Дапамога дзецям у адаптацыі пасля расстання ці разводу
Дзеці прыстасоўваюцца да расстання і разводу
Расстанне і развод звычайна азначаюць вялікія змены ў сямейным жыцці. Ваша дзіця можа расстроіцца, калі адбудуцца такія змены, — гэта нармальна і натуральна. Перажыванні дапамагаюць дзіцяці зразумець, што зараз цяжкія часы для ўсіх членаў сям’і.
Размова з дзіцем — адзін з лепшых спосабаў дапамагчы яму адаптавацца да змен у вашай сям’і. Вы можаце прадумаць і іншыя дзеянні, каб дапамагчы яму прывыкнуць да перамен. Пачніце з таго, што вы па магчымасці будзеце прытрымлівацца прывычнага распарадку дня вашага дзіцяці.
Размова з дзіцем пра развод
Вось некалькі парад, як пагаварыць з вашым дзіцем пра змены, звязаныя з разводам.
Гаварыце праўду
Вашаму дзіцяці не абавязкова ўнікаць ва ўсе падрабязнасці вашага разводу, але ў яго ёсць права ведаць, што адбываецца, і яму неабходна ўпэўніцца, што ўсё зноў будзе добра.
Лепш за ўсё, калі вы праўдзіва растлумачыце дзіцяці тое, што адбылося, простай і зразумелай для яго мовай. Напрыклад: «Мы абое любім цябе і паклапоцімся пра цябе. Але мы вырашылі, што для нашай сям’і будзе лепш, калі мы з тваім татам будзем жыць асобна».
Не спяшайцеся абмяркоўваць складаныя тэмы
Калі дзіця задасць вам цяжкае пытанне, напрыклад: «Дзе я зараз буду жыць?», пацікаўцеся ў яго, што ён пра гэта думае. Гэта дапаможа вам даведацца пра ўяўленні вашага дзіцяці і ўсвядоміць, чаго яно не разумее.
Часам вы можаце не ведаць, як адказаць на складанае пытанне, таму дайце сабе час падумаць. Калі вы не гатовы даць адказ адразу, скажыце дзіцяці, што вы пагаворыце на гэтую тэму ў бліжэйшы час. Вы можаце сказаць: «Я не гатова адказаць табе прама зараз. Мы з тваім татам усё яшчэ працуем над гэтым пытаннем, але я дакладна ведаю, што ты зможаш праводзіць час з кожным з нас».
Калі дзіця задае вам каверзныя пытанні пра вашага былога партнёра, арыентуйце дзіця наўпрост пагаварыць з другім з бацькоў. Калі ў вас добрыя адносіны з былым партнёрам, вы можаце паведаміць яму, што ваша дзіця хоча абмеркаваць з ім некаторыя пытанні.
Чытайце паміж радкоў
Пытанні вашага дзіцяці могуць быць звязаны з пэўнымі праблемамі. Напрыклад, дзіця цікавіцца, калі тата збіраецца вярнуцца. Гэта можа азначаць, што дзіця турбуецца пра тое, калі ён зноў зможа ўбачыць свайго бацьку. Спытайце дзіця, пра што яно хвалюецца, паспрабуйце супакоіць яго простымі словамі, якія пакажуць, што вы ўсё разумееце. Напрыклад: «Не хвалюйся — вы ўсё роўна будзеце бачыцца з татам кожны тыдзень. Я разумею, што для вас гэта вельмі важна».
Якое б пытанне ні задало ваша дзіця, запэўніце яго ў тым, што вы і ваш былы партнёр любіце яго.
Рэгулярна размаўляйце
Ваша дзіця можа ўвесь час думаць аб праблеме, таму будзьце гатовы адказваць на адны і тыя ж пытанні па некалькі разоў. Рэгулярна знаходзьце час для размоў з дзіцем — для яго гэта магчымасць абмеркаваць свае праблемы. Напрыклад, вы можаце рабіць гэта пасля вячэры непасрэдна перад тым, як разам пачняце чытаць кнігу ці гуляць у спакойную гульню. Вы таксама можаце пагаварыць пра новыя падзеі або пра змены ў вашым жыцці.
Гаварыце пра пачуцці
Ваша дзіця, верагодна, убачыць, што вы сумуеце, злуяцеся ці засмучаныя, — такія эмоцыі натуральныя і нават карысныя. Важна даць дзіцяці зразумець, што вы яго любіце, што ў гэтых вашых эмоцыях няма яго віны і што ўсё наладзіцца.
Назіраючы за тым, як вы выяўляеце свае эмоцыі, дзіця ўсведамляе, што перажываць розныя пачуцці — гэта нармальна. Падтрымайце дзіця ў выяўленні яго пачуццяў, дапамажыце яму ўсвядоміць і выказаць іх. Такое ўзаемадзеянне дапамагае дзіцяці зразумець уласныя эмоцыі, а таксама лепш разбірацца ў станах іншых людзей. Вы можаце сказаць нешта накшталт: «Я бачу, што ты засмучаны» ці «Я разумею, што табе сумна з-за гэтага».
Вам можа быць цяжка чуць пра боль ці гнеў вашага дзіцяці, але яму таксама неабходна выявіць гэтыя пачуцці.
Прапаноўвайце пагаварыць з кім-небудзь яшчэ
Часам дзецям лягчэй падзяліцца пачуццямі і думкамі з кімсьці, акрамя бацькоў. Вы можаце параіць свайму дзіцяці пагаварыць з іншым дарослым, якому давяраеце, — сябрам, настаўнікам, бабуляй або дзядулем ці іншым сваяком. Калі гэты чалавек будзе размаўляць з вашым дзіцем, абавязкова папрасіце, каб ён не выказваўся негатыўна пра вашага былога партнёра.
Знаёмыя рытуалы і рэжым дня пасля разводу бацькоў
Штодзённыя заняткі дапамагаюць дзецям адчуваць сябе ў бяспецы і кантраляваць сітуацыю, таму іх выкананне можа дапамагчы вашаму дзіцяці справіцца з жыццёвымі зменамі, звязанымі з разводам.
Паспрабуйце вызначыць невялікія прывычныя справы, якія сапраўды важныя для вашага дзіцяці, — гэта могуць быць сустрэчы з сябрам або абавязковае сумеснае чытанне кніг перад сном. Дапамажыце дзіцяці зразумець, што гэтыя заняткі застануцца. Калі магчыма, не мяняйце значныя для дзіцяці рэчы, напрыклад школу.
Таксама добра падтрымліваць пэўныя рытуалы. Тое, як вы будзіце дзіця раніцай ці што кажаце яму перад сном, — гэта заспакаяльныя рытуалы, якія вы лёгка можаце выканаць.
Прыняцце рашэнняў з дзецьмі пасля расстання або разводу
Далучайце дзіця да прыняцця невялікіх паўсядзённых рашэнняў, напрыклад, як уладкаваць яго пакой ці што прыгатаваць на абед. Дзякуючы гэтаму яно будзе адчуваць, што мае магчымасць выбару і таксама можа ўплываць на сітуацыю.
Са старэйшымі дзецьмі вы можаце абмеркаваць, колькі часу яны хацелі б праводзіць з вамі і другім з бацькоў. Важна ўважліва слухаць і даваць дзецям зразумець, што іх думка мае значэнне.
Вясёлае баўленне часу з дзецьмі пасля расстання ці разводу
Знайдзіце час, каб весела правесці час са сваімі дзецьмі. Гэта можа быць вясёлая дыскатэка, гульня ці простыя забавы. Таксама можна зрабіць некалькі спантанных ці незвычайных рэчаў (напрыклад, арганізаваць пікнік у парку).
Падтрымка дзяцей з боку дзіцячай дашкольнай установы або школы пасля разводу бацькоў
Пасля расстання або разводу ў паводзінах вашага дзіцяці могуць адбыцца змены, якія сведчаць пра тое, што яму патрэбна дадатковая падтрымка. Педагогі вашага дзіцяці могуць заўважыць зніжэнне паспяховасці, змены ў эмацыянальнай сферы і паводзінах дзіцяці. Магчыма, яны захочуць яму дапамагчы.
Наступствы разводу або сямейнага гвалту могуць адбівацца на дзіцяці нават пасля заканчэння адносін. На жаль, гвалт у сям’і можа пачацца або значна пагоршыцца ў перыяд разводу бацькоў. Любы гвалт у сям’і недапушчальны. Калі вы ці хто-небудзь з вашых знаёмых сутыкаецца з гвалтам у сям’і, звярніцеся па дапамогу да прафесіяналаў, напрыклад у крызісныя сямейныя цэнтры, да псіхолага. Вы таксама можаце пазваніць па тэлефоне даверу або паведаміць пра факты гвалту ў міліцыю.