Дзіця прыстае з просьбамі: што з гэтым рабіць

Растлумачце свайму дзіцяці, якіх паводзін вы ад яго чакаеце, хваліце, калі яно паводзіць сябе добра, — так дзіця будзе менш даймаць вас просьбамі. Калі ваша дзіця прыстае да вас, пакуль вы ходзіце па магазінах, паспрабуйце захоўваць спакой. Будзьце паслядоўнымі і не мяняйце свайго меркавання, калі вы ўжо сказалі не. Чым менш рэкламы будзе бачыць дзіця, тым лепш.
Body

Чаму дзеці прыстаюць з просьбамі

З пункту гледжання вашага дзіцяці, свет поўны цікавых рэчаў. У гандлёвых цэнтрах яны часта знаходзяцца на ўзроўні дзіцячых вачэй — гэта маркетынгавы ход, які ўплывае на паводзіны. Пэўная выкладка тавараў, напрыклад цацак ці нездаровай ежы, прыцягвае ўвагу і пабуджае дзіця прасіць вас купіць іх. Дзецям цяжка зразумець, што некаторыя прыгожыя, бліскучыя рэчы ці прысмакі не прынясуць карысці і з’яўляюцца марнаваннем грошай.

Усё гэта можа прывесці да таго, што дзіця пачынае прыставаць: «Можна мне ледзянец?», «Хачу цацку!», «Калі ласка, калі ласка, калі ласка!».

Назойлівасць стамляе, такія паводзіны дзіцяці могуць нават паставіць вас у няёмкае становішча (напрыклад, пытанне: «Чаму мы не можам купіць гэтую цацку?»). Цяжка адмовіць, калі вы ведаеце, што саступкі прынясуць вашаму дзіцяці імгненнае задавальненне, а вас пазбавяць ад назойлівых просьбаў, ныцця ці істэрыкі.

Але калі вы саступіце, ваша дзіця зразумее, што такія паводзіны працуюць, і далей будзе даймаць вас просьбамі.

Прасіць пра штосьці — не заўсёды азначае надакучаць. Ваша рэакцыя на запыты дзяцей — добры ўрок для іх, паколькі яны вучацца ўзаемадзейнічаць, весці перамовы і размаўляць.

Як знізіць праявы назойлівых паводзін дзіцяці

Калі ваша дзіця прыстае да вас, патрабуе купляць рэчы, скарыстайцеся наступнымі парадамі:

  • Перш чым адправіцца за пакупкамі, сфармулюйце асноўныя правілы. Пагаварыце з дзіцем пра тое, якіх паводзін вы чакаеце і як вы будзеце рэагаваць на любое яго прыставанне.
  • Хваліце ​​дзіця за добрыя паводзіны ў магазіне. Удзяляйце яму многа станоўчай увагі — дзякуючы гэтаму дзіця зразумее, што вы бачыце яго добрыя паводзіны. Напрыклад: «Я вельмі ганаруся тым, што ты дапамог мне зрабіць пакупкі і не прасіў тое, чаго мы не можам купіць».
  • Прапануйце дзіцяці заахвочванне за добрыя паводзіны. Напрыклад: «Калі ў магазіне ты не будзеш прасіць купіць табе чарговую машынку, мы пагуляем у парку па дарозе дадому».
  • Нават знаходзячыся дома, памятайце пра ўплыў рэкламы — праз тэлебачанне, радыё, інтэрнэт, непажаданую пошту, дадаткі і сацыяльныя сеткі. Чым больш рэкламы тавараў бачыць ваша дзіця, тым больш запытаў у яго з’яўляецца.
  • Пагаварыце з дзіцем пра рэкламу і разумнае спажыванне. Раскажыце яму, што часта магазіны праводзяць акцыі, напрыклад прапануюць купіць адзін тавар за поўны кошт, тады другі — за палову; або набыць некалькі тавараў — а наступны будзе ў падарунак. Абмяркуйце з дзіцем, да чаго прыводзяць бяздумныя або залішнія пакупкі.
  • Разам з сям’ёй прымайце рашэнні пра тое, што вы купляеце. У далейшым вы можаце нагадваць дзецям пра гэтыя рашэнні, калі робіце пакупкі. Напрыклад: «Памятаеце, мы дамовіліся нейкі час не купляць салодкія газіраваныя напоі? Такім чынам мы клапоцімся пра свае зубы».

Адзін са спосабаў абмежаваць прагляд рэкламы ў інтэрнэце або ў дадатках — выбраць дзіцячыя гульні, дадаткі і фільмы без рэкламы. Часам вам, магчыма, давядзецца заплаціць крыху больш за версію без рэкламы, але яно таго варта.

Як справіцца з настойлівымі просьбамі

Калі ваша дзіця ўпрошвае ці спрабуе прымусіць вас нешта купіць, выкленчваючы, патрабуючы ці пагражаючы, вы можаце паспрабаваць наступнае:

  • Нагадайце пра асноўныя правілы, якія вы абмяркоўвалі.
  • Паведаміце дзіцяці, што вы не будзеце рэагаваць на яго просьбы, пакуль яно не зменіць свае паводзіны. Напрыклад, вы можаце сказаць: «Дзяніс, змяні, калі ласка, свой тон» ці «Падумай, як ты задаеш гэтае пытанне».
  • Не кажыце «так» ці «не», пакуль не будзеце задаволены тым, як дзіця звярнулася з просьбай.
  • Дайце зразумець дзіцяці, што вы ўбачылі ці пачулі яго просьбу. Тады яно з большай верагоднасцю пагодзіцца з вашым адказам. Напрыклад, вы можаце сказаць: «Так, гэтыя пірожныя выглядаюць вельмі апетытна».
  • Калі вы адмаўляеце, будзьце паслядоўнымі і прытрымлівайцеся свайго рашэння. Уступкі з вашага боку будуць падтрымліваць непажаданыя паводзіны дзіцяці і могуць пагоршыць іх. Калі вы скажаце «не», а затым саступіце, ваша дзіця зразумее, што назойлівасць і ныццё могуць спрацаваць.
  • Прызнайце расчараванне вашага дзіцяці, калі вы адмовілі. Напрыклад: «Я бачу, ты сапраўды хацеў гэтае пячэнне. Але пачастункаў на сёння ўжо дастаткова». Падобныя размовы — гэта праява спагады, яны дапамогуць вам і вашаму дзіцяці навучыцца дамаўляцца.
  • Сказаўшы «не», паспрабуйце пераключыць увагу дзіцяці на што-небудзь іншае. Напрыклад: «Нам патрэбны апельсіны. Ты дапаможаш мне іх знайсці?».

Імкніцеся захоўваць спакой, калі ваша дзіця прыстае з просьбамі

Прыставанні могуць засмучаць і раздражняць. Калі вы адчуваеце, што пачынаеце нервавацца, выканайце наступныя дзеянні:

  1. Спыніцеся.

  2. Палічыце да 10.

  3. Цяпер адкажыце свайму дзіцяці.

Гэтых дадатковых 10 секунд часта бывае дастаткова, каб супакоіцца.

Калі ваша дзіця прыстае да вас у грамадскім месцы і яго паводзіны перарастаюць у істэрыку, гэта можа быць асабліва балюча для вас. Не паддавайцеся спакусе саступіць толькі таму, што на вас звяртаюць увагу незнаёмцы. Захоўвайце спакой і забудзьцеся пра навакольных. Цалкам верагодна, што большасць з іх будуць глядзець са спагадай: яны таксама праз гэта праходзілі!