Ідзём у дзіцячы сад: пачуцці
Стаўленне дзіцяці да дзіцячага сада: трывога з-за расстання і страх перад незнаёмымі
Некаторыя малыя дзеці і дзеці крыху старэйшага ўзросту з радасцю і задавальненнем ідуць у дзіцячы сад.
Аднак у многіх бываюць і не вельмі станоўчыя рэакцыі:
- Боязь расстання: дзеці хвалююцца, калі вы іх пакідаеце. Боязь разлукі дасягае піку прыкладна ва ўзросце 14–18 месяцаў, хоць старэйшыя дзеці таксама могуць яе адчуваць.
- Страх перад незнаёмцамі: дзеці палохаюцца чужых людзей. Звычайна гэты страх узнікае ва ўзросце 7–10 месяцаў.
Боязь расстання і страх перад незнаёмцамі — нармальныя этапы развіцця дзіцяці. Многія малыя і крыху старэйшыя дзеці ў той ці іншай ступені перажываюць такія пачуцці. Гэтыя эмоцыі не залежаць ад таго, наведваюць дзеці дашкольную ўстанову ці не.
Таму, калі ваша дзіця пайшло ў дзіцячы сад і адчувае боязь расстання і страх перад незнаёмцамі, гэта не ваша віна. Гэта проста этап у развіцці дзіцяці.
Боязь расстання і страх перад незнаёмцамі ў дзіцячым садку: што можна зрабіць
Старайцеся не хвалявацца. Дзеці звычайна хутчэй адаптуюцца, калі новыя твары ў іх асяроддзі становяцца знаёмымі. Проста адным дзецям на гэта можа спатрэбіцца крыху больш часу, чым іншым.
Вы можаце дапамагчы дзіцяці пераадолець страх. Прывёўшы дзіця ў садок, добра пабыць некаторы час разам з ім, перш чым сысці. У першыя тыдні па магчымасці пакідайце дзіця ў садку на непрацяглы час і паступова павялічвайце яго да поўнага дня.
Стаўленне дзіцяці да дзіцячага сада: іншыя фактары
На стаўленне дзіцяці да дзіцячага сада могуць уплываць і іншыя акалічнасці:
- Давер да выхавацеляў і клапатлівае стаўленне з іх боку: у гэтым выпадку дзіця будзе добра рэагаваць на дзіцячы садок.
- Умовы ў дзіцячым садзе: калі абстаноўка падобная на абстаноўку ў іншых месцах, знаёмых дзіцяці, яму будзе камфортней.
- Вопыт дзіцяці, калі яго даглядаў нехта, акрамя членаў сям’і: дзякуючы такому досведу дзіця вучыцца будаваць адносіны і разумее, што вы абавязкова вернецеся.
- Тэмперамент дзіцяці: ён уплывае на тое, як дзіця рэагуе на змены, у тым ліку на новую абстаноўку ў дзіцячым садку.
- Асабістыя прыярытэты дзіцяці: яно будзе адчуваць сябе больш камфортна, калі распарадак у садку адпавядае прывычнаму для яго графіку, напрыклад, прадугледжвае праслухоўванне кароткай казкі перад сном.
- Узрост і этап развіцця дзіцяці: кожнае дзіця — індывідуальнасць. Напрыклад, нехта ўжо ў паўтара года лёгка «прывыкае» да незнаёмай жанчыны (спакойна застаецца з няняй ці ў яслях), а хтосьці зможа адаптавацца да дзіцячага сада толькі пасля трох гадоў.
- Колькасць дзён, калі дзіця наведвае дзіцячы сад: у дзяцей, якія ходзяць у дзіцячы сад нерэгулярна або меншую колькасць дзён у тыдзень, не так многа часу, каб прывыкнуць да новай абстаноўкі і адчуваць сябе ў ёй камфортна.
Калі вы лічыце, што вашаму дзіцяці складана адаптавацца ў дзіцячым садку, трэба падзяліцца карыснай інфармацыяй і ідэямі з выхавацелямі.
Вашы пачуцці з нагоды наведвання дзіцем дзіцячага сада
Пачатак наведвання дзіцем дзіцячага сада — сур’ёзная змена ў вашым жыцці. Гэта хвалюючы і эмацыянальны перыяд для ўсёй сям’і — як для дзяцей, так і для бацькоў.
Нават калі вы адчуваеце змешаныя пачуцці з нагоды змен у сямейным жыцці, важна, каб вы дэманстравалі дзіцяці пазітыўнае стаўленне да дзіцячага сада. Дзеці валодаюць дзіўнай здольнасцю счытваць хваляванне і трывогу бацькоў, таму старайцеся не паказваць дзіцяці такія пачуцці. Калі яно ўбачыць, што вам падабаецца дзіцячы сад і вы давяраеце выхавацелям, то, хутчэй за ўсё, будзе адчуваць тое ж самае.
Аднак гэта не значыць, што вы павiнны трымаць свае пачуццi пры сабе. Падзяліцеся імі з партнёрам, сябрам або членам сям’і, які можа аказаць вам падтрымку ў гэты новы перыяд жыцця.