Догляд зубоў немаўляці
Развіццё малочных зубоў
Немаўляты нараджаюцца з поўным наборам з 20 малочных зубоў, схаваных у іх дзяснах, — 10 зверху і 10 знізу. Калі кожны малочны зуб дасягае паверхні дзясны, яна раскрываецца, каб зуб праразаўся.
У большасці дзяцей першыя зубы з’яўляюцца ва ўзросце ад 6 да 10 месяцаў, аднак у кожнага дзіцяці гэта адбываецца ў свой час. У некаторых зубы могуць з’явіцца ўжо ў 3 месяцы. У іншых жа яны могуць не праразацца і да года.
Вельмі рэдка, але бывае, што дзеці нараджаюцца з адным ці двума зубамі.
У большасці дзяцей поўны камплект малочных зубоў праразаецца да трох гадоў.
Чыстка дзясен і зубоў
- Догляд зубоў лепш пачынаць яшчэ да іх прарэзвання. Дзясны дзіцяці можна ачышчаць мяккай баваўнянай тканінай (марляй), змочанай фізіялагічным растворам.
- Чыстку зубоў трэба пачынаць, як толькі прарэжацца першы зубок; зубы трэба ачышчаць як са знешняга, так і з унутранага боку два разы на дзень — пасля першага і апошняга прыёму ежы. Выкарыстоўвайце для гэтага вільготную мяккую баваўняную тканіну (марлю) ці мяккую шчотку, якая падыходзіць па ўзросце, і чыстую ваду.
- У гэтым узросце зубная шчотка — гэта, хутчэй, цацка, якую дзіцяці цікава вывучаць.
Прадухіленне карыесу ў раннім узросце
Малочныя зубы, як і карэнныя, схільныя да рызыкі ўзнікнення карыесу, як толькі прарэжуцца. Прафілактыку развіцця карыесу зубоў рэкамендуецца пачынаць у раннім узросце, для гэтага неабходна выконваць некалькі простых правіл, апісаных ніжэй.
Немаўляці ва ўзросце ад 0 да 6 месяцаў неабходна даваць толькі грудное малако, а калі дзіця на штучным выкормліванні — нічога акрамя сумесі.
Не ўкладвайце дзіця спаць з бутэлечкай. Калі дзіця засынае, выпрацоўка сліны, якая абараняе зубы, змяншаецца. А назапашаная ў роце сумесь спрыяе ўтварэнню асяроддзя, якое пашкоджвае зубы, што падвяргае іх рызыцы ўзнікнення карыесу. Таксама варта памятаць, што калі ўкладваць дзіця спаць з бутэлечкай, яно можа падавіцца.
Калі дзіцяці падабаецца пустышка, не варта мачаць яе ў вадкасці ці ежу, асабліва ў такую як мёд ці цукар. І не чысціце пустышку вашага дзіцяці ротам! Неабходна рэгулярна чысціць яе, апалоскваючы чыстай пітной вадой, а таксама перыядычна стэрылізаваць.