Гуляем на падлозе

Што спатрэбіцца: дыванок або коўдра, любімыя цацкі, бразготкі.

У чым заключаецца гульня. Размясціце дзіця так, каб вы маглі дакранацца да яго ступняў. Асцярожна пагуляйце з ножкамі і пальчыкамі ног вашага дзіцяці і пяшчотна паказычыце яго. Па чарзе дакранайцеся да пальцаў дзіцяці, чытаючы "Сароку-белабоку", або прыдумайце свае назвы для кожнага пальчыка і пералічвайце іх.

Пакуль дзіця ляжыць на спіне, змясціце завадную цацку, якая ўтварае гук (калі яна ў вас ёсць), побач з дзіцем ці за ім. Паглядзіце, ці шукае дзіця крыніцу гуку. Або асцярожна патрасіце бразготку і паглядзіце, ці шукае яе дзіця вачамі.

Калі дзіця ляжыць на спіне на мяккай плоскай паверхні, пяшчотна пагладзьце або памасіруйце рукі і пальцы дзіцяці, размаўляючы з ім. Можна проста расказваць яму пра ўсё, да чаго дакранаецеся: «Якія ў цябе ручкі, а гэта твае пальчыкі», прагаворвайце дзіцяці ўсё, што вы робіце. Заўсёды можна проста пяшчотна праспяваць песеньку, пагладжваючы ручкі дзіцяці. Яшчэ можна пакласці трохі далей ад яго любую цацку, каб дзіця яе бачыла, але не магло дацягнуцца. Спрабуе? Можна варушыць цацку, трэсці, перамяшчаць, пакуль дзіця глядзіць на яе. Калі дзіця падрасце, вы можаце стымуляваць яго пераварочвацца, каб дацягнуцца да цацкі.

Па меры таго як ваша дзіця будзе расці, будзе з'яўляцца шмат ідэй для таго, як і з чым можна гуляць на падлозе. Пакладзіце коўдру ці ручнік на дыванок, дзіця — на жывот, так каб яго галава была павернута набок. Ляжце побач з немаўлём, каб яму было весела і цікава з вамі. Дзіця можа заставацца ў гэтым становішчы столькі, колькі яму падабаецца, але сачыце, каб яно праводзіла прыкладна аднолькавы час у становішчы з галавой, павернутай налева і направа. Зноў жа, вы можаце пакласці любімыя цацкі або прадметы перад дзіцем, але так, каб яны былі крыху па-за яго дасяжнасцю. Па меры таго, як ваша дзіця расце, падтрымлівайце яго спробы дацягнуцца да іх і рухацца ў іх напрамку.

Ляжаць на жывоціку вельмі важна для фізічнага развіцця. Сачыце за тым, каб дзіця кожны дзень крыху больш часу праводзіла ў гэтым становішчы. Назірайце за дзіцем, каб вы своечасова маглі акуратна змяніць яго позу, калі дзіця нахіляецца тварам да падлогі — так яму можа быць цяжка дыхаць. Па меры таго, як з часам дзіця мацнее, яно зможа падымаць галаву і трохі прыўздымацца, адштурхоўваючыся рукамі. Пазней гэтыя рухі перарастуць у пераварочванне і поўзанне.

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Гэта выдатная магчымасць выкарыстоўваць простыя гульні для стварэння пазітыўнага і прыемнага акружэння для вашага дзіцяці. Падчас такіх гульняў яно вучыцца даследаваць і кантраляваць рухі свайго цела і галавы. Дзіця зможа падымаць галаву і падтрымліваць сябе рукамі.