Гігіена і штодзённы догляд немаўляці
Умыванне твару, мыццё галавы, гігіена рота і зубоў дзіцяці
Гігіена вачэй немаўляці
Перад тым, як прыступіць да ўмывання твару, мыцця галавы, гігіены рота і чысткі зубоў дзіцяці, трэба памыць рукі. Для ачышчэння вачэй дзіцяці намачыце ватны дыск цёплай вадой, затым пратрыце. Рэкамендацыі адносна напрамку апрацоўкі вачэй у розных краінах адрозніваюцца. Беларускія ўрачы раяць праціраць вочы ад знешняга вугалка да ўнутранага, спецыялісты ў некаторых іншых краінах — ад унутранага да знешняга. Якому б варыянту вы ні аддалі перавагу, важна строга прытрымлівацца выбранага кірунку руху, а не хаатычна вадзіць ватным дыскам у розныя бакі. Для кожнага вока выкарыстоўвайце асобны ватны дыск.
Ачышчэнне вушэй дзіцяці
Ватным тампонам пратрыце вушы дзіцяці, за вушамі і вакол іх. Не трэба нічога ўстаўляць у вушы. Каб памыць валасы дзіцяці, акуратна палівайце яго галаву вадой. Сушыце яго валасы, асцярожна перамяшчаючы ручнік па галаве кругавымі рухамі.
Чыстка дзяснаў і зубоў дзіцяці
Пасля ранішняга і вячэрняга кармлення трэба ажыццяўляць гігіенічны догляд поласці рота дзіцяці. Пакуль у яго няма зубоў, неабходна праціраць дзясны змочанай у вадзе сурвэткай з тканіны. Калі з’явяцца першыя зубы, чысціце іх вадой не радзей за два разы на дзень. Рэкамендуецца выкарыстоўваць невялікую мяккую дзіцячую зубную шчотку.
Догляд дзіцячых пазногцяў і ачышчэнне вобласці пупавіннага астатку
Падстрыганне пазногцяў
Падстрыгайце пазногці дзіцяці спецыяльнымі нажніцамі для пазногцяў або падпілоўвайце іх нягрубай пілачкай. Папрасіце каго-небудзь з блізкіх патрымаць дзіця, пакуль робіце гэта. Можна паспрабаваць падстрыгчы дзіцяці пазногці, пасадзіўшы яго ў дзіцячае крэсла для кармлення і/ці ўключыўшы любімую песню; будзьце ўважлівыя, калі вырашыце зрабіць гэта, пакуль дзіця спіць, бо гэта можа быць небяспечна.
НЯПРАВІЛЬНЫ спосаб надзявання падгузніка пры неадпаўшым пупавінным астатку / незагоенай пупочнай ранцы ў нованароджанага
Правільны спосаб надзявання падгузніка пры неадпаўшым пупавінным астатку / незагоенай пупочнай ранцы ў нованароджанага
Перад тым, як прыступіць да ачышчэння вобласці пупавіннага астатку ў дзіцяці, трэба вымыць рукі. Акуратна прамыйце гэтую вобласць вадой, можна выкарыстоўваць губку. Пасля купання пераканайцеся, што кукса пупавіны абсохла.
Каб пупочная ранка гаілася, не трэба закрываць яе аднаразовымі падгузнікамі або пялёнкамі. Падгінайце пояс падгузніка так, каб ён не судакранаўся з пупавінным астаткам. Старайцеся і самі не дакранацца да яго.
Догляд геніталій і гігіена для немаўлят
Ачышчэнне геніталій дзяўчынкі
Для ачышчэння вонкавых палавых органаў у дзяўчынкі намачыце ватны дыск чыстай вадой, акуратна развядзіце ножкі дзіцяці і асцярожна правядзіце ім паміж палавых губ у напрамку спераду назад. Старанна ачысціце вобласць палавых губ пры наяўнасці слядоў фекалій.
Ачышчэнне геніталій хлопчыка
Калі ў вас хлопчык, асцярожна апаласніце вобласць геніталій вадой падчас купання. Крайнюю плоць чысціце толькі звонку.
Даведацца больш пра догляд геніталій малых дзяцей можна з іншых артыкулаў Bebbo.
Дзіця без падгузніка
Неабходна, каб некаторы час дзіця праводзіла без падгузніка. Гэта дапаможа прадухіліць з’яўленне прэласці.