Грудное выкормліванне: чым могуць дапамагчы партнёры

Арганізаваць працэс груднога выкормлівання будзе лягчэй, калі вы будзеце дапамагаць сваёй жонцы/партнёрцы. Вашы веды і падтрымка дапамогуць ёй, пакуль яна вучыцца карміць грудзьмі. Даведайцеся пра перавагі груднога выкормлівання, пра тое, як правільна арганізаваць і падтрымліваць яго працэс і як дапамагчы жонцы/партнёрцы, калі яна ў гэтым мае патрэбу. Знайдзіце практычныя спосабы дапамогі і вазьміце на сябе дадатковыя хатнія справы.
Body

Чаму партнёрам важна падтрымліваць маці, якія кормяць

Арганізаваць працэс груднога выкормлівання будзе лягчэй, калі вы будзеце дапамагаць сваёй жонцы/партнёрцы.

Вашы веды, энтузіязм і падтрымка могуць мець вырашальнае значэнне, паколькі ваша жонка/партнёрка вучыцца карміць грудзьмі. Калі ёй пакуль няпроста карміць немаўля грудзьмі, вы можаце павысіць яе ўпэўненасць у сабе і дапамагчы пераадолець цяжкасці. Вашы падтрымка і дапамога могуць аказаць уплыў на працягласць тэрміну кармлення.

Вашы першыя дзеянні: даведайцеся пра грудное выкормліванне

Для пачатку паспрабуйце пашырыць свае веды і ўяўленні пра перавагі груднога выкормлівання. Дзякуючы гэтаму вы зможаце нагадваць сваёй жонцы/партнёрцы важную інфармацыю, а таксама вызначаць праблемы з грудным выкормліваннем на ранняй стадыі і вырашаць іх.

Вось што трэба ведаць пра грудное выкормліванне:

  • Грудное малако — гэта ідэальны прадукт для харчавання нованароджанага і дзіцяці першага года жыцця. Яно закладвае магутны падмурак для здароўя вашага дзіцяці ў будучыні і дае яму дадатковую абарону ад інфекцый і хвароб. Кармленне грудзьмі таксама памяншае рызыку развіцця некаторых захворванняў у маці, якая корміць. Грудное малако — свежы, стэрыльны, ідэальнай тэмпературы гатовы да ўжывання прадукт для дзіцяці. Карміць грудзьмі зручна і эканамічна.
  • Грудное выкормліванне не заўсёды бывае хуткім. У маладых мам сеанс кармлення можа доўжыцца ад 10 хвілін і працягвацца больш за гадзіну. Як правіла, нованароджаных трэба карміць 8–12 разоў на суткі.
  • Каб навучыцца грудному выкормліванню, патрэбны час і падтрымка, бо гэта не заўсёды бывае лёгка. Важна выбраць позу для кармлення, у якой з камфортам можна знаходзіцца доўгі час. Затым трэба навучыцца правільна прыкладаць дзіця да грудзей — калі практычна ўся арэола саска знаходзіцца ў роціку дзіцяці, ніжняя губа вывернута, а падбародак і кончык носа дзіцяці ўпіраюцца ў маміны грудзі. Гэты працэс можа запатрабаваць ад вашай жонкі/партнёркі і вас часу і цярпення.

Ваша жонка/партнёрка можа сутыкнуцца з адной з наступных распаўсюджаных праблем груднога выкормлівання:

  • недастатковая колькасць груднога малака;
  • лішак груднога малака;
  • адмова ад грудзей або кусанне іх дзіцем;
  • хваравітасць або інфіцыраванне саскоў;
  • мастыт і закупорка малочных праток.

Калі ў вашай жонкі/партнёркі праблемы з грудным выкормліваннем, яна і вы можаце атрымаць падтрымку ў медсястры, урача або кансультанта па грудным выкормліванні. Яны могуць дапамагчы вам пераадолець часовыя цяжкасці і правільна арганізаваць працэс.

Як дапамагчы пры грудным выкормліванні дзіцяці

Хаця вы не корміце дзіцяці грудзьмі, ёсць шмат спосабаў дапамагчы наладзіць і ўмацаваць сувязь паміж вамі і вашым дзіцем:

  • Старайцеся як мага часцей браць дзіця на рукі і насіць, часам можна карыстацца слінгам. Вы можаце пакласці дзіця на свае грудзі тварам да сябе і паназіраць за ім. Цялесны кантакт з вамі дапаможа дзіцяці супакоіцца, а вы зможаце адчуць дзіця.
  • Купайце дзіця і навучыцеся рабіць лёгкі масаж — гэта дапаможа супакоіць яго пры неабходнасці. Акрамя таго, гэта выдатная магчымасць пагутарыць з дзіцем.
  • Падумайце, як яшчэ вы можаце супакоіць дзіця. Гэта часам прасцей зрабіць вам, чым вашай жонцы/партнёрцы, бо пах малака можа ўзбуджаць дзіця і падахвочваць яго мітусліва шукаць грудзі.
  • Вазьміце некаторыя абавязкі па доглядзе дзіцяці на сябе, напрыклад, вы можаце патрымаць дзіця ў вертыкальным становішчы (слупком) пасля кармлення і дачакацца адрыжкі або памяняць яму памперс пасля кармлення грудзьмі.

З нованароджаным у сям'і лёгка забыцца пра ўласныя патрэбы. Аднак важна сачыць за сабой, прытрымлівацца здаровага харчавання, правільнага рэжыму фізічнай актыўнасці і адпачынку, калі гэта магчыма. Такі лад жыцця надасць вам больш сіл і энергіі, неабходных для таго, каб стаць маці/бацькам, якой/якім вы марылі быць.

Догляд маці, якая корміць

Маладым маці, якія кормяць, трэба асвоіць шмат новай інфармацыі і прыстасавацца да новага вопыту. Для вашай жонкі/партнёркі натуральна адчуваць турботу, стомленасць і фізічны дыскамфорт, а таксама натхненне і радасць, звязаныя з вашым нованароджаным. Каб дапамагчы ёй адчуць сябе лепш, вы можаце зрабіць наступнае:

  • Падумайце, як вы фізічна можаце дапамагчы вашай жонцы/партнёрцы, пакуль яна корміць грудзьмі. Прапануйце прынесці ёй шклянку вады, дайце ёй яшчэ адну падушку, калі яна ёй патрэбна, ці займіце старэйшых дзяцей.
  • Дапамажыце жонцы/партнёрцы падчас начных кармленняў — прынясіце дзіця да яе ў ложак для кармлення і пакладзіце яго зноў спаць, калі гэта неабходна. Гэта будзе вялікай падмогай, нават калі вы будзеце рабіць гэта толькі падчас кармлення ноччу.
  • Пастаўцеся з разуменнем да пытанняў інтымных адносін. Будзьце цярплівым, калі вашай жонцы/партнёрцы не захочацца падтрымліваць блізкасць з вамі. Верагодна, яна стамілася ад хатніх абавязкаў і догляду дзіцяці.
  • Паклапаціцеся пра тое, каб у вас дома заўсёды была карысная ежа для маці, якая корміць, і дастатковая колькасць пітной вады. Сачыце за выкананнем вашай жонкай/партнёркай пітнога рэжыму.
  • Вазьміце на сябе дадатковыя хатнія абавязкі і паспрабуйце як мага больш часу праводзіць са сваёй сям'ёй. Калі вы можаце выконваць хатнія справы без кіраўніцтва і кантролю з боку вашай жонкі/партнёркі, гэта пазбавіць яе ад лішніх хваляванняў і трывог. Яна зможа на вас спадзявацца, ёй не трэба будзе турбавацца пра некаторыя рэчы.

Гаварыце вашай жонцы/партнёрцы, што яна выдатна спраўляецца са сваёй новай роляй і што вы цэніце яе намаганні і дасягненні, якія датычацца груднога выкормлівання. Калі, нягледзячы на ​​ўсе намаганні, грудное выкормліванне не ўдаецца наладзіць, звярніцеся па кансультацыю да спецыяліста або наведайце школу груднога выкормлівання пры дзіцячай паліклініцы.