Фізічныя пакаранні: што трэба ведаць
Фізічныя (цялесныя) пакаранні дзяцей: што трэба ведаць
Плескачы, лупцоўка, біццё (удары па розных частках цела) — гэта фізічнае пакаранне. Выкарыстанне фізічных пакаранняў — адна з многіх форм бацькоўскіх паводзін, якая часта перадаецца ад аднаго пакалення да другога.
Кожны дарослы, які хоць раз прымяняў фізічнае пакаранне ў адносінах да свайго дзіцяці, заўважаў, што яно працуе, таму што дзеці перастаюць рабіць тое, што рабілі. Некаторыя бацькі лічаць, што біццё не толькі з'яўляецца найбольш радыкальным спосабам змены паводзін дзіцяці, але таксама можа спрыяць памяншэнню бацькоўскага стрэсу і атрыманню кантролю над паводзінамі дзіцяці.
Аднак прымяненне фізічных пакаранняў — не лепшы прыклад дысцыплінарных метадаў выхавання, так як яны не спрыяюць развіццю ў дзяцей самарэгуляцыі і ўяўленняў аб прымальных паводзінах. У большай ступені фізічныя пакаранні фарміруюць негатыўнае ўяўленне дзіцяці пра самога сябе і прымушаюць яго думаць пра сябе як пра дрэннага чалавека, якога немагчыма любіць.
У фізічных пакаранняў ёсць яшчэ тры вялікія недахопы.
Па-першае, існуе рызыка таго, што фізічныя пакаранні могуць нашкодзіць вашаму дзіцяці.
Па-другое, такія паводзіны паказваюць дзецям, што гвалт з іншых людзей дапамагае справіцца са сваімі моцнымі эмоцыямі і пачуццямі.
Па-трэцяе, фізічныя пакаранні могуць прывесці да больш доўгатэрміновых праблем са здароўем і развіццём. У дзяцей, якія падвяргаюцца фізічным пакаранням, маецца вялікая колькасць эмацыянальных і паводзінных праблем, асабліва звязаных з агрэсіяй, дэпрэсіяй, трывогай і гвалтам у адносінах да навакольных. Вы ж не хочаце гэтага для свайго дзіцяці?!
Існуюць больш канструктыўныя і рацыянальныя метады выхавання дзяцей.
Альтэрнатывы фізічным пакаранням: як дапамагчы дзіцяці паводзіць сябе добра
Адзін з лепшых спосабаў для бацькоў пазбегнуць прымянення фізічных пакаранняў — гэта стварыць умовы для добрых паводзін дзяцей.
Па-першае, наладзьце са сваім дзіцем цёплыя і бяспечныя адносіны. Калі ваша дзіця адчувае, што яго любяць і цэняць, яно з большай верагоднасцю будзе паводзіць сябе так, як вам падабаецца.
Канкрэтныя сямейныя правілы — важны крок у выхаванні дзяцей. Дзякуючы ім ваша дзіця адчувае сябе ў бяспецы і разумее, якіх паводзін вы ад яго чакаеце. Выкананне правілаў дапамагае пазбегнуць мноства праблем з паводзінамі.
У вашага дзіцяці дастаткова спраў? Прачытайце артыкулы пра гульні для дзяцей, каб знайсці цікавыя ідэі, як заняць дзіця або накіраваць яго энергію ў канструктыўнае рэчышча.
Вы таксама можаце прадбачыць сітуацыі, у якіх ваша дзіця паводзіць сябе непрымальна. Напрыклад, варта адправіцца з ім у магазін па пакупкі пасля яго дзённага сну і падвячорка, каб пазбегнуць скандалу.
Калі ваша дзіця паводзіць сябе не так, як вам падабаецца, прааналізуйце, што адбываецца ў яго асяроддзі. Магчыма, яго нешта турбуе або хвалюе. Напрыклад, абмежаванні, звязаныя з COVID-19, маглі ўнесці змены ў ваша жыццё і адбіцца на паводзінах дзіцяці — яно стала больш трывожным, доўга адаптуецца і капрызіць у новай абстаноўцы.
Памятайце: змены ў навакольным асяроддзі дзіцяці могуць пазітыўна адбіцца на яго паводзінах. Напрыклад, калі вы прыбераце з поля яго зроку далікатныя і небяспечныя для яго прадметы, у дзіцяці не будзе жадання іх вывучаць, а вам не давядзецца яго абмяжоўваць.
Часам дастаткова проста пераключыць увагу дзіцяці ў складанай сітуацыі, каб пазбегнуць яго дрэнных паводзін.
Выкарыстанне наступстваў замест фізічных пакаранняў
Дзеці дашкольнага ўзросту ўжо дастаткова добра разумеюць наступствы сваіх негатыўных паводзін: напрыклад, калі ваша дзіця працягвае кідаць куртку на падлогу замест таго, каб надзець яе, вы не зможаце разам пайсці на прагулку. Аднак наступствы такіх паводзін пачнуць працаваць не адразу, а ў доўгатэрміновай перспектыве, асабліва ў тых выпадках, калі вы аб'яднаеце іх з пазітыўнымі стратэгіямі, якія заахвочваюць дзіця да добрых паводзін. Напрыклад: «Як хутка ты сёння сабраўся на шпацыр! Мы паспеем зайсці ў парк і пакатацца на атракцыёнах».
Дзеці ранняга ўзросту (да трох гадоў) пакуль не могуць зразумець, што наступства — вынік іх нейкага ўчынку, і, такім чынам, не могуць несці адказнасць за ўласныя паводзіны. Таму не рэкамендуецца выкарыстоўваць дадзеную стратэгію з малымі дзецьмі, лепш актыўна заахвочваць іх да добрых паводзін.
Як маці/бацьку спраўляцца з расчараваннем, гневам і стрэсам
Кіраванне ўласнымі пачуццямі — важная частка стварэння цёплай, пабудаванай на любві сямейнай атмасферы, якая дапамагае вашаму дзіцяці паводзіць сябе добра.
Калі вы ўмееце рэгуляваць свае моцныя негатыўныя эмоцыі канструктыўным чынам, напрыклад, захоўваючы спакой, робячы некалькі глыбокіх удыхаў ці спакойна сыходзячы, вы дэманструеце свайму дзіцяці выдатны прыклад таго, як трэба сябе паводзіць.
Калі вы часам адчуваеце моцны стрэс і злуяцеся, але не ведаеце, як аблегчыць свае пачуцці, магчыма, варта вывучыць некаторыя стратэгіі кіравання стрэсам.
А калі вам хочацца шлёпнуць дзіця, то лепш у такі момант на пэўны перыяд ад яго дыстанцыравацца. Дайце сабе час, каб супакоіцца. Выйдзіце ў іншы пакой і глыбока ўдыхніце, а затым павольна выдыхніце, выканайце гэтае практыкаванне некалькі разоў. Паспрабуйце абмеркаваць сітуацыю са сваім партнёрам ці сябрам.
Калі вам складана кантраляваць свае моцныя эмоцыі і паводзіны ў стрэсавых сітуацыях, звярніцеся па прафесійную дапамогу да псіхатэрапеўта ці ўрача.
Калі вам цяжка справіцца з праблемнымі паводзінамі дзіцяці, звярніцеся да сямейнага кансультанта, псіхолага ці патэлефануйце ў службу экстраннай псіхалагічнай дапамогі (тэлефон даверу), каб атрымаць падтрымку і рэкамендацыі.