Дзіцячыя палавыя органы: догляд і гігіена
Гігіена палавых органаў у малых дзяцей
Чыстыя палавыя органы дзіцяці — гэта просты спосаб прадухіліць узнікненне інфекцый і захаваць здароўе.
Для ачышчэння геніталій дзіцяці дастаткова цёплай вады і ваты. Мыла не патрабуецца, аднак калі без яго не абысціся, варта выбіраць мяккі сродак з увільгатняючым крэмам, які падыходзіць дзіцячай скуры, пры гэтым хопіць зусім невялікай яго колькасці. Неабходна старанна змываць мыла з геніталій дзіцяці.
Зручней за ўсё даглядаць геніталіі дзіцяці падчас купання і змены падгузніка.
Не варта выкарыстоўваць тальк ні на адной частцы цела дзіцяці, у тым ліку вакол палавых органаў. Тальк утрымлівае дробныя часціцы, якія дзіця можа ўдыхнуць.
Гігіена палавога члена ў хлопчыкаў
Калі хлопчыку зрабілі абразанне, трэба асцярожна прамываць палавы член і машонку дзіцяці цёплай вадой і праціраць ватай. Выцірайце палавы член і машонку дзіцяці, асцярожна прамакваючы іх чыстым мяккім ручніком.
Каб скура палавога члена дзіцяці не прыліпала да падгузніка, рэкамендуецца змазваць пярэднюю частку падгузніка лёгкім дзіцячым увільгатняючым крэмам.
Калі хлопчыку не рабілі абразанне, дастаткова мыць толькі знешнюю частку крайняй плоці. Мыць унутраную яе частку можна, калі яна сама без намаганняў адцягваецца назад. Звычайна гэта становіцца магчымым у хлопчыкаў ва ўзросце 2–3 гадоў, але часам гэта можа не адбывацца аж да пачатку перыяду палавога выспявання.
Пад крайняй плоццю магчыма назапашванне выдзяленняў малочна-белага колеру (яны называюцца «смегма») — гэта нармальна, гэта натуральныя выдзяленні.
Гігіена вульвы ў дзяўчынак
Вакол палавых губ і паміж імі можа назапасіцца крэм, які выкарыстоўваецца пад падгузнік, і пот. Асаблівую ўвага варта надаваць ачышчэнню палавых губ дзяўчынкі ад рэштак фекалій.
Каб ачысціць палавыя губы дзяўчынкі, намачыце вату, акуратна развядзіце ножкі і пратрыце ёю паміж палавымі губамі. Пачніце спераду і акуратна выцірайце ў напрамку назад. Асцярожна прамакніце вобласць геніталій чыстым мяккім ручніком.
Не трэба выкарыстоўваць вагінальныя дэзадаранты ці іншыя сродкі для догляду — гэта можа парушыць натуральны біяхімічны баланс вульвы дзяўчынкі і павысіць рызыку ўзнікнення свербу і запалення.
У дзяўчынак магчымы выдзяленні, якія нагадваюць яечны бялок. Гэта натуральна, іх не трэба змываць. Наконт якіх-небудзь іншых выдзяленняў можна пракансультавацца з педыятрам ці медыцынскай сястрой.
У нованароджаных дзяўчынак звычайна назіраецца невялікая колькасць крывяністых выдзяленняў з похвы ў першыя некалькі тыдняў жыцця. Гэта нармальная рэакцыя, абумоўленая гармонамі маці. Прычын для занепакоенасці няма, аднак калі такія выдзяленні не праходзяць, трэба звярнуцца да педыятра.