Дзіця не прыбавіла ў вазе. Узрост ад 6 да 24 месяцаў

Здаровае дзіця добра есць і набірае  вагу кожны месяц. Калі ў вашага дзіцяці недастатковы набор вагі  з моманту папярэдняга ўзважвання, неабходна неадкладна высветліць прычыну праблемы. Часам рашэнне можна знайсці самастойна, а часам неабходна звярнуцца да ўрача.
Body

Калі дзіця не набірае вагу на працягу аднаго ці двух месяцаў, можа спатрэбіцца павелічэнне аб’ёму ежы, якую яно спажывае пры кожным кармленні. Ежа павінна быць больш збалансаванай па пажыўнасці і каларыйнасці, таксама трэба павялічыць частату кармленняў. Дзіця можа быць хворае, і яму неабходна больш увагі і клопату ці дапамога пры кармленні.

Вось некалькі важных пытанняў, якія неабходна разгледзець, каб вызначыць прычыны праблем росту і развіцця:

Ці дастаткова часта дзіця есць? Акрамя груднога малака, дзіцяці ва ўзросце 6–8 месяцаў неабходна даваць прыкорм 2–3 разы на дзень, а з 9-га месяца — 3–4 разы. Нялішнімі могуць быць і дадатковыя пажыўныя перакусы, напрыклад кавалачкі садавіны ці хлеб, памазаны чымсьці карысным і пажыўным. Дзецям з затрымкай развіцця або адхіленнямі ў ім часам патрабуецца дадатковая дапамога падчас кармлення і больш часу на прыём ежы.

Ці атрымала дзіця дастатковую колькасць ежы? Дзіцяці ва ўзросце 6–8 месяцаў для пачатку прыкорму неабходна 2–3 чайныя лыжкі ежы, затым да ўзросту 9–12 месяцаў аб’ём паступова павялічваецца да 125 мл на кожны прыём ежы.

Ці дастаткова ў з’ядаемай дзіцем ежы энергіі і пажыўных рэчываў? Прадукты, якія дапамагаюць дзіцяці расці, — гэта бабовыя, арэхі, мяса, рыба, яйкі, малочныя прадукты і крупы. Асабліва важна штодня ўключаць у рацыён прадукты жывёльнага паходжання. Невялікая колькасць расліннага алею — важная крыніца дадатковай энергіі. Якасная «ежа для росту» мае асаблівае значэнне для належнага набору вагі, росту і развіцця. Тлустыя паўфабрыкаты і салодкія прысмакі не ўтрымліваюць дастатковай колькасці вітамінаў, мінералаў і іншых важных пажыўных рэчываў, іх ужыванне можа прывесці да празмернага павелічэння вагі без належнага сілкавання арганізма дзіцяці, яго росту і развіцця».

Ваша дзіця есць замнога салодкага (пірожныя, пячэнне), п’е цукразмяшчальныя напіткі (сокі, халодныя чаі) ці ўжывае іншыя нездаровыя прадукты ў якасці прыёму ежы ці перакусаў? Скараціце спажыванне такіх прадуктаў ці замяніце іх на багатыя пажыўнымі рэчывамі, напрыклад на садавіну, гародніну, злакі, мяса ў адпаведнасці з дыетычнымі рэкамендацыямі.

Дзіця атрымлівае замнога малочнай сумесі ці іншых вадкасцей (сокаў, чаю) і недастаткова цвёрдай ежы? Вадкасць напаўняе страўнік і змяншае патрэбу дзіцяці ў ежы.

Дзіця адмаўляецца ад ежы? Калі дзіцяці не падабаецца смак нейкага прадукта, прапануйце яму што-небудзь іншае. Набярыцеся цярпення, імкніцеся зацікавіць дзіця. Новыя прадукты трэба ўводзіць паступова.

Дзіця хворае? Калі дзіця хварэе, карміце яго невялікімі порцыямі і часцей. Павялічце кратнасць прыкладання да грудзей. Пасля хваробы дзіця павінна есці больш, чым звычайна, каб кампенсаваць страчаную вагу, энергію і пажыўныя рэчывы. Калі дзіця часта хварэе, варта звярнуцца па дапамогу да ўрача.

Ці дастаткова прадуктаў, якія змяшчаюць вітамін А, ужывае дзіця? Грудное малако багата вітамінам А. Таксама ён утрымліваецца ў такіх прадуктах, як печань, яйкі, малочныя прадукты, жоўтая і аранжавая садавіна і гародніна, зеляніна. Калі ў вас няма магчымасці даваць гэтыя прадукты ў дастатковай колькасці, дзіцяці варта прымаць вітамін А (таблеткі ці сіроп кожныя 4–6 месяцаў).

Дзіця п’е малочную сумесь з бутэлечкі? Калі дзіця кормяць малочнай сумессю, рэкамендуецца выкарыстоўваць чысты кубак або шклянку, а не бутэлечку з соскай.

Вы выконваеце гігіенічныя патрабаванні да чысціні і бяспекі падчас прыгатавання і пры захоўванні прадуктаў? Калі не, то дзіця можа часта хварэць. Сырыя прадукты трэба старанна мыць і гатаваць, прытрымліваючыся тэхналогій іх прыгатавання, выкарыстоўваць для гэтага чыстую ваду з бяспечнай крыніцы. Прыгатаваныя стравы трэба адразу ж з’ядаць; ежу, якая засталася, трэба належным чынам захоўваць у асобным чыстым посудзе і разаграваць перад наступным прыёмам.

Ці часта дзіця застаецца адно або пад наглядам старэйшых дзяцей? Дзіцяці патрабуецца ўвага з боку дарослых, асабліва падчас прыёму ежы.