Дуем на далонькі

Што спатрэбіцца: добры настрой.

У чым заключаецца гульня. Дзецям неабходна зведваць фізічныя адчуванні, каб пазнаваць свет вакол і ўсведамляць уласнае цела. Дзякуючы гэтаму практыкаванню вы дапаможаце свайму дзіцяці навучыцца адчуваць розныя часткі свайго цела.

Вазьміце дзіця на рукі або пакладзіце на мяккую паверхню і сядзьце побач. Затым далікатна падзьміце на яго далонькі. Пры гэтым меладычна прагаворвайце: «Твае (можна выкарыстоўваць імя дзіцяці) далонькі». Пасля таго, як падзьмулі, пацалуйце далонькі дзіцяці.

Паўтарыце гэта для ўсіх частак цела, прагаворваючы іх назву. Не забывайце цалаваць ручкі-ножкі дзіцяці пасля таго, як вы падзьмулі на іх і сказалі, як яны называюцца.

Можна дзьмуць дзіцяці на далонькі, ступні, локці, шыю, шчочкі, пальчыкі.

Памятайце, што скура дзіцяці вельмі пяшчотная, таму дзьміце далікатна і акуратна.

Чым карысная гульня. Станоўчы сэнсарны вопыт і кантакт з дарослымі дапамагаюць палепшыць пазнавальныя здольнасці, прывязанасць і самасвядомасць малых дзяцей.