  • рэгулярнае выкананне аналізаў для кантролю ўзроўню глюкозы ў крыві;
  • ін’екцыі інсуліну пры цяжкай форме цукровага дыябету.

Прафілактыка ўскладненняў пры цукровым дыябеце II тыпу

Высокі ўзровень цукру ў крыві ў доўгатэрміновай перспектыве можа прыводзіць да парушэння функцый нервовай сістэмы, нырак, да праблем са зрокам, боляў ці страты адчувальнасці ў руках і нагах, а таксама да захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Такія ўскладненні малаверагодныя, аднак неабходна навучыць дзіця старанна кантраляваць сваё здароўе і сачыць за развіццём хваробы, каб пазбегнуць узнікнення ўскладненняў у будучыні.

Калі ўся сям’я пяройдзе на здаровае харчаванне і будзе штодня ўдзяляць дастаткова часу фізічнай актыўнасці, гэта паслужыць добрым прыкладам для дзіцяці, акрамя таго, яму будзе прасцей прытрымлівацца свайго плана лячэння цукровага дыябету.

Прафілактыка цукровага дыябету II тыпу

Цукровы дыябет II тыпу абумоўлены спадчыннасцю, але ён таксама залежыць ад фактараў навакольнага асяроддзя, якія можна паспяхова кантраляваць!

Вядзенне здаровага ладу жыцця (рэгулярная фізічная актыўнасць і здаровае харчаванне) можа прадухіліць узнікненне цукровага дыябету II тыпу.

Гэтае захворванне часцей сустракаецца ў пажылых людзей. Як правіла, цукровы дыябет II тыпу не дыягнастуецца ў дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў.