Этыкеткі на харчовых прадуктах: інфармацыя аб харчовай каштоўнасці і складзе

Інфармацыя на этыкетках харчовых прадуктаў дапамагае нам рабіць выбар на карысць здаровай і бяспечнай ежы. Але з-за багацця такой інфармацыі пакупнік можа быць уведзены ў зман. Расказваем, як чытаць этыкеткі і вызначаць, наколькі прадукт карысны для здароўя.
Body

Этыкеткі на прадуктах харчавання і інфармацыя аб харчовай каштоўнасці: што гэта і дзе знаходзіцца

Этыкеткі прысутнічаюць на ўсіх харчовых прадуктах, за выключэннем вырабаў у вельмі дробнай фасоўцы, а таксама свежай садавіны, гародніны і страў, прыгатаваных у арганізацыях грамадскага харчавання (кафэ, сталовыя, рэстараны і інш.) для спажывання насельніцтвам непасрэдна на месцы.

На этыкетках харчовай прадукцыі змяшчаецца наступная інфармацыя: найменне, колькасць і склад (інгрэдыенты і дабаўкі), харчовая каштоўнасць, дата вырабу, тэрмін прыдатнасці, умовы захоўвання, а таксама вытворца і месца яго знаходжання. Для харчовай прадукцыі, на якасць і бяспеку каторай уплывае адкрыццё ўпакоўкі, якая абараняе выраб ад псавання, змяшчаецца таксама інфармацыя пра ўмовы захоўвання пасля адкрыцця ўпакоўкі. На этыкетцы пры неабходнасці могуць размяшчацца рэкамендацыі і/або абмежаванні па выкарыстанні, звесткі пра наяўнасць у харчовай прадукцыі кампанентаў, атрыманых з прымяненнем генна-мадыфікаваных арганізмаў (ГМА), а таксама адзіны знак абарачэння прадукцыі на тэрыторыях дзяржаў — членаў Мытнага саюза. Уся вышэйзгаданая інфармацыя на этыкетцы харчовай прадукцыі, якая рэалізуецца ў Рэспубліцы Беларусь, павінна быць змешчана на рускай або беларускай мове.

Інфармацыя пра харчовую каштоўнасць — гэта звесткі пра склад прадукту і масавую долю інгрэдыентаў.

Пры куплі прадуктаў ва ўпакоўцы звярніце ўвагу на іх этыкетку ці лісток-укладыш. На іх павінна быць поле з загалоўкам «Харчовая каштоўнасць», пад якім размяшчаецца наступная інфармацыя:

  • энергетычная каштоўнасць;
  • колькасць бялкоў;
  • колькасць тлушчаў;
  • колькасць вугляводаў;
  • утрыманне вітамінаў;
  • утрыманне мінеральных рэчываў.

Інфармацыя пра харчовую каштоўнасць змяшчаецца на 100 г, 100 мл ці на адну порцыю вырабу. Харчовая каштоўнасць чаю, прыроднай мінеральнай вады, бутыляванай пітной вады, спецый і некаторых іншых прадуктаў можа не падавацца. Інфармацыя пра харчовую каштоўнасць на этыкетках дапамагае зразумець, наколькі прадукт карысны. Але майце на ўвазе, што некаторыя з самых карысных прадуктаў могуць прадавацца без указання на этыкетцы харчовай каштоўнасці, напрыклад свежая садавіна (уключаючы ягады) і гародніна (уключаючы бульбу), грыбы, свежае мяса, птушка і рыба.

Інгрэдыенты, інфармацыя пра якія змяшчаецца на этыкетках

Дакладную інфармацыю пра склад выпускаемых харчовых прадуктаў вытворца павінен размяшчаць на этыкетцы.

На ёй можа падавацца інфармацыя толькі пра тыя інгрэдыенты, якія ўтрымліваюцца ў прадукце харчавання. Напрыклад, у клубнічным ёгурце павінны ўтрымлівацца клубніцы.

Усе інгрэдыенты, у тым ліку вада, павінны быць пералічаны ў парадку змяншэння іх масавай долі. Непасрэдна перад іх указаннем павінен размяшчацца надпіс «Склад». Масавая доля інгрэдыенту, які ідзе ў спісе першым, вышэйшая, чым у іншых складнікаў. Калі першым ідзе цукар, значыць, гэта асноўны складнік і перад вамі прадукт з высокім утрыманнем цукру. Інгрэдыент, размешчаны на апошнім месцы ў спісе, прысутнічае ў найменшай колькасці. Пры наяўнасці ў харчовым прадукце араматызатара ў маркіроўцы складу павінна быць слова «араматызатар(ы)». Калі ў вырабе маецца харчовая дабаўка, павінна быць змешчана інфармацыя пра яе функцыянальнае (тэхналагічнае) прызначэнне (напрыклад, рэгулятар кіслотнасці, стабілізатар, эмульгатар і г. д.) і найменне, якое можа быць заменена індэксам згодна з Міжнароднай лічбавай сістэмай (INS) або Еўрапейскай лічбавай сістэмай (E). На этыкетцы харчовай прадукцыі, у склад якой уваходзяць падсалоджвальнікі (цукраспірты), непасрэдна пасля ўказання складу павінен быць надпіс «Утрымлівае падсалоджвальнік (падсалоджвальнікі). Пры празмерным ужыванні можа аказваць слабіцельнае дзеянне».

Інфармацыя аб харчовай каштоўнасці

На ўпакоўцы прадуктаў харчавання павінна быць указана наступная інфармацыя: энергетычная каштоўнасць (каларыйнасць) у джоўлях або калорыях; утрыманне бялкоў, тлушчаў, вугляводаў у грамах; колькасць вітамінаў і мінеральных рэчываў (калі яны былі дададзены ў харчовую прадукцыю пры яе вытворчасці) у міліграмах, мікраграмах або ў іншых адзінках. У іншых выпадках інфармацыя пра колькасць вітамінаў і мінеральных рэчываў змяшчаецца на этыкетцы пры іх утрыманні ў 100 г, 100 мл або адной порцыі харчовага прадукту ў колькасці 5 % і большай ад сутачнай патрэбы. Вытворцы могуць уключаць інфармацыю і пра наяўнасць іншых складнікаў, напрыклад клятчаткі, амега-3 тлустых кіслот, насычаных тлушчаў.

Параўноўваючы інфармацыю пра харчовую каштоўнасць розных харчовых прадуктаў, вы зможаце выбраць найбольш карысны для здароўя варыянт. Для гэтага проста вывучыце этыкеткі на прадмет таго, у якіх прадуктах менш насычаных тлушчаў, натрыю і цукру і больш клятчаткі.

Калі вы параўноўваеце два прадукты, звяртайце ўвагу на ўтрыманне розных рэчываў у 100 г вырабу, а не ў порцыі. Так вам будзе прасцей ацаніць утрыманне аднаго і таго ж рэчыва ў розных прадуктах.

На што варта звяртаць увагу пры чытанні этыкеткі: каларыйнасць, тлушч, цукар і соль

Энергетычная каштоўнасць

Звесткі пра энергетычную каштоўнасць падаюць у кіладжоўлях (кДж) або кілакалорыях (ккал). Тлушчы, бялкі і вугляводы забяспечваюць арганізм энергіяй, неабходнай для функцыянавання і жыццядзейнасці. Пры параўнанні падобных прадуктаў больш нізкая каларыйнасць звычайна азначае, што ў прадукце ўтрымліваецца менш тлушчу ці цукру, а гэта для большасці людзей лепшы варыянт.

Схаваныя тлушч, цукар і соль

Вытворцы могуць змяшчаць інфармацыю пра тлушч, цукар або соль, якія ўтрымліваюцца ў прадукце, пад рознымі назвамі. Гэта значыць, што гэтыя кампаненты ежы могуць аказацца «схаванымі» ў спісе інгрэдыентаў. Але як бы яны ні называліся, прадукты з высокім утрыманнем тлушчу, цукру і солі звычайна менш карысныя.

Тлушчы могуць быць абазначаны як ялавічны тлушч, сметанковае масла, кандытарскі тлушч, какосавы або пальмавы і іншы алей, вяршкі, сала, шпік, маянэз, смятана, алей, гідрагенізаваны алей/тлушч/масла, цэльнае сухое малако, мона-, ды- і трыгліцэрыды.

Для цукру могуць выкарыстоўвацца наступныя назвы: карычневы цукар, кукурузны сіроп, дэкстроза, дыцукрыды, фруктоза, глюкоза, патака, светлая патака, мёд, канцэнтрат фруктовага соку, фруктовы сіроп, лактоза, солад, мальтоза, маніт, кляновы сіроп, монацукрыды, цукар-сырэц, сарбітол або ксіліт.

Соль як крыніца натрыю ёсць у складзе такіх кампанентаў: разрыхляльнік, узмацняльнік, соль c молатым сельдэрэем, соль з часнаком, натрый, мясны або дражджавы экстракт, цыбулевая соль, глутамат натрыю, каменная соль, марская соль, бікарбанат натрыю, метабісульфіт натрыю, булённыя кубікі.

Харчовыя дабаўкі

У многіх прадуктах утрымліваюцца харчовыя дабаўкі. У адносінах да іх выкарыстання і маркіроўкі дзейнічаюць строгія правілы. У спісе інгрэдыентаў павінны быць указаны ўсе харчовыя дабаўкі, напрыклад загушчальнік (Е1442). Калі ў дабаўцы ўтрымліваецца патэнцыйны алерген, як, напрыклад, у загушчальніку Е1442, гэта павінна быць адлюстравана на этыкетцы. Для харчовых прадуктаў, якія змяшчаюць фарбавальнікі (азарубін (Е122), жоўты хіналінавы (Е104), жоўты «сонечны захад» FCF (E110), чырвоны чароўны АС (Е129), пансо 4R (Е124) і тартразін (Е102)), павінен быць прадугледжаны папярэджвальны надпіс «Змяшчае фарбавальнік/фарбавальнікі, які/якія можа/могуць аказваць адмоўны ўплыў на актыўнасць і ўвагу дзяцей».

Некаторыя людзі адчувальныя да пэўных харчовых дабавак, часцей за ўсё да штучных фарбавальнікаў, кансервантаў і ўзмацняльнікаў смаку. Калі вы думаеце, што ў вашага дзіцяці павышаная адчувальнасць, пракансультуйцеся наконт харчовай алергіі і негатыўнай рэакцыі з педыятрам, алерголагам ці дыетолагам.

Інфармацыя аб харчовай алергіі

Прычынай 90 % харчовых алергічных рэакцый з'яўляюцца ўсяго некалькі прадуктаў. Напрыклад, да іх адносяцца арахіс, гарчыца, злакі, якія ўтрымліваюць глютэн, кунжут, лубін, малюскі, малако, арэхі, рыба, сельдэрэй, соя, яйкі і прадукты іх перапрацоўкі, а таксама аспартам і аспартам-ацэсульфама соль. Калі дадзеныя інгрэдыенты ўваходзяць у склад харчовага прадукту, вытворцы павінны пра гэта паведаміць, нават калі іх утрыманне нязначнае. Пры выкарыстанні для вытворчасці харчовых прадуктаў у якасці кампанента аспартаму і аспартам-ацэсульфаму солі пасля ўказання складу харчовага прадукту павінен размяшчацца надпіс «Утрымлівае крыніцу фенілаланіну». Калі пры вытворчасці харчовага прадукту выкарыстоўваліся зерневыя кампаненты, якія не змяшчаюць глютэн, або глютэн быў выдалены, дапускаецца размяшчэнне надпісу «Не ўтрымлівае глютэн».

Інфармацыя пра наяўнасць інгрэдыентаў, якія могуць выклікаць алергічныя рэакцыі, можа быць размешчана некалькімі спосабамі. Напрыклад, пра ўтрыманне яек у прадукце могуць сведчыць такія запісы:

  • альбумін (яйка);
  • яечны альбумін;
  • утрымлівае яйкі (размяшчаецца ў канцы спіса інгрэдыентаў).

Папярэджанне «Можа ўтрымліваць рэшткі»

Вытворца павінен даваць такі надпіс, калі прадукт вырабляецца на тым жа абсталяванні, што і вырабы, якія ўтрымліваюць патэнцыйныя харчовыя алергены, і пры гэтым немагчыма цалкам выключыць іх наяўнасць. Інфармацыя пра магчымую наяўнасць такіх кампанентаў размяшчаецца непасрэдна пасля ўказання складу харчовай прадукцыі.

Калі ў вашага дзіцяці моцная харчовая алергія, гэтае пытанне варта абавязкова абмеркаваць з педыятрам, алерголагам ці дыетолагам.

