Калі дзіця адмаўляецца ад грудзей

Адмаўленне ад грудзей звычайна з’яўляецца толькі часовай сітуацыяй, якую лёгка вырашыць, калі праверыць правільнасць прыкладання, пры неабходнасці змяніць становішча падчас кармлення грудзьмі, а таксама забяспечыць больш спакойную абстаноўку падчас кармлення, праявіўшы цярпенне і пяшчоту.
Body

Падчас кармлення дзіця можа не браць як адну малочную залозу, так і абедзве. Бывае, што дзіця выглядае галодным, але калі яму прапануюць грудзі, яно не можа ўзяць іх і пачаць эфектыўна смактаць. Або дзіця бярэ грудзі і спрабуе смактаць, але неўзабаве кідае і пачынае плакаць, паколькі не можа ўтрымаць іх у роце.

Прычыны адмаўлення ад грудзей і цяжкасцей з захопам грудзей:

  • Дзіця не можа ўзяць грудзі.
  • Няправільнае становішча пры кармленні грудзьмі.
  • Дзіця аддае перавагу адной з малочных залоз.
  • Грудзі цвёрдыя або ацёклыя.
  • Малако падчас кармлення выдзяляецца з грудзей павольней ці хутчэй, чым звычайна.
  • Дзіця проста негалоднае.
  • Дзіця прывыкла да бутэлечкі або соскі.
  • Дзіця стамілася або пераключае ўвагу на навакольную абстаноўку, што нармальна для крыху старэйшых дзяцей.
  • Немаўля занядужала.
  • У дзіцяці нешта баліць ці яму нязручна.
  • У малака іншы смак. Прычыны бываюць розныя: прыём вамі лекаў; гарманальныя змены падчас цыкла; ужыванне вамі ў ежу чагосьці незвычайнага.
  • Вы змянілі духі ці дэзадарант.

Што можа дапамагчы:

  • Пераканайцеся, што дзіця знаходзіцца ў правільным становішчы, і праверце, як яно захоплівае адну і другую малочныя залозы.
  • Супакойце дзіця, трымайце яго каля грудзей.
  • Перш чым прыкладаць дзіця да грудзей, правядзіце саском па яго вуснах, каб яно шырока адкрыла рот.
  • Не прымушайце дзіця браць грудзі.
  • Калі дзіця пачынае плакаць ды круціцца, спыніце кармленне і паўтарыце спробу крыху пазней, калі яно супакоіцца.
  • Не прапануйце дзіцяці грудзі, калі яно плача: кармленне павінна асацыіравацца з пачуццём камфорту.
  • Сачыце за тым, каб грудзі не былі ўшчыльненымі з-за таго, што вы недастаткова корміце.
  • Сцэджвайце малако для падтрымання лактацыі.
  • Пры неабходнасці сцэджвайце крыху малака перад кармленнем, каб яно не выцякала дзіцяці ў рот занадта хутка.
  • Калі дзіця адмаўляецца ад грудзей, карміце яго сцэджаным малаком з чайнай лыжкі, кубка ці шпрыца.
  • Давайце дзіцяці сваё малако, пакуль яно не стане асацыіраваць кармленне з пачуццём задавальнення.
  • Пазбягайце сосак ад бутэлечак і пустышак, пры неабходнасці карміце дзіця з кубка.
  • Карміць грудзьмі трэба ў адзіноце, у спакойнай абстаноўцы , каб нічога не адцягвала ўвагу.
  • Пачатку кармлення павінны папярэднічаць абдымкі.
  • Не выкарыстоўвайце парфумаваныя крэмы ці дэзадаранты.

Калі вы не можаце вырашыць праблему адмаўлення дзіцяці ад грудзей самастойна, звярніцеся па дапамогу да спецыяліста ў сваёй паліклініцы, кансультанта па грудным выкормліванні або да спецыяліста арганізацыі аховы здароўя, якая адпавядае статусу «Бальніца, добразычлівая да дзіцяці». Калі вам здаецца, што дзіця нездаровае, млявае ці хворае, пакажыце яго педыятру.