Гепатыт В
Гепатыт В
Гепатыт В — гэта патэнцыяльна небяспечнае віруснае інфекцыйнае захворванне, якое пашкоджвае печань і працякае ў вострай ці хранічнай форме.
Гепатыт B часцей сустракаецца ў краінах, дзе адсутнічаюць праграмы вакцынацыі. Калі вы не прайшлі вакцынацыю і падарожнічаеце па такіх месцах, вы падвяргаеце сябе рызыцы заражэння.
Як распаўсюджваецца гепатыт В
Захворванне перадаецца праз кроў, гэта значыць, калі людзі кантактуюць з крывёй таго, у каго ёсць вірус.
Гэта можа адбыцца ў наступных выпадках:
- выкарыстанне з заражаным чалавекам агульных ін’екцыйных іголак (у тым ліку пры ўжыванні ін’екцыйных наркотыкаў);
- кантакт з выкарыстанымі іголкамі і іншымі колюча-рэжучымі прадметамі;
- недастатковае абеззаражванне іголак, якія выкарыстоўваюцца для нанясення татуіровак або пірсінгу;
- карыстанне агульнай зубной шчоткай, брытвай ці іншымі прадметамі асабістай гігіены;
- неабаронены секс.
Паколькі гепатыт B перадаецца праз кроў, то ад цяжарнай жанчыны вірус таксама можа перадацца плоду падчас цяжарнасці, амаль заўсёды на позніх тэрмінах. Звычайна ў такіх жанчын хранічны гепатыт В працякае бессімптомна.
Сімптомы гепатыту В
Працягласць інкубацыйнага перыяду вагаецца ў межах ад 30 да 180 дзён і ў сярэднім складае 75 дзён. Вірус выяўляецца ў крыві за 30–60 дзён да ўзнікнення якіх-небудзь сімптомаў захворвання.
У дзяцей з гепатытам B можа быць вельмі мала відавочных праяў захворвання або ўвогуле не быць сімптомаў, што часам ускладняе дыягностыку гепатыту B.
Сімптомы часцей праяўляюцца паступова і ўключаюць наступныя:
- адсутнасць апетыту і ўпадак сіл;
- боль у жываце (асабліва ў правай верхняй частцы, дзе знаходзіцца печань) і рвота;
- гарачка;
- набыццё скурным покрывам і склерамі жаўтаватага адцення — «жаўтуха»;
- сып;
- змена колеру калу, пацямненне мачы;
- боль або ацёчнасць у суставах.
Ці трэба звярнуцца да педыятра пры падазрэнні на гепатыт В?
Калі ў дзіцяці ёсць любыя з вышэйпералічаных сімптомаў ці існуе падазрэнне на магчымае заражэнне, варта неадкладна звярнуцца да педыятра.
Аналізы на гепатыт В
Калі педыятр палічыць, што сімптомы ў дзіцяці могуць быць выкліканы гепатытам B, для пацвярджэння дыягназу спецыяліст прызначыць аналіз крыві.
У некаторых выпадках можа спатрэбіцца ультрагукавое даследаванне печані.
Ускладненні і лячэнне гепатыту В
Дзіця можа перанесці дадзенае захворванне без спецыяльнага лячэння. Дзеці малодшага ўзросту з большай верагоднасцю схільныя да развіцця хранічнага гепатыту В, гэта значыць могуць хварэць на працягу доўгага часу. Гэта, у сваю чаргу, у далейшым павялічвае рызыку развіцця пячоначнай недастатковасці і раку печані.
Для лячэння хранічнага гепатыту B распрацаваны спецыяльныя супрацьвірусныя прэпараты. Медыцынскія спецыялісты могуць прызначыць іх дзецям старэйшага ўзросту і падлеткам, асабліва пры падазрэнні на пашкоджанне печані.
Пры цяжкім цячэнні хваробы, выразных сімптомах можа спатрэбіцца шпіталізацыя. Але такія выпадкі вельмі рэдкія.
Прафілактыка гепатыту В: імунізацыя
Галоўным метадам прафілактыкі дадзенага захворвання з’яўляецца прышчэпка ад гепатыту В (ВГВ). Гэтая вакцына ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак; першы раз яе ўводзяць неўзабаве пасля нараджэння, яшчэ дзве дозы — у наступныя некалькі месяцаў.
Прафілактыка гепатыту В: цяжарнасць і кармленне грудзьмі
Калі ў цяжарнай жанчыны гепатыт В, ёй назначаць прэпараты для зніжэння верагоднасці перадачы віруса дзіцяці. Пры нараджэнні дзіцяці зробяць спецыяльныя ін’екцыі антыцелаў супраць гепатыту B, а таксама стандартную прышчэпку супраць яго.
Жанчыны з гепатытам B могуць бяспечна карміць грудзьмі пры адсутнасці кроватачывасці, трэшчын і іншых пашкоджанняў саскоў.
Дадатковыя меры прафілактыкі гепатыту В
Гепатыт B можа перадавацца праз заражаную кроў.
Калі дзіця кантактавала з выкарыстанай іголкай, старанна, але не пашкоджваючы, прамыйце скуру дзіцяці вадой з мылам у месцы кантакту. Затым звярніцеся да педыятра. Рызыка заражэння гепатытам В пры такім кантакце вельмі нізкая.
Не дапускайце магчымасці выкарыстання дзіцем зубных шчотак, брытваў ці іншых прадметаў асабістай гігіены, якія належаць іншым людзям, тым больш хворым на гепатыт В, бо на гэтых прадметах могуць быць часціцы інфіцыраванай крыві.