Гуляем па правілах дзіцяці

Што спатрэбіцца: усё, да чаго дзіця праяўляе цікавасць.

У чым заключаецца гульня. Усё, што вам трэба рабіць, гэта звяртаць увагу на тое, чым у дадзены момант зацікавілася ваша дзіця. Гэта можа быць цацка, нешта з прадуктаў на стале ці нейкі бытавы прадмет, а калі вы на вуліцы — птушка або пажарная машына.

Спачатку ўголас прагаварыце, што дзіцяці на нешта звярнула ўвагу або чымсьці зацікавілася. Гэта можа быць штосьці, з чым можна пагуляць, напрыклад мяч, ці нейкае дзеянне, напрыклад скачкі па лужынах: «A-а-а, табе спадабаўся мяч!». Спытайце ў дзіцяці, ці хоча яно, каб вы таксама паўдзельнічалі, і выконвайце яго ўказанні. Калі яно кідае вам мяч, лавіце і кідайце назад. Галоўнае — працэс, а не вынік. Не важна, ці дагулялі вы да канца і ці добра ўсё атрымлівалася. Не перарывайце гульню дзіцяці і не спрабуйце змяніць натуральны для яго і задуманы ім ход гульні. Калі гэта бяспечна, няхай дзіця кіруе, а вы выконвайце яго ўказанні. Вельмі карысна пры гэтым прагаворваць і каментаваць, што вы абое робіце, напрыклад: «Ты вельмі хутка кінуў/кінула мяч, а я не злавіў / не злавіла! Ты вельмі спрытна кідаеш мяч!». Давайце дзіцяці час адрэагаваць.

Калі дзіця пачынае гуляць па-новаму ці ў нешта іншае, няхай і далей будзе галоўным. Напрыклад, калі яно перастала катаць мяч і пачынае гуляць з галінкамі, пераключыцеся на галінкі і не забывайце прагаворваць і каментаваць свае дзеянні.

Вы можаце так рабіць практычна ў любой сітуацыі і калі заўгодна — не толькі падчас гульняў і ў вольны час, але і падчас паўсядзённых спраў, напрыклад пры гатаванні ежы дома або падчас купання («О, ты прыкідваешся машынай! Бжжж! Бррум-бррум!»).

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Калі дзіця гуляе само, а вы выконваеце яго ўказанні і ўключаецеся ў гульню, не спрабуючы яе змяніць, гэта спрыяе развіццю творчага мыслення і навыкаў рашэння праблем. А яшчэ ваша дзіця вучыцца размаўляць і разважаць.