Уважлівая праверка сцвярджэнняў аб карысці для здароўя

Такія сцвярджэнні на этыкетках і ў рэкламе прадуктаў, як, напрыклад, «з нізкім утрыманнем тлушчу» на пачку чыпсаў, могуць уводзіць пакупніка ў зман. Яны прыцягваюць увагу, але будзе нялішнім вывучыць інфармацыю пра харчовую каштоўнасць прадукту.

Вось некаторыя моманты, пра якія варта памятаць, сутыкнуўшыся з распаўсюджанымі сцвярджэннямі аб карысці харчовых прадуктаў:

  • «Без халестэрыну»: прадукт можа быць на 100 % без халестэрыну, але ўтрымліваць тлушч.
  • «Без тлушчу»: каб вытворца мог зрабіць такую ​​заяву, прадукт павінен утрымліваць не больш за 0,5 г тлушчу на 100 г цвёрдай харчовай прадукцыі або на 100 мл вадкасці.
  • «Лёгкі»: гэта можа адносіцца да смаку або тэкстуры. Усё роўна варта пазнаёміцца ​​з інфармацыяй пра ўтрыманне тлушчу, цукру.
  • «Арганічны прадукт» або «Сертыфікаваны арганічны прадукт»: розныя прыватныя вытворцы могуць сертыфікаваць прадукты як арганічныя. Кожны вытворца павінен кіравацца нацыянальнымі стандартамі, акрамя таго, розныя вытворцы маюць свае патрабаванні да сертыфікацыі.
  • «Запечаныя», «Не абсмажаныя»: такія прадукты маглі быць змазаныя тлушчам перад прыгатаваннем — значыць, гэтыя вырабы могуць быць з высокім утрыманнем тлушчу. Лепш удакладніць іх тлустасць.
  • «З нізкім утрыманнем тлушчу»: такія прадукты павінны змяшчаць не больш за 3 г тлушчу на 100 г цвёрдай харчовай прадукцыі або не больш за 1,5 г тлушчу на 100 мл вадкасці. Гэта не значыць, што ў іх менш тлушчу, чым у іншым аналагічным прадукце.
  • «З нізкім утрыманнем натрыю» або «З вельмі нізкім утрыманнем натрыю»: прадукты павінны змяшчаць натрый (або эквівалентную колькасць кухоннай солі) у колькасці адпаведна не большай за 0,12 і 0,04 г на 100 г цвёрдай харчовай прадукцыі або на 100 мл вадкасці.
  • «Без дадавання цукру»: гэта азначае, што прадукт не ўтрымлівае цукрозы ці сталовага цукру, але не іншых формаў цукру. Ён можа змяшчаць вялікую колькасць калорый, солі ці тлушчу.
  • «На 93 % менш тлушчу»: гучыць нядрэнна, але лепш уважліва вывучыць склад прадукту.

Вытворцы павінны прытрымлівацца стандартаў, якія рэгулююць змест інфармацыі пра харчовую каштоўнасць і карысць іх прадуктаў.

«Тэрмін прыдатнасці» і «Тэрмін захоўвання»

На ўсіх харчовых прадуктах павінна быць змешчана дата, пасля якой выраб або будзе небяспечным для ўжывання, або страціць смакавыя якасці.

  • «Тэрмін прыдатнасці» выкарыстоўваецца для ўсіх харчовых прадуктаў. Пасля гэтай даты выраб нельга ўжываць у ежу. Магазіны не маюць права прадаваць прадукты харчавання з тэрмінам прыдатнасці, які скончыўся. Калі для харчовага прадукту вытворцам устанаўліваецца неабмежаваны тэрмін прыдатнасці, то маркіроўка павінна дапаўняцца надпісам «Тэрмін прыдатнасці не абмежаваны пры выкананні ўмоў захоўвання».
  • «Тэрмін захоўвання» — гэта перыяд часу, на працягу якога харчовы прадукт пры выкананні ўстаноўленых умоў захоўвання зберагае ўсе свае ўласцівасці.
  • «Выраблена» ці «Упакавана» — гэта дата вырабу ці ўпакоўкі прадукту. Гэтыя даты сведчаць пра свежасць прадукту, іх можна ўбачыць на хлебе ці мясе.