Эпілепсія і прыступы сударгаў
Што такое эпілепсія
Эпілепсія — гэта неўралагічнае захворванне, якое характарызуецца раптоўным узнікненнем сударгавых прыступаў.
Пастаноўка дыягназу «эпілепсія» адбываецца пры наяўнасці не менш чым двух эпізодаў сударгавых прыступаў, а таксама перспектывы іх паўторнага ўзнікнення. Эпілепсія — гэта анамальная электрычная актыўнасць у галаўным мозгу, якая выклікае змяненне свядомасці дзіцяці, паводзін, рухаў яго цела.
Узнікненне сударгавага прыступу ў дзіцяці не заўсёды сведчыць пра наяўнасць у яго эпілепсіі. У большасці выпадкаў пры аднаразовым эпізодзе сударгаў у дзіцяці ў будучыні яны больш не ўзнікаюць. Эпілепсія дыягнастуецца толькі пасля двух ці болей прыступаў.
Што выклікае эпілепсію
Фактары, якія павышаюць верагоднасць эпілептычнага прыпадку ў дзіцяці:
- наяўнасць эпілепсіі ў бліжэйшых сваякоў;
- генетычныя змены, змены ў паводзінах і развіцці;
- траўма галаўнога мозга.
Простыя фебрыльныя сударгі не лічацца эпілепсіяй, аднак дзеці, у якіх яны доўжацца больш за 15 хвілін або здараюцца многаразова, маюць высокую рызыку развіцця эпілепсіі.
У дзяцей з рызыкай эпілепсіі прыступы могуць быць справакаваны мігатлівым святлом або праглядам выяў на экране тэлевізара ці ў кінатэатры.
Прыкладна ў паловы ўсіх дзяцей, якія пакутуюць ад эпілепсіі, прычыны яе ўзнікнення не ўстаноўлены.
Віды эпілепсіі
Выдзяляюць розныя віды прыступаў пры эпілепсіі. Від прыступу залежыць ад таго, у якім участку галаўнога мозга ўзнікла анамальная электрычная актыўнасць.
Вылучаюць дзве асноўныя групы прыступаў — факальныя і генералізаваныя.
Факальныя прыступы ўзнікаюць у спецыфічнай зоне аднаго з паўшар’яў мозга і закранаюць толькі частку цела.
Генералізаваныя прыступы — двухбаковыя, галаўны мозг задзейнічаны цалкам (ачаговыя праяўленні ў момант узнікнення адсутнічаюць).
Прыступы прыводзяць да сударгавай рухальнай актыўнасці мышцаў, што выклікае рэзкія падрыгванні рук і ног.
У некаторых выпадках прыступы суправаджаюцца слінацячэннем, а таксама міжвольным мочаспусканнем.
Яшчэ адным відам прыступаў з’яўляецца абсанс — гэта кароткі перыяд страты прытомнасці, калі дзіця можа выглядаць так, нібы яно некаторы час глядзіць у адну кропку і не ўсведамляе, што адбываецца вакол яго.
Што рабіць у выпадку эпілептычных прыпадкаў
Пры ўзнікненні ў дзіцяці сударгавага прыступу са стратай прытомнасці важна захоўваць спакой і прыбраць усе небяспечныя прадметы, каб яно не паранілася.
Неабходна пакласці дзіця на бок на мяккую паверхню ў «выратавальнае становішча» (становішча аднаўлення), асцярожна прытрымліваючы яго галаву, — гэта дазволіць дзіцяці свабодна дыхаць і прадухіліць трапленне сліны ў дыхальныя шляхі. Не трэба з сілай старацца ўкласці лыжку ці які-небудзь іншы прадмет дзіцяці ў рот падчас прыступу, бо гэта ў большай ступені можа нашкодзіць, напрыклад траўміраваць зубы і дзясны. Падчас прыступу неабходна заставацца з дзіцем, супакойваць яго.
Калі прыступ у дзіцяці здарыўся ўпершыню, паспрабуйце запомніць, што адбываецца, каб пазней вы маглі апісаць убачанае. Калі ёсць магчымасць, запішыце прыступ на відэа.
Таксама неабходна зафіксаваць працягласць прыступу.
Калі трэба звяртацца да педыятра ў выпадку эпілептычных прыпадкаў
Неабходна паказаць дзіця педыятру або даставіць у бальніцу, калі:
- прыступ здарыўся ўпершыню;
- было некалькі прыступаў ці яны паўтараюцца (пачашчаюцца);
- няма ўпэўненасці ў тым, што ў дзіцяці сапраўды быў сударгавы прыступ.
Трэба неадкладна выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі (па тэлефоне 103), калі прыступ працягваецца больш за 2–3 хвіліны.
Як выяўляюць эпілепсію
Пры падазрэнні на эпілепсію ў дзіцяці педыятр накіруе яго да дзіцячага неўролага для далейшага абследавання і пацвярджэння дыягназу.
Урач прызначыць аналізы крыві і электраэнцэфалаграму (ЭЭГ). Таксама, магчыма, дзіця накіруюць на камп’ютарную тамаграфію (КТ) або магнітна-рэзанансную тамаграфію (МРТ) галаўнога мозга.
Лячэнне эпілепсіі
Мэта прызначэння дзіцяці супрацьсударгавых прэпаратаў заключаецца ў тым, каб даць яму магчымасць весці прывычны лад жыцця. Але ў гэтых лекаў могуць быць некаторыя пабочныя эфекты. Калі дзіця прымае супрацьсударгавыя прэпараты, яму неабходна рэгулярна наведваць урача.
Пры адсутнасці эфекту ад такіх лекаў урач можа абмеркаваць з вамі іншыя метады лячэння, у тым ліку кетагенную дыету або варыянты хірургічнага ўмяшання.
Неабходна паведаміць усім, хто ажыццяўляе паўсядзённы догляд дзіцяці, так ці інакш адказвае за яго бяспеку (напрыклад, няням, выхавацелям і настаўнікам), што ў дзіцяці эпілепсія. Важна, каб яны разумелі, што гэта значыць, і ведалі, як дзейнічаць у выпадку прыступу. Таксама варта надзець дзіцяці бранзалет на запясце або бірульку з інфармацыяй пра тое, што ў яго эпілепсія: дзякуючы гэтаму ў выпадку раптоўнага прыступу навакольныя змогуць зразумець, што адбываецца.
Прафілактыка эпілептычных прыпадкаў
Рэгулярнае харчаванне, сон і фізічныя практыкаванні могуць зменшыць рызыку ўзнікнення прыступаў.
Растлумачце дзіцяці, што яму трэба пазбягаць сітуацый і станаў, якія выклікаюць у яго прыступы, напрыклад, мігатлівага святла, ператамлення, голаду, прагляду тэлевізара.
Неабходна ўважліва сачыць за дзіцем, калі яно плавае, купаецца ці займаецца іншымі відамі фізічнай актыўнасці, асабліва звязанымі з вышынёй і хуткасцю, такімі як язда на веласіпедзе, скалалажанне і да таго падобнае.
Назіраць за дзіцем, калі ў яго здараецца прыпадак, можа быць вельмі цяжка. Зварот у групу падтрымкі дапаможа зменшыць хваляванне пра стан дзіцяці.