Глухата і парушэнне слыху
«Парушэнне слыху», «глухата» і «тугавухасць»: што азначаюць гэтыя тэрміны
Калі ў вашага дзіцяці ёсць падазрэнне ці ўжо дыягнаставана парушэнне слыху, гэта можа азначаць частковае або поўнае зніжэнне здольнасці ўлоўліваць і ўспрымаць гукі навакольнага свету. Нязначнае зніжэнне магчымасці ўспрымаць і разумець гукі называецца глухаватасцю, а поўная страта здольнасці чуць — глухатой.
Напрыклад, у вашага дзіцяці можа быць нязначнае зніжэнне слыху, ці яно не ў стане чуць гукі, якія паступаюць па некаторых кірунках, ці ў яго складанасці з адрозніваннем пэўных частот або гукаў.
Для апісання гэтай праблемы ў артыкуле тэрміны «глухата» і «парушэнне слыху» могуць быць выкарыстаны ў якасці ўзаемазамяняльных.
Віды глухаты і парушэнняў слыху
Глухата і парушэнне слыху могуць:
- адзначацца пры нараджэнні — гэта прыроджанае парушэнне слыху;
- пачацца пасля нараджэння — гэта набытае парушэнне слыху.
Выдзяляюць кандуктыўнае, нейрасенсорнае і змешанае парушэнне слыху.
Кандуктыўнае парушэнне слыху — гэта калі гукам, якія паступаюць звонку адносна вуха, складана патрапіць унутр самога вуха. Кандуктыўнае парушэнне слыху звычайна звязана з назапашваннем вадкасці ў сярэднім вуху, выкліканым інфекцыямі сярэдняга вуха, і, як правіла, носіць часовы характар.
Нейрасенсорнае парушэнне слыху — гэта калі нервы, якія адказваюць за ўспрыманне гуку і распазнанне таго, што ён значыць, не працуюць належным чынам. Такое парушэнне слыху можа праяўляцца ў лёгкай, умеранай ці больш заўважнай форме. Нейрасенсорнае парушэнне слыху звычайна доўжыцца ўсё жыццё і можа пагаршацца з цягам часу.
Змешаная страта слыху — гэта калі ў дзіцяці назіраецца як кандуктыўнае, так і нейрасенсорнае парушэнне слыху.
Універсальны скрынінг слыху ў нованароджаных
Што такое скрынінг слыху
Падчас скрынінгу слыху спецыяльнае абсталяванне прайгравае пэўныя гукі і запісвае рэакцыі дзіцяці.
Большасць нованароджаных праходзяць скрынінг яшчэ ў радзільным доме. Вы можаце атрымаць інфармацыю пра вынікі праведзенага абследавання ў свайго педыятра.
Прыкметы глухаты ці парушэнняў слыху
Калі ваша дзіця глухое або слаба чуе, яму будзе складана ўспрымаць гукі навакольнага свету і маўленне іншых людзей. Хутчэй за ўсё вы заўважыце, што дзіця можа не рэагаваць на ваш голас і іншыя гукі такім чынам, як вы ад яго чакаеце. Па меры яго сталення вы будзеце адзначаць, што яго маўленне не развіваецца так, як у іншых дзяцей.
Ніжэй пералічана тое, чаго варта чакаць ад дзіцяці, якое развіваецца нармальна. Калі ваша дзіця не робіць чагосьці з названага далей, то вам рэкамендуецца пракансультавацца з вашым педыятрам.
- Ва ўзросце ад 0 да 4 месяцаў ваша дзіця ўздрыгвае пры гучным гуку, паварочвае галаву ці водзіць вачыма ў пошуках яго крыніцы. Калі яно засмучанае, то супакойваецца, пачуўшы ваш голас.
- Ва ўзросце ад 4 да 8 месяцаў ваша дзіця заўважае і звяртае ўвагу на гукі вакол сябе, усміхаецца, калі з ім размаўляюць, лапоча і разумее простыя словы, як, напрыклад, «ідзі на ручкі».
- Ва ўзросце ад 8 да 14 месяцаў ваша дзіця рэагуе на сваё імя, вымаўляе простыя словы, напрыклад «мама» і «тата», паўтарае простыя гукі і выкарыстоўвае свой голас, каб прыцягваць увагу людзей, якія знаходзяцца паблізу.
- Ва ўзросце ад 14 да 24 месяцаў у вашага дзіцяці пачынае развівацца слоўнікавы запас, яно разумее простыя ўказанні і выконвае іх, а таксама аб’ядноўвае два словы разам.
Нават калі ўсё, як здаецца, у парадку, але вы ўсё роўна хвалюецеся, вам трэба звярнуцца да педыятра ці профільнага спецыяліста — лагапеда, отарыналарынголага. У рэшце рэшт, вы лепш, чым хто-небудзь, ведаеце сваё дзіця.
Навучанне зносінам глухіх дзяцей і дзяцей са слабым слыхам
Калі ў вас глухое дзіця ці дзіця, якое слаба чуе, для зносін яно можа выкарыстоўваць гутарковае маўленне, мову жэстаў ці спалучэнне мовы жэстаў і гутарковага маўлення.
Для дзяцей з глухатой або выяўленымі парушэннямі слыху навучанне зносінам з выкарыстаннем гутарковага маўлення — гэта па-сапраўднаму цяжкая задача. Такое навучанне займае многа гадоў і не заўжды дае вынікі. Самае важнае для развіцця вашага дзіцяці і для вашых адносін з ім — гэта магчымасць мець зносіны.
Шматлікія сем’і аддаюць перавагу таму, каб вучыць сваё дзіця і гаварыць, і карыстацца мовай жэстаў, незалежна ад таго, ці можа дзіця выкарыстоўваць гутарковае маўленне. Калі ваша сям’я выбірае такі шлях, то вам і астатнім членам сям’і неабходна вывучыць мову жэстаў.
Вы можаце звярнуцца да спецыялістаў, у якіх назіраецца ваша дзіця, і яны дадуць вам дадатковую інфармацыю і дапамогуць у вывучэнні мовы жэстаў.
Слыхавыя апараты для глухіх дзяцей і дзяцей са слабым слыхам
Існуюць устройствы, дзякуючы якім ваша дзіця можа пачуць гутарковае маўленне. І калі дзіця будзе яго чуць, то зможа пачаць вучыцца выкарыстоўваць мову.
Выбар апарата, прыдатнага для вашага дзіцяці, будзе залежаць ад таго, якія від і ступень цяжкасці парушэння слыху ў яго дыягнаставаны. Да такіх устройстваў, якія называюцца ўзмацняльнымі ўстройствамі або дапаможнымі слыхавымі апаратамі, адносяцца:
- слыхавыя апараты;
- імпланты з касцявой праводнасцю;
- кахлеарныя імплантаты — устройствы, якія ўводзяцца хірургічным шляхам людзям з цяжкім нейрасенсорным парушэннем слыху;
- персанальныя сістэмы з частотнай мадуляцыяй.
Ваша дзіця можа карыстацца адным устройствам або спалучаць некалькі. Яно таксама можа выкарыстоўваць дапаможныя ўстройствы ў спалучэнні з гутарковым маўленнем і мовай жэстаў.
Большасць дзяцей з парушэннямі слыху выкарыстоўваюць дапаможныя слыхавыя апараты на абодвух вушах.
Ранняе ўмяшанне ў адносінах да глухіх дзяцей і дзяцей са слабым слыхам
Чым раней вы даведаецеся, што ў вашага дзіцяці ёсць парушэнне слыху, тым хутчэй яно атрымае раннюю дапамогу спецыялістаў і тым раней вы прыступіце да развіцця яго камунікатыўных навыкаў. Гэта таксама азначае, што вы і ваша сям’я можаце атрымаць кансультацыю і прафесійнае суправаджэнне, якое дапаможа вам і вашаму дзіцяці адаптавацца і развівацца.
У каманду спецыялістаў, якія аказваюць дапамогу вам і вашаму дзіцяці, могуць уваходзіць аўдыёлагі, лагапеды, настаўнікі-дэфектолагі, псіхолагі.
Не бойцеся задаваць многа пытанняў.
Калі вы гуляеце, узаемадзейнічаеце і размаўляеце са сваім дзіцем на працягу дня, стымулюючы яго слых і развіццё, гэта вельмі дапамагае яму. Дзеці больш за ўсё вучацца ў людзей, якія клапоцяцца пра іх і з якімі яны праводзяць большую частку свайго часу.
Клопат пра сябе і сваю сям’ю
Хоць лёгка з галавой занурыцца ў клопат пра сваё дзіця, важна таксама не забывацца і пра ўласны дабрабыт і камфорт. Калі вы добра сябе адчуваеце фізічна і разумова, вы зможаце лепш клапаціцца пра сваё дзіця.
Зносіны з іншымі бацькамі — гэта выдатны спосаб атрымаць падтрымку з боку. Вы можаце знайсці агульную мову з людзьмі, якія аказаліся ў падобных сітуацыях. Для гэтага даведайцеся інфармацыю пра супольнасці бацькоў дзяцей з парушэннямі слыху і наладзьце зносіны з імі асабіста або анлайн.
Калі ў вас ёсць іншыя дзеці, неабходна, каб яны, з’яўляючыся братамі ці сёстрамі дзяцей з асаблівасцямі развіцця, адчувалі, што таксама важныя для вас — што вы клапоціцеся пра іх і вас хвалюе тое, праз што ім даводзіцца праходзіць. Важна размаўляць з імі, сумесна бавіць час, знаходзіць словы падтрымкі.