Гаварыце «не» з любоўю

У чым заключаецца гульня. У гэтым узросце ваша дзіця, хутчэй за ўсё, пачне поўзаць. Гэта азначае, што яно пачынае даследаваць разнастайныя рэчы ў навакольным асяроддзі, уключаючы прадметы, якія могуць быць небяспечнымі. У нейкі момант трэба будзе сказаць дзіцяці «не» ці «нельга». Як зрабіць гэта эфектыўна і з любоўю? Вось некалькі парад:

• Падрыхтуйце ўсё вакол да таго, што цяпер ваша дзіця будзе спрабаваць да ўсяго дацягнуцца, усё адкрыць або ўзяць, і прыбярыце небяспечныя прадметы.

• Выкарыстоўвайце як мага радзей словы «не» і «нельга». Калі вы бачыце, што ваша дзіця набліжаецца да небяспечнага прадмета або месца, адцягніце яго ўвагу ці асцярожна перанакіруйце да іншай цікавай рэчы. Вы можаце сказаць: «Давай знойдзем што-небудзь бяспечнае, каб пагуляць».

• Выкарыстоўвайце іншыя словы, не гаварыце толькі «не» і «нельга». Такія словы, як «стоп», ці фразы накшталт «Гэта бруднае! У цябе будзе балець жывоцік!» лепш служаць для той жа мэты.

• Паколькі ваша дзіця з першага разу не зразумее, што значыць слова «не», у патрэбнай сітуацыі проста падыдзіце бліжэй да дзіцяці і коратка растлумачце («Ой! Будзе балюча!»). Гаварыце сур'ёзным тонам, каб дзіця адчувала розніцу ў інтанацыі.

• Пастарайцеся зрабіць так, каб дзіця часцей чула слова «так», чым «не».

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Вашаму дзіцяці неабходна даследаваць усё вакол і як мага больш рухацца, але гэта павінна адбывацца бяспечна. Вы дапамагаеце стварыць бяспечнае асяроддзе для свайго дзіцяці і паступова прывучаеце яго трымацца далей ад небяспечных рэчаў. Ваша дзіця вучыцца суадносіць слова («не», «стоп» або «не чапай») з прадметам або сітуацыяй. Гэта важна для развіцця мыслення і маўлення. У той жа час яно вучыцца верыць у тое, што вы сочыце за яго бяспекай і заўсёды дапаможаце яму знайсці занятак, які падыходзіць.