Гарачка

Гарачка — гэта пад’ём тэмпературы цела вышэй за 38 °C. Часцей за ўсё гэта прыкмета інфекцыі. Гарачка ў нованароджаных і дзяцей першых месяцаў жыцця патрабуе асаблівай увагі і медыцынскай дапамогі. У большасці выпадкаў гарачка ў дзяцей не з’яўляецца жыццепагражальным станам. Неабходна забяспечыць дзіцяці багатае піццё, пры неабходнасці прымяніць жарапаніжальны сродак.
Body

Што такое гарачка

У перыяд захворвання дзіцяці нармальным (пры якім не патрабуецца прымяненне жарапаніжальных сродкаў) лічыцца павышэнне тэмпературы цела да 38,0–38,5 °C. Умераная гарачка — гэта калі тэмпература цела ў вашага дзіцяці вышэйшая за 38,1 °C, пры гэтым можа спатрэбіцца медыкаментознае зніжэнне тэмпературы цела ў залежнасці ад агульнага стану дзіцяці.

Гарачка не з’яўляецца хваробай сама па сабе, але з’яўляецца прыкметай хваробы.

Прычыны гарачкі і высокай тэмпературы ў дзяцей

Гарачка ў дзіцяці можа ўзнікнуць па розных прычынах.

Інфекцыі, безумоўна, з’яўляюцца найбольш распаўсюджанай з іх. У цэлым гарачка з’яўляецца прыкметай таго, што арганізм дзіцяці змагаецца з інфекцыяй.

Большая частка дзіцячых інфекцый выклікаецца вірусамі. Некаторыя інфекцыі могуць быць выкліканы бактэрыямі і іншымі хваробатворнымі агентамі. Інфекцыі, здольныя выклікаць гарачку, могуць пашкоджваць любую частку ці сістэму арганізма.

Існуюць і іншыя, менш распаўсюджаныя, прычыны гарачкі. Да іх адносяцца алергічныя рэакцыі на лекі ці вакцыны, хранічнае запаленне суставаў, некаторыя пухліны і страўнікава-кішэчныя захворванні, такія як хвароба Крона.

Сімптомы гарачкі

Высокая тэмпература можа выклікаць у дзіцяці пачуццё дыскамфорту. Часам назіраецца з’яўленне дрыжыкаў пры павышэнні тэмпературы цела, пры яе паніжэнні дзіця можа пацець. Таксама магчыма развіццё абязводжвання, калі дзіця губляе шмат вадкасці ад гарачкі і не п’е ў дастатковай колькасці.

У дзіцяці ва ўзросце ад шасці месяцаў да шасці гадоў на фоне гарачкі могуць з’явіцца сударгі.

У большасці выпадкаў гарачка і хваробы, якія яе выклікаюць, працягваюцца ўсяго некалькі дзён. Гарачка можа фіксавацца на працягу даўжэйшага перыяду, калі гэта прыкмета больш сур’ёзнага ці хранічнага захворвання.

Пры занепакоенасці адносна гарачкі ў дзіцяці варта вымераць тэмпературу яго цела з дапамогай тэрмометра.

Калі звяртацца да ўрача наконт павышэння тэмпературы цела

Немаўляты ва ўзросце да 3 месяцаў з гарачкай павінны быць дастаўлены ў аддзяленне неадкладнай дапамогі бальніцы адразу. Гэта звязана з тым, што ў дзяцей такога ўзросту складаней вызначыць наяўнасць або адсутнасць сур’ёзнага асноўнага захворвання.

У дзяцей ва ўзросце 3–12 месяцаў гарачка можа быць прыкметай больш значнага захворвання, таму звярніцеся па медыцынскую кансультацыю да ўрача ў той жа дзень.

Звярніцеся ў аддзяленне неадкладнай дапамогі бальніцы або адразу ж выклічце хуткую дапамогу, калі вашаму дзіцяці больш за 12 месяцаў і пры гарачцы ў яго вы назіраеце наступныя прыкметы:

  • дзіця становіцца больш бледным, млявым і слабым, яго стан пагаршаецца;
  • праблемы з дыханнем;
  • дзіця становіцца санлівым ці не рэагуе;
  • здаецца, што ў дзіцяці абязводжванне, яно адмаўляецца піць ці радзей плача;
  • дзіця скардзіцца на скаванасць шыі, пастаянны галаўны боль або лёгкі боль у вачах;
  • узнікаюць частыя прыступы дыярэі або нястрымнай рвоты;
  • з’явіліся высыпанні на скуры, якія не знікаюць пры націсканні;
  • дзіця адчувае боль або пастаянна плача;
  • іншыя праявы, якія выклікаюць у вас хваляванне.

Вы ведаеце сваё дзіця лепш, чым хто-небудзь, таму давярайце ўласным інстынктам, калі яно дрэнна сябе адчувае ці вы заўважаеце ў яго прыкметы сур’ёзнага захворвання, якое патрабуе тэрміновай медыцынскай дапамогі.

Лячэнне гарачкі

Гарачка сама па сабе рэдка бывае пагрозай для жыцця. Як правіла, дзеці добра спраўляюцца з гэтым станам.

Лячыць яе трэба толькі ў тым выпадку, калі самаадчуванне ў дзіцяці вельмі дрэннае. Гарачка будзе праходзіць незалежна ад лячэння.

Калі ў дзіцяці гарачка, самае галоўнае — кантраляваць, каб яно дастаткова піло, што дапаможа пазбегнуць абязводжвання.

Можна даваць дзіцяці меншую колькасць вадкасці, але часцей.

Паспрабуйце зрабіць так, каб вашаму дзіцяці было камфортна:

  • Апраніце яго ў лёгкае адзенне.
  • Пры выкарыстанні парацэтамолу прытрымлівайцеся рэкамендаванай дозы і частаты. Не давайце жарапаніжальныя лекі занадта часта ці працяглы час, бо гэта можа выклікаць пабочныя эфекты ў выглядзе пашкоджання печані.
  • Пазбягайце прахалодных ваннаў, кампрэсаў і вентылятараў. Гэта можа выклікаць у дзіцяці яшчэ большы дыскамфорт.
  • Не прымушайце яго есці: зніжэнне апетыту падчас гарачкі — гэта нармальна.

Калі гарачка выклікана бактэрыяльнай інфекцыяй, дзіцяці можа спатрэбіцца лячэнне антыбіётыкамі.

Ні пры якіх умовах нельга даваць дзіцяці аспірын, бо ён можа справакаваць развіццё сіндрому Рэйе — вострага небяспечнага для жыцця стану. Прыём аспірыну таксама можа стаць прычынай жыццепагражальнага стану або смерці ў дзіцяці з сімптомамі ветраной воспы ці грыпу.