Гульні на развіццё маторыкі: дзеці ва ўзросце 2–3 гадоў
Гульні малых дзяцей: чаму яны важныя для развіцця маторыкі
Гульня — адзін з асноўных інструментаў, з дапамогай якіх дзеці вучацца, развіваюцца і растуць. Яна карысна для ўсіх сфер развіцця вашага дзіцяці, у тым ліку і для фізічнага развіцця.
Штодзённыя гульні з дзіцем дапамагаюць яму рухацца і ўмацоўваюць яго мышцы і косці. Яны таксама станоўча ўплываюць на яго ўпэўненасць ва ўласных сілах, паколькі дзіця правярае свае здольнасці і ўсведамляе, што з кожным разам можа ўзбірацца вышэй, бегаць хутчэй і скакаць яшчэ далей.
Дзякуючы гульням на працягу дня ў вашага дзіцяці высокая фізічная актыўнасць — гэта карысна для яго агульнага стану здароўя і самаадчування.
Дзецям штодня неабходна некалькі гадзін гульні: як спакойнай — напрыклад, будаўніцтва з кубікаў на падлозе, так і актыўнай — хадзьба, бег, скачкі, гульні на дзіцячай пляцоўцы і г. д. Калі ў вашага дзіцяці ёсць абмежаванні жыццядзейнасці, урач і спецыялісты дапамогуць вам адаптаваць агульныя рэкамендацыі такім чынам, каб ваша дзіця магло максімальна задзейнічаць сваё цела і ўмацоўваць рухальныя навыкі.
Развіццё маторыкі ў малых дзяцей: чаго чакаць
Ва ўзросце 2–3 гадоў дзіця, як правіла, можа выконваць наступныя дзеянні:
- браць невялікія кавалачкі ежы ўказальным і вялікім пальцамі;
- трымаць аловак у асноўным становішчы для пісьма;
- паднімацца і спускацца па лесвіцы, чаргуючы ногі, але яму, хутчэй за ўсё, усё роўна давядзецца трымацца за парэнчы або за руку дарослага;
- кідаць мяч, не падаючы.
У вашага дзіцяці паляпшаецца каардынацыя, яно ўсё лепш самастойна спраўляецца са штодзённымі справамі. Напрыклад, дзіця можа пачаць само адзявацца, есці лыжкай і відэльцам, а таксама піць з кубка. Да трох гадоў яно можа навучыцца карыстацца прыбіральняй.
Ваша дзіця, верагодна, будзе правяраць свае фізічныя магчымасці, узбіраючыся як мага вышэй і бегаючы як мага далей — невялікія шышкі і падзенні будуць звычайнай з’явай. Сачыце за дзіцем, але памятайце, што гэта норма, бо менавіта так яны вучацца і развіваюцца.
Калі да трох гадоў ваша дзіця не рухаецца ўпэўнена або не праяўляе асаблівай цікавасці да таго, каб актыўна даведвацца нешта новае, то рэкамендуецца звярнуцца па кансультацыю да свайго ўрача.
Гульні на развіццё маторыкі для малых дзяцей
Вось некалькі ідэй для гульняў, якія прымусяць ваша дзіця рухацца:
- Уключайце музыку, якая падахвочвае ваша дзіця рухацца ў такт. Дадайце ў гульню нешта простае, напрыклад стужачкі ці самаробныя маракасы, каб дзіця захацела патрэсці імі, пакалыхацца з боку ў бок ці пакружыцца. Вы можаце спяваць простыя песенькі і пацешкі, суправаджаючы іх дзеяннямі, якія ваша дзіця магло б паўтараць. Актыўная гульня — выдатная магчымасць навучыць яго новым словам.
- Ва ўзросце прыкладна 12 месяцаў можна даць дзіцяці цацку-каталку. Калі такой цацкі няма, добра падыдзе кардонная каробка, якую можна штурхаць па падлозе.
- Калі ў вас ёсць самакаты або трохколавыя веласіпеды, вашаму дзіцяці можа спадабацца катацца на іх ва ўзросце прыкладна 2–3 гадоў. Вы можаце прапанаваць іх яшчэ раней, калі ўбачыце, што дзіця праяўляе да іх цікавасць.
- Давайце свайму дзіцяці кантэйнеры рознага памеру, каб яно складвала маленькія ў вялікія — гэты занятак карысны для развіцця каардынацыі рук, зроку і працы мозгу.
- Складвайце пазлы і разам будуйце з канструктара з буйнымі дэталямі.
- Гуляйце на свежым паветры ўсюды, дзе ваша дзіця зможа бяспечна хадзіць, бегаць і даследаваць наваколле. Калі ў вас няма магчымасці хадзіць на прагулкі далёка, то на вашым уласным двары ці нават на верандзе дзіця зможа трэніраваць буйную маторыку на розных паверхнях.
- Калі гульнявыя пляцоўкі адкрыты, дазваляйце свайму дзіцяці гуляць на іх. Заўсёды прыглядайце за дзіцем, каб яно не атрымала траўму, навучыце яго бяспечна карыстацца гульнявым абсталяваннем пляцоўкі.
Час перад экранам і актыўныя гульні
У адпаведнасці з дзеючымі рэкамендацыямі дзецям, малодшым за два гады, непажадана праводзіць час перад экранам. Выключэнне складаюць відэазванкі блізкіх людзей. Гэта звязана з тым, што малыя дзеці лепш за ўсё вучацца і развіваюцца, атрымліваючы вопыт з рэальнага жыцця, — падчас актыўных гульняў, у тым ліку на вуліцы, творчых заняткаў і пры зносінах з сям’ёй і сябрамі. Дзецям, старэйшым за два гады, і дашкольнікам трэба абмяжоўваць час знаходжання перад экранам. Карысна не сядзець на месцы, а рухацца як мага больш!