Ідзём у дзіцячы сад: падрыхтоўка

Паведаміце ў дзіцячы сад інфармацыю пра тое, як спіць ваша дзіця, якія навучальныя заняткі і сацыяльныя актыўнасці яму падабаюцца, ці ёсць у яго алергія і г. д. Падрыхтуйце сябе і дзіця да наведвання дзіцячага сада, схадзіўшы туды на азнаямленчы візіт за некалькі дзён ці тыдняў да пачатку яго рэгулярнага наведвання. Збярыце ўсе неабходныя рэчы з вечара напярэдадні першага наведвання дзіцячага сада. Так першы дзень пройдзе лягчэй.
Body

Ідзём у дзіцячы сад: навошта рыхтавацца

Да таго, як ваша дзіця пойдзе ў дзіцячую дашкольную ўстанову, будзе карысна падрыхтаваць і яго самога, і сям’ю да такіх перамен.

Перад тым, як аддаць дзіця ў дзіцячы сад:

  • пераканайцеся, што ў супрацоўнікаў дашкольнай установы ёсць уся неабходная інфармацыя, каб ажыццяўляць належны догляд вашага дзіцяці;
  • падрыхтуйце сябе і дзіця да перамен як з бытавога, так і з эмацыянальнага пункту гледжання.

Да таго, як дзіця пойдзе ў дзіцячы сад: інфармацыя выхавацелям і іх памочнікам

Падумайце пра тое, што выхавацелі і іх памочнікі павінны ведаць пра ваша дзіця, і паведаміце ім гэтую інфармацыю, перш чым яно пойдзе ў дзіцячы сад. Хутчэй за ўсё, гэта будуць наступныя звесткі:

  • фактары, якія ўплываюць на добрае самаадчуванне дзіцяці, у тым ліку рэжым сну, эмацыянальныя і сацыяльныя прыярытэты, а таксама любыя незвычайныя сямейныя адметнасці, якія маюць значэнне для догляду дзіцяці;
  • харчовая алергія, негатыўная рэакцыя арганізма на пэўныя прадукты, іншыя захворванні;
  • дапамога, у якой мае патрэбу дзіця пры наведванні прыбіральні;
  • навучальныя заняткі, якія падабаюцца дзіцяці;
  • любыя асцярогі наконт развіцця вашага дзіцяці;
  • асаблівыя сямейныя абставіны, якія маюць дачыненне да догляду дзіцяці, напрыклад, умовы апекі;
  • імунізацыйны статус дзіцяці.

За некалькі тыдняў да таго, як адправіць дзіця ў дзіцячы сад: эмацыянальная і практычная падрыхтоўка

Добра пачаць падрыхтоўку да дзіцячага сада за некалькі тыдняў.

Напрыклад, калі ёсць такая магчымасць, вы з дзіцем можаце ненадоўга прыходзіць у дзіцячы сад, каб пазнаёміцца ​​з умовамі, дзецьмі і выхавацелямі. Старайцеся праводзіць там каля гадзіны кожны раз і прыходзіць у розны час. Магчыма, вы сустрэнеце іншых бацькоў і пагаворыце з імі пра іх вопыт.

Вы таксама можаце пачаць прывучаць дзіця да распарадку дня дзіцячага сада. Даведайцеся яго і ўлічвайце гэтую інфармацыю пры наладжванні хатняга рэжыму дня, калі ваша дзіця ўжо дасягнула адпаведнага ўзросту. Умовы ў дзіцячай дашкольнай установе павінны па магчымасці ўлічваць распарадак дня малых дзяцей. Аднак для дзяцей больш старэйшага ўзросту мае сэнс устанавіць дома такі ж распарадак прыёму ежы, гульняў і дзённага сну, як і ў дзіцячым садзе. У гэтым выпадку, калі дзіця пойдзе ў сад, яно хутчэй адаптуецца да новых правілаў.

За некалькі тыдняў да пачатку наведвання дзіцячага сада вы можаце даведацца, хто будзе асноўным выхавацелем дзіцяці. Калі вы пакажаце яго фота і будзеце ў размовах называць яго па імені, дзіцяці ён ужо будзе знаёмы.

Каб ваша дзіця максімальна далікатна перажыло моцныя эмоцыі і ўсвядоміла новыя падзеі, можна пачытаць ці расказаць яму пра дзіцячы сад і пра тое, як з’яўляюцца новыя сябры. Добра пры гэтым закрануць усю гаму перажыванняў, якія можа зведаць дзіця: шчасце, задавальненне, смутак, трывога, боязь і стомленасць.

Калі вы будзеце размаўляць з дзіцем пра новую абстаноўку, сяброў, выхавацеляў і заняткі са станоўчымі эмоцыямі, вы абое будзеце адчуваць сябе пазітыўна.

Вечар напярэдадні першага наведвання дзіцячага сада: практычныя парады

Калі зрабіць бытавыя справы напярэдадні вечарам, вы зможаце пазбегнуць ранішняй мітусні. Таксама гэтая звычка дапаможа зменшыць стрэс у першыя некалькі дзён і тыдняў наведвання дзіцячага сада.

Вось некалькі парад, як арганізаваць вечар напярэдадні першага наведвання дзіцячага сада:

  • Паспрабуйце зрабіць карысную вячэру для дзіцяці.
  • Пакладзіце яго спаць своечасова, каб яно добра выспалася. Калі дзіця не выспіцца, яму можа быць складаней перажыць наступны дзень, таму папярэдзьце выхавацеляў.
  • Пераканайцеся, што на ўсіх рэчах, якія дзіця бярэ ў дзіцячы сад, пазначана яго імя.
  • Збярыце ўсё, што спатрэбіцца дзіцяці, у тым ліку падгузнікі, галаўны ўбор, запасное адзенне і зменны абутак, выпіску з медыцынскай карты.
  • Калі дазваляюць правілы дашкольнай установы, дайце дзіцяці з сабой рэч, якая будзе яго супакойваць, напрыклад, мяккую цацку, коўдру, кнігу ці сямейны фотаздымак.
  • Збярыце неабходныя рэчы (прадметы гігіены, канцтавары), якія спатрэбяцца для догляду дзіцяці і яго заняткаў (звычайна выхавацелі выдаюць адпаведны спіс).

Пачатак наведвання дзіцячага сада — гэта сур’ёзная змена ў жыцці вашай сям’і. Старайцеся захоўваць спакой, дэманструйце пазітыўнае стаўленне да дзіцячага сада. Няхай дзіця будзе пераканана, што там усё будзе добра!