Гепатыт С

Гепатыт С не распаўсюджаны сярод дзяцей. Да сімптомаў гэтага захворвання адносяцца стамляльнасць, адсутнасць апетыту, млоснасць і боль у жываце, жаўтушнае афарбоўванне скурнага покрыва і склер. У большасці выпадкаў пры гепатыце С патрабуецца лячэнне. Існуюць некаторыя лекавыя прэпараты, якія можна выкарыстоўваць для лячэння дзяцей старэйшага ўзросту. Гепатыт С перадаецца пры кантакце з заражанай крывёй.
Body

Прычыны гепатыту С

Гепатыт С — гэта запаленчае паражэнне печані, якое выклікаецца вірусам гепатыту С. Праз кроў вірус трапляе ў печань, дзе выклікае запаленне.

Як распаўсюджваецца гепатыт С

Заражэнне вірусам гепатыту С адбываецца пры кантакце з інфіцыраванай крывёй.

Часцей за ўсё дзеці заражаюцца гепатытам С ад маці, якія перадаюць ім вірус падчас цяжарнасці ці родаў.

Таксама існуе вельмі нізкая верагоднасць заражэння гепатытам С у выніку паўторнага выкарыстання ці недастатковай стэрылізацыі медыцынскага абсталявання або выпадковага кантакту з выкарыстанымі заражанымі іголкамі.

Гепатыт С рэдка сустракаецца ў дзяцей. Гэтае захворванне найбольш распаўсюджана сярод дарослых, якія ўжываюць наркотыкі ўнутрывенна і выкарыстоўваюць агульныя заражаныя ін’екцыйныя інструменты.

Сімптомы гепатыту С

У большасці выпадкаў у дзяцей, заражаных гепатытам С, хвароба ніяк не праяўляецца.

У дзяцей старэйшага ўзросту і падлеткаў могуць назірацца лёгкія сімптомы, напрыклад стамляльнасць, адсутнасць апетыту, млоснасць і боль у правай верхняй частцы жывата, дзе знаходзіцца печань.

У вельмі рэдкіх выпадках у дзяцей гепатыт С можа прымаць цяжкую форму.

Калі звярнуцца да педыятра пры падазрэнні на гепатыт С

Трэба звярнуцца да ўрача (педыятра, дзіцячага інфекцыяніста), калі:

  • у дзіцяці адзначаецца жаўтушнае афарбоўванне скурнага покрыва і/або бялкоў вачэй (склер) — такая праява называецца жаўтухай;
  • у дзіцяці мача стала цёмна-карычневай;
  • дзіця скардзіцца на боль у жываце, які не спыняецца некалькі дзён;
  • у дзіцяці быў кантакт з выкарыстанай іголкай.

Таксама варта пракансультавацца з медыцынскім спецыялістам, калі вы мяркуеце, што падчас цяжарнасці заразіліся гепатытам С.

Дыягностыка гепатыту С

Калі ў дзіцяці адзначаюцца сімптомы, якія могуць быць выкліканы гепатытам C, ці існуе верагоднасць, што яно магло быць інфіцыравана гэтым вірусам, урач прызначыць аналіз крыві з мэтай пацвярджэння дыягназу.

Лячэнне гепатыту С

Некаторыя дзеці з гепатытам С пераносяць інфекцыю без якога-небудзь лячэння. На гэта могуць спатрэбіцца тыдні ці нават месяцы. Але ў большасці выпадкаў у дзяцей з гепатытам С развіваецца хранічная форма захворвання. Гэта падвяргае іх рызыцы рубцавання печані, развіцця ў далейшым пячоначнай недастатковасці (цырозу) і раку печані.

Для лячэння хранічнага гепатыту С у дарослых на сучасным этапе даступныя дзейсныя і бяспечныя процівірусныя прэпараты. У большасці людзей яны эфектыўна змагаюцца з інфекцыяй. У некаторых выпадках магчыма іх медыцынскае прызначэнне дзецям старэйшага ўзросту.

У любым выпадку дзіця павінен лячыць урач, які мае вопыт і спецыялізуецца на дадзенай паталогіі ў дзяцей.

Прафілактыка гепатыту С

Прышчэпкі супраць гепатыту С не існуе.

Калі ў вас гепатыт С і вы плануеце цяжарнасць, вам варта абмеркаваць варыянты лячэння са сваім урачом. Жанчыны з гепатытам С могуць бяспечна карміць грудзьмі, калі на іх сасках няма расколін і/або яны не крываточаць.

Калі дзіця дакранулася да выкарыстанай іголкі, прамыйце скуру ў месцы кантакту вадой з мылам. Затым звярніцеся да педыятра.

Навучыце дзіця выконваць правілы асабістай гігіены, растлумачце, што нельга карыстацца чужымі зубнымі шчоткамі, брытвамі ці іншымі прадметамі, паколькі яны могуць належаць чалавеку, хвораму на гепатыт С, а значыць, быць забруджанымі інфіцыраванай крывёй.