Дочкі-маці
Што спатрэбіцца: лялька, мяккая цацка ці нешта падобнае, некалькі іншых прадметаў, напрыклад невялікі кубак і коўдрачка, што-небудзь яшчэ з рэчаў, якія ваша дзіця можа выкарыстоўваць для ролевай гульні.
У чым заключаецца гульня. У гэтым узросце ваша дзіця пачынае прыдумваць ролевыя гульні — разыгрываць вядомыя яму сітуацыі, выкарыстоўваючы простыя прадметы. Ёсць шмат спосабаў дапамагаць дзіцяці ў гэтым і заахвочваць яго. Сядзьце з дзіцем, вазьміце любімую ляльку, плюшавага мядзведзя або іншую мяккую цацку (можна нават самаробную) і гуляйце ў «дочкі-маці». Можна супакоіць ляльку, праспяваць ёй песеньку, «папаіць» з кубка або пакласці ў імправізаваны ложачак — рабіце ўсё што заўгодна, але не ўскладняйце. Пакладзіце ляльку на месца і паглядзіце, што будзе рабіць ваша дзіця. Яно можа паўтараць за вамі або выкарыстоўваць прадметы па-іншаму. Можаце прагаворваць тое, што робіць ваша дзіця: «О, тваё дзіця хоча есці? Ты яго корміш». Працягвайце гуляць, пакуль дзіцяці гэта цікава. Пакіньце гульнявыя прадметы ў даступным месцы, каб яно магло іх узяць, калі захоча далей гуляць самастойна. Час ад часу дадавайце новыя прадметы і прапаноўвайце розныя сцэнарыі, каб падтрымліваць цікавасць дзіцяці да гэтай гульні.
Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Такія гульні стымулююць разумовыя здольнасці вашага дзіцяці, паколькі яно выкарыстоўвае нейкі прадмет (напрыклад, плюшавага мядзведзя) у новай ролі (напрыклад, у ролі дзіцяці). Такое мысленне закладвае аснову для развіцця далейшых здольнасцей да навучання. Гэта таксама стымулюе творчыя здольнасці і ўяўленне, умацоўвае сувязь паміж вамі і дзіцем, бо вы разам праводзіце час за прыемным заняткам — гульнямі.