Гульні з люстэркам: «Я адзін такі / адна такая»
Што спатрэбіцца. Вялікае люстэрка, добра зафіксаванае на сцяне, або маленькае небіткае люстэрка (можна цацачнае).
У чым заключаецца гульня. Дайце дзіцяці ўбачыць сябе ў люстэрку. Размясціце небіткае люстэрка побач з дзіцячым ложачкам або столікам для спавівання, каб дзіця магло бачыць свой адбітак. Прыцягніце ўвагу і пакажыце на люстэрка, каб дзіця ў яго паглядзела. Скажыце: «Глядзі, гэта [імя вашага дзіцяці]». Праз некаторы час яно зразумее, чый там адбітак. Няхай дзіця памацае люстэрка і пакажа пальцам на сябе ў ім.
Паглядзіце ў люстэрка з дзіцем — усміхніцеся і памахайце яму, стройце адзін аднаму вясёлыя міны. З дапамогай памады або крэйды абвядзіце месца на вялікім люстэрку, дзе адбіваецца ваша дзіця, няхай дакранаецца да гэтага месца пальчыкамі, пакідае разводы і сляды — гэта ўсё частка вывучэння навакольнага свету і крок да разумення таго, якія змены могуць адбывацца з рознымі прадметамі. Суправаджайце ўсе дзеянні дзіцяці пазітыўнымі каментарыямі, гукамі, гаварыце з ім пра тое, што яно робіць, што адбываецца, хто там у люстэрку, указвайце на адбітак і паўтарайце імя дзіцяці. Паўтарыце тое ж самае са сваім адлюстраваннем у люстэрку. Пакажыце на сябе, скажыце, што гэта мама. Калі ваша дзіця падрасце, вы заўважыце, што яно пачынае пазнаваць сваё імя. Паўтарайце яго часцей.
Перад люстэркам вы таксама можаце пагуляць у хованкі або «ку-ку!». Дзеці заўсёды з захапленнем рэагуюць і ўсміхаюцца, калі зноў бачаць сваё адлюстраванне пасля таго, як вы на секунду схавалі яго ад іх хусткай.
Усё гэта можна рабіць у любы момант і дзе заўгодна, калі перад вамі вялікае зручнае люстэрка, а маленькае можна выкарыстоўваць у розных гульнях на падлозе, у ложачку, на вялікім ложку і г. д.
Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Дзеці ў захапленні ад такіх гульняў, і пры гэтым такія заняткі спрыяюць фарміраванню ўсведамлення самога сябе, сваёй знешнасці і месца ў навакольным асяроддзі.