Давай усё збяром!

Што спатрэбіцца: любыя дробныя прадметы, якія вашаму дзіцяці будзе цікава збіраць з падлогі, і кантэйнер, у які іх можна кідаць.

У чым заключаецца гульня. Па меры таго, як ваша дзіця расце, яно пачынае выкарыстоўваць для ўсіх спраў адну руку больш, чым другую. Не трэба асобна вучыць дзіця карыстацца часцей правай ці левай рукой. Лепш прапаноўвайце самыя разнастайныя магчымасці рабіць нешта абедзвюма рукамі. Адной з такіх магчымасцей можа стаць гульня — раскідаць па падлозе розныя невялікія прадметы (галоўнае — бяспечныя) і затым сабраць іх у карзіну або невялікую каробку. Будзьце побач, сачыце за бяспекай (дзеці любяць браць у рот дробныя прадметы). Падказвайце дзіцяці, што трэба збіраць прадметы ў кантэйнер і вымаць іх. Можаце таксама ўдзельнічаць, гаварыце: «І яшчэ адзін кубік у карзіну. А вось наступны. Цяпер твая чарга!».

Будзе цікава паназіраць, ці робіць дзіця ўсё абедзвюма рукамі ў роўнай ступені, ці часцей карыстаецца толькі правай або толькі левай рукой. Можаце паназіраць за ім на вуліцы, калі яно збірае пруцікі ці лісце, або дома, калі яно карыстаецца кубкам або лыжкай.

Чаму пры гэтым вучыцца ваша дзіця. Узаемадзеянне з рознымі прадметамі — гэта частка развіцця дробнай маторыкі — навыкаў, якія пазней будуць патрэбны, напрыклад для таго, каб трымаць ручку пры пісьме. Кожны дзень рабіць нешта новае — гэта весела і важна. Гэта гульня таксама можа спрыяць развіццю маўлення, калі вы не забываеце прагаворваць назвы прадметаў